Выбрать главу
ПАЭМА МОРА
1 Што будзем рабіць з табой, мая змора? Да мора! Адкуль жураўліная гэта пакора? Да мора! Душа захацела марскога прастору... Да мора! Лета прайшло, а другое не скора... Да мора! Сябры і сям'яне, не трэба дакору! Да мора! Як быццам там іншыя шчасце і гора... Да мора!
2 Выйду на бераг рана, маленна скажу ў цішы: «Павей, абвей, марана, марана, мой твар асвяжы.
Другія павевы і ветры на ім пакідалі свой след. Абвей, каб зноў быў светлы, быў свежы шмат зім і лет.
Марана, я чую твой подых, лёгкі, як дотык у сне...» Марана ідзе па водах і ў твар ціха вее мне.
3 Шумела мора за акном... Яно было спакойным зранку, ды зашумела перад сном — як быццам пела калыханку: «Спі, чалавеча, спі, засні. Ты спіш заўсёды ноччу цёмнай, пасля штодзённай мітусні, пасля сваёй турботы дзённай. А мне — шумець,
і я шумлю, насуперак усякім зморам. Мне — кідаць хвалю на зямлю, мне — кідаць выклік ціхім зорам. Спі, чалавеча, спі, засні. Ты тут часовы, чалавеча. Аднойчы ты заснеш зусім. А мне — шумець, шумець мне вечна. Шумець і ноччу мне і днём, шумець зімою мне і летам». Шумела мора за акном. Спаў моцна чалавек, і гэты чалавек — быў я...
4 Якое было яно? (Хаця не сказалi «мора», ды ясна было ўсё адно, што мы пра мора гаворым.)
Якое мора было? Не гуло, не раўло яно раз'юшаным зверам, зыбалася ў рытме мерным — было міласэрным.
Якое мора было? На гэты раз не гняло, змрочна не бушавала, не гнала цёмнага вала — мілавала.
Якое мора было? Ззяла, як серабро. Хвалі не дыбіла, гальку не драбіла — любіла.
Якое мора было? Шчодра дарыла цяпло, горача ўздыхала, на ўлонні сваім калыхала — кахала.
5 Адсыпаюся ў белай пасцелі. А купаюся ў Чорным моры. Ажываюць зноў сілы ў целе. Аджывае душа на прасторы. Гэта здорава, проста здорава! Шчыра ўдзячны табе, прырода, што табою мне мора падорана — за мой клопат зямны ўзнагарода. Гэта здорава — рана прачнуцца і шчасліва ўсміхнуцца: мора! Збегчы ўніз, на хаду распрануцца, на бягу ад зямлі адштурхнуцца, акунуцца, усміхнуцца: мора! І паплыць як далей ад сушы, і забыцца на бераг цэлы... Ты ратуй, мора, нашы душы! Ты гартуй, мора, нашы целы!
6 Шчаслівы ты быў і быў нешчаслівы... Прылівы-адлівы, адлівы-прылівы. Цвярозы разлік і жывыя парывы... Прылівы-адлівы, адлівы-прылівы. Надзея, твае зелянеюць зноў нівы... Прылівы-адлівы Прыходзім-адходзім, наш поступ імклівы... Адлівы-прылівы «І будзеце зноў вы, раз ёсць, раз былі вы...» Прылівы-адлівы «Зноў шэпт паўтарыцца, гарачы, гуллівы.. Прылівы-адлівы, адлівы-прылівы.