* * *
Бачу я: нехта некага любіць.
Гэта іх справа,
гэта іх права.
Бачу я: нехта некага губіць.
Тут і мая ўжо справа.
ТАМ ДОМА, У ВЁСЦЫ
Перайманне народнага
Раслося там мяце,
раслося там руце...
А ў маёй маці
балелі грудзі.
Раслося там руце,
раслося там мяце...
Рукі і ногі
балелі ў маці.
Балелі рукі
ад працы, ад мукі.
Балелі ногі
ад доўгай дарогі.
Ад чаго, людзі,
балелі грудзі?
* * *
Цётка плакала па ўсім свеце...
Былі ў цёткі муж і дзеці.
Іх забрала ў цёткі вайна,
засталася цётка адна.
Вылівала цётка душу,
цётка плакала па мужу,
цётка плакала па дзецях,
цётка плакала па людзях...
Па ўсіх раненых і забітых,
незабытых і забытых,
па ўсіх, хто ў палоне-няволі,
па ўсіх, хто замярзае ў полі,
па ўсіх тых, каму не салодка,
горка плакала цётка.
Цётка свету ўсяму спагадала,
яго раны лячыла аддана.
Які б вылечыў іх урач,
каб не цётчын спагадлівы плач?
Цётка плакала па ўсім свеце...
Пахавалі цётку суседзі,
пахавала цётку сяло,
бо радні ў яе не было.
Былі колісь муж i дзеці,
ды загінулі на вайне...
Цётка плакала па ўсім свеце,
а па цётцы хто плакаў ці не?
РАСКАЗ НАПЯРЭДАДНІ ЛЕТА
Памяці былой партызанкі,
актрысы С. I. Белянёвай
— Праходзьце. Сядайце...
Чым вас частаваць?
Курыць, можа, будзеце?
Вось цыгарэты.
Ці, можа, лепш чаю згатаваць?..
(Маленькі пакойчык.
На сценах партрэты,
кадры, дзе ў розных ролях яна.)
— А я вось сяджу адна ля акна
і ўспамінаю чамусьці блакаду.
Помню: такой вось парой якраз
немцы загналі ў балота нас,
нашу сувораўскую брыгаду.
Па купінах поўзаем, вязнем у дрыгве,
прысмак вады балотнай у роце.
Калі самалёт зноў зараве —
крычыць дзяўчынка нечая: «Цё-ё-ця-я!»
Выйшлі з балотнага пекла таго.
Выйшлі ўсё-ткі...
Пасля ўсяго
раем здалося сухое ўзлессе.
Над полем звініць жаўрукова песня.
Вай!.. Жыві i не памірай.
Жывое жывым, мёртвае мёртвым...
Такі быў апошні ваенны май.
Гэта было ў сорак чацвёртым.
Ды каб расказ быў болей звязным,
скажу, як стала салдаткай лясной...
Я іграла перад вайной
у слуцкім тэатры калгасна-саўгасным.
Быў добры тэатр. Быў добры час.
Валам валіў народ да нас.
Паставілі многа розных п'ес.
Ігралі і «Машаньку», i «Булычова».
Помню, нібы было гэта ўчора:
цвіў на слуцкіх вулачках баз,
недзе ўжо перад самай вайной
я йграла ў «Любові Яравой».
Вайна пачалася. Прыйшла вайна.
І я тут сказала сабе: «Стася!
адна ў цябе роля засталася —
змагацца з ворагам, толькі адна!»
Спачатку была я сувязной,
а потым стала салдаткай лясной.
Праўда, калі з'явілася ў лесе,
той-сёй гаварыў: «Што ёй тут рабіць?
Гэта ж не іграць на сцэне, у п'есе,
а ваяваць, а ворага біць...»
Знаць не хацелі імя майго.
«Артыстка» — назвалі мяне клічкай.
Ды потым, убачыўшы, што да чаго,
звалі і Стасенькай, і сястрычкай.
Або ўспамін пра карабін —
вясёлы і сумны мой успамін...
Спачатку далі вінтоўку мне:
«Раз прыйшла — няхай ваюе».
На вайне як на вайне.
З вінтоўкай той на пасту стаю я.
Міма ішоў камісар якраз.
Смяецца: «Ого, салдат які бравы!
Дзе вы вінтоўку такую бралі?
Яна ж удвая даўжэй за вас.
Зброя вам яўна не па плячы.
Трэба нешта рабіць, Белянёва.
Здаецца, магу вам памагчы, —
ёсць у мяне карабінка новая...»
Так я займела карабін
(такі ў атрадзе быў адзін).
Яго берагла раўніва,
ні кроку без карабіна,
Мы з ім неразлучныя былі
і ў цішыні лясной, і ў баі.
Помню, выпадак быў такі.
Мы ноччу трапілі на засаду.
Бягу паведаміць атраду.
Паліцаі і немцы ззаду,
а наперадзе, бачу, ваўкі:
блішчаць зялёныя аганькі.
Мурашкі па целе,
мароз па спіне.
Вось дык трапіла я ў логава —
чацвёраногае і двухногае!
Але карабін не падвёў мяне...
Калі ж канчаўся ваенны наш лес
i мы, партызаны, здавалі зброю,
глядзела на карабін з тугою,
было мне шкада яго да слёз...
Ды што я ўсё пра вайну гавару.
Вясна вунь ідзе,
а за ёю лета.
Хутка будзе цёпла і светла.
Люблю я летнюю пару.
Адагравае мяне яна
ад той ваеннай сцюжы і слоты,
ад памяці той, ад адзіноты.
Як бачыце, я жыву адна...
Мы развіталіся, пайшлі.
Нас на двары сустрэў адвячорак —
час самай перш а й цішыні,
час самых першых агнёў і зорак.
Мы аглянуліся — і яе
зноў убачылі ў акне.
Мы памахалі ёй рукой,
раз і другі, і значыла гэта,
што ёй спагадаем
спагадай людской,
што ёй жадаем
светлага лета.