Выбрать главу
IX АПОШНЯЯ ВОЛЯ

«Жывіце дружна» — гэтыя словы часта сустракаюцца ў апошніх пісьмах М. Сурначова, якія паэт пісаў сваім родным незадоўга да таго, як загінуў у 1944 годзе пад Берлінам.

«У апошні час пішу вам... Калі я быў да каго несправядлівым, даруйце мне. Дарагія, беражыце сябе, не крыўдзіце адзін другога...» — пісаў перад смерцю з фашысцкай турмы гомельскі падпольшчык Ц. Барадзін.

Вось наша воля апошняя, наш запаветны наказ... Мір — гэта самае большае, чаго б мы хацелі ад вас.
Мы лад ваш зямны спакойны сніць будзем у вечным сне. Былі сусветныя войны, сусветнага міру — не.
Варожасць — самае горшае у свеце людскім пачуццё. Дружыце! — І будзе прыгожае, харошае ваша жыццё.
Вы паўшымі даражыце. Ды першая ўвага — жывым. Адзін аднаго беражыце, дружыце адзін з адным.
Вы нам не шкадуйце сумотных, журботных пачуццяў сваіх. Ды лепшая памяць аб мёртвых — ваша любоў да жывых.
ПАРАЎНАННЕ
Гэта — як музыка за сцяной. Хочаш не хочаш, а ты яе чуеш. Ты з ёю хвалюешся і сумуеш. Ды ўсё-такі не лічыш яе сваёй, бо музыка тая за сцяной.
Там хтосьці іграе, хтосьці пяе, там, за сцяной, весяліцца хтосьці. Ты ж толькі сведка той весялосці, і музыкі той табе не стае.
Там некаму справы няма да цябе, там сваёй музыкай заняты,
там свае будні і свае святы. I нейкая кошка па сэрцы скрабе...
Здавалася б, што табе да яе, да музыкі той? Ды вось круцяць пласцінку, і ты адгукаешся нейкай часцінкай, і музыкі той табе не стае.
Гэта — як музыка за сцяной: ты чуеш яе, ды не лічыш сваёй.
3
АДЛУЧЭННЕ ТАЛСТОГА АД ЦАРКВЫ
Талстога адлучаюць ад царквы, ад веры праваслаўнай адлучаюць. Анафему Талстому абвяшчаюць цар свецкі і царкоўныя царкі. Як снежныя абвалы з гор, грымяць у саборах гнеўна пратадз'яканы. «Будзь прокляты!..» — выводзяць як яны! «Анафема!» — уторыць слепа хор. Стараюцца, гразяць папы бясслаўем, забыццём, геенай вечнай і апускаюць уніз свечы... Не выкрывай, не падрывай стаўпы! Другім пяём мы: «Многая лета...» Тым, хто і знае і маўчыць. А гэтага ерэтыка, бунтаўшчыка адпетага мы праклінаем!.. З ім адна бяда. «Анафема... Анафема... Анафема». Якія пісьмы піша цёмны люд! «Не точию сугубо и трегубо, но многогубо» праклінаюць тут. І зневажаюць, пагражаюць груба: «Анафема ты... Чорт стары... Будзь прокляты... Ты здохнеш па-сабачы.. Згнаім цябе ў турме, у манастыры!.. А не — прымусім — замаўчыш іначай!..» Пасылачку з намыленай пятлёй любоўна нехта графу шле па пошце. Натоўп сустрэў яго на плошчы — і ледзь не збіў, ледзь не змяшаў з зямлёй., Анафеме аддадзены Талстой. І ўсё па той жа, усё па той прычыне: няма прарока ў сваёй айчыне. Тым болей — на Русі святой. Ці, можа, усё-ткі ёсць ён на Русі? Скрозь цемру прабіваюцца іскрынкі. Скрозь строй пагроз, праклёнаў і хлусні ідуць другія пісьмы і пасылкі. «Ёсць бог на свеце... Дзякуй вам, браты». Талстой бярэ сухімі пальцамі той падарунак, што зрабілі ў Мальцаве, на шкле зялёным надпіс залаты: «Леў Мікалаевіч! Вы падзялілі лёс усіх тых, хто ў сваю эпоху высока званне чалавека нёс і хто ішоў за праўду на галгофу. Няхай, як хочуць, адлучаюць Вас, — ад нас Вас не адлучаць фарысеі. Як не адлучаць ад усёй Расеі. Мы любім Вас. Мы з вамі ў гэты час...» Было шмат добрых пісем i раней, а гэта... І святлее твар Талстога, і вочы, што глядзелі ўнутр строга, на свет глядзяць зноў з-пад цяжкіх брывей. «Ёсць бог, я вам кажу. І гэты бог — не фіміям, не мошчы, не іконы, і ўжо, канечне, не праклёны у адрас тых, хто праўду ўбачыць змог, Не, гэты бог зусім другі, браты, — дух ісціны, любві і дабраты. Не я, сінод, кашчунствую, а ты, калі цалуеш напаказ іконы, калі прытворна б'еш свае паклоны. Я ж веру сэрцам, веру сапраўды. Не выгадзе служу я, а дабру, хоць і ў мяне ёсць дом, сям'я i дзеці. Шаную ісціну я больш за ўсё на свеце і з ёй спакойна, радасна памру...»