Выбрать главу
У здрадзе ёсць злая воля, злая наўмыснасць ёсць. А гэта — як лес, як доля, як няпрошаны госць.
Прыходзіць і бурыць парадак. І ў сэрцы тваім пустата... Любая, гэта — не здрада, любая, гэта — бяда.
* * *
Пакуль не было цябе, мая думка — дзікая птушка — кідалася непрыкаяна, не ведала, куды ляцець, у які бок свету падацца. А цяпер яна ведае свой шлях, ведае сваё месца. Яна ўсё ляціць і ляціць да цябе, як ляцяць птушкі ў вырай, і мірна дзяўбе свае салодкія зярняты з тваёй мяккай, цёплай далонькі. Пакуль не было цябе, маё пачуццё — дурненькае цялё — хадзіла непрыкаяна па выгане, не ведаючы свайго месца, не ведаючы сваёй травы. А цяпер яно ўсё ходзіць вакол цябе, як ходзіць на прывязі цяля, і спакойна шчыпле сваю салодкую травіцу з твайго шчодрага, сакавітага лугу. Дзякуй табе!
* * *
Мужчына. Жанчына. Чаканне. Шуканне. Блуканне. Час. Жанчына. Мужчына. Спатканне Вітанне. Пытанне. Адказ. Мужчына. Жанчына. Дыханне. Сэрцабіццё. Забыццё. Жанчына. Мужчына. Каханне. Мужчына. Жанчына. Жыццё.

«ЧАС ПЕРШЫХ ЗОРАК» (1976)

* * *
Ты кажаш, хлопчык, што ў цябе
такое адчуванне, бы навокал адна пустыня, мёртвая пустыня? Цярпення набярыся, сцісні зубы і пастарайся позірку вярнуць ранейшыя зямныя фарбы. І ты ўбачыш, як праз нейкі час аазіс вырасце ў тваёй пустыні, зазелянее сцежка, i на ёй жанчына раптам з'явіцца другая.. І ты ўбачыш потым, што яна не горшая зусім за тую, здавалася якая самай лепшай, якая, хочучы таго ці не, ператварыла сад твой у пустыню..
* * *
А ты ідзі, брат, чынна, — так. раіў мудры грэк, — а ты ідзі як мужчына, ідзі як чалавек. Справа будзе вораг, злева будуць сябры, — а ты ідзі, бо дораг табе твой шлях зямны. Будуць пагрозы, парады, — не вельмі напружвай слых. Будуць знаходкі і страты, — спыняйся толькі на міг. Бо ўсё гэта не прычына, каб дальніх не бачыць вех... І ты ідзі як мужчына, ідзі як чалавек.
* * *
Сёння было мне горка. Сёння бачыў я, як згарала зорка. Я падумаў: чыя?
Ззяла на зорным небе яна шмат лет і зім, і ўсім было з ёй лепей, святлей было ўсім.
І сёння было мне горка, калі ўбачыў я, што згарэла зорка. І я не думаў: чыя?
ПОЕЗД СПРАВЯДЛІВАСЦІ
Поезд справядлівасці часта спазняецца. Ці таму, што дзесьці падоўгу спыняецца? Ці яго стрымоўваюць ветры і ліўні? Ці ён проста ходзіць па няўдалай лініі? Ці, можа, чакае недзе поезд стрэчны? Ці тут вінаваты ўсё той жа стрэлачнік? Спіць сабе, марудзіць, калі куля мігам знішчае Лумумбу, суд вяршыць над Кінгам. А можа, другія якія прычыны? Поезд справядлівасці! Што робіцца ў Чылі? Поезд, дзе ты, поезд? Хіба пакараны забойцы Альендэ, каты Карвалана? Ён такі ўжо, поезд. Паўзе чарапахаю. Як цягнуўся колісь поезд Чарапанавых. I, вядома, спозніцца пры такім вось ходзе — то на паўмінуты, то на паўстагоддзе... Я стаю на станцыі, я білет трымаю. Семафор зялёны насцеж адкрываю. Я з тых пасажыраў, хто ў асаблівасці чакае той поезд, поезд справядлівасці. Хто ім проста трызніць, для каго ён — шчасце. Хто сябе гатовы шпалаю пакласці пад поезд жаданы — абы толькі йшоў ён, абы явай быў ён, не марай дзяшовай... Шаноўны дзяжурны! Дарагі дыспетчар! Зрабіце, каб поезд рухаўся бяспечна. Вы агледзьце рэйкі, вы падсыпце гравійку. Поезд справядлівасці хай ідзе па графіку!
ТРЫ ПРЫТЧЫ