Выбрать главу
Сціснуўшы моўчкі зубы, — толькі б застацца людзьмі! — варожыя амбразуры закрывалі грудзьмі. I гэта быў як выдых вашай гарачай любві. Гэта быў як выбух разгневанай крыві. Гэта было гарэнне — дашчэнту i датла. Гэта было празарэнне, была перамога святла.

Песні з п'есы-казкі «СКАЖЫ СВАЁ ІМЯ, САЛДАТ»

БЫЛО ІМЯ Ў САЛДАТА
Радзіўся салдат, як ты і я, як іншыя ўсе дзеці. Маці салдату дала імя — самае лепшае ў свеце.
Калі салдат быў хлапчуком — было імя ў салдата. Калі салдат быў юнаком — было імя ў салдата.
Кахаў салдат дзяўчыну адну — было імя ў салдата. Калі салдат ішоў на вайну — было імя ў салдата.
Аддаў салдат вайне ўсё, што мелася ў салдата, — аддаў імя, аддаў жыццё... Такі ўжо лёс салдата.
Няма ў салдата больш імя з часіны той ваеннай. Маем імёны ты і я, а ён, салдат, безыменны.
Аддаў салдат усё вайне і не прыйшоў дадому. Ведаюць нас — цябе, мяне, а ён, салдат, — Невядомы.
ДВА ПОЛІ
Было ў салдата два полі, поле, дзе кветкі ірваў, бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён ваяваў.
Ціха было і чыста ў полі яго дзяцінства, былі агонь і дым на пол і ратным тым.
Два полі было ў салдата. Адно зелянела травой, другое было ўзарата вайной і паліта крывёй.
Было ў салдата два полі, поле, дзе кветкі ірваў, бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён паміраў.
ДЗЕНЬ ТОЙ НАДЫДЗЕ
Дзень той надыдзе, як свята, дзень той надыдзе, як свята, дзень той надыдзе, як свята, і стане святлей ад яго.
І нехта палюбіць салдата, і нехта палюбіць салдата, і нехта палюбіць салдата, як брата, як бацьку свайго.
Як брата, і нават болей, як бацьку, і нават болей, як бацьку, і нават болей. Любоў запануе тут.
Імем вялікай любові, імем вялікай любові, імем вялікай любові адбудзецца рантам цуд!
І хоць той салдат з метала, і хоць той салдат з метала, і хоць той салдат з метала, халоднага як зіма, ды сыдзе ён з п'едэстала, ды сыдзе ён з п'едэстала, ды сыдзе ён з п'едэстала і скажа сваё імя.
БАЛГАРЫІ
Балгарыя!.. Мацнее сэрца ўдар. Гляджу я ў твае вочы карыя, гляджу я на засмужаны твой твар... Любоўю сэрца поўніцца, Балгарыя!
Друг і другар... Калі ёсць друг, які вялікаю адлегласцю аддзелены, — вялікаю надзеяй абнадзеены ты на ўсе годы і на ўсе вякі.
Шыпшына й шыпка... Усё той жа цвет, калючая, з шыпамі, тая ж ружа, што на дарогах пацвярджала дружна агульнасць нашых радасцей i бед.
Зямля і земя... Корань тут адзін. Карэнні ўсё тыя ж, тыя ж сокі. Хоць сцелецца тут гладзь раўнін, а там узносіцца хрыбет высокі. Балгарыя!.. Мацнее сэрца ўдар. Друг i другар...
ДРАЎГІСТЭ

«Драўгістэ» — назва новай гасцініцы ў Вільнюсе, якая знаходзіцца побач з лесапаркам.

Дом твой — твае турботы. Ды ўцякаючы з дому, уцякаючы ад турбот сваіх, ты ведаў, што дома памагаюць i сцены. Ты ведаў, што на ўвагу чужых сцен, на дружбу і блізкасць з імі разлічваць асабліва не прыходзіцца. Ты ведаў з уласнага вопыту, як раўнадушна пазіраюць яны часам, як ганарацца моўчкі сваім адчужэннем. Ты ведаў гэтую розніцу паміж сваімі г чужымі сценамі... Але на гэты раз усё было інакш. На гэты раз я рабіў вельмі важнае, вельмі радаснае для сябе адкрыццё. Я нечакана адкрываў для сябе, што чужыя сцены таксама могуць набліжацца, страціўшы ўласцівую ім манеру пазіраць на цябе абыякава і маўкліва, што чужыя сцены могуць стаць раптам сваімі. Гэта адбылося так. Гэта адбылося раніцой. Гэта адбылося ў той момант, калі я выглянуў, прачнуўшыся, у акно і ўбачыў узыходзячае сонца, і ўбачыў, як яно палае, як яно гуляе ў вокнах дамоў, і ўбачыў дамы, новыя і светлыя, як само ранішняе сонца, і ўбачыў аблітыя сонцам сосны, новыя i светлыя, зноў-такі як само ранішняе сонца. Убачыў асветлены свет у акне. І ўбачыў тое ж святло па гэты бок акна. Toe святло было на сценах майго пакоя. Тым святлом напаўняўся ўвесь мой пакой. Тым святлом напаўнялася мая душа. Тым святлом напаўняўся ўвесь я і рабіўся такім жа новым і светлым, як само ранішняе сонца. І ўжо не было мяжы між тым светам і тым святлом, што па той бок акна, і тым светам і тым святлом, што па гэты бок акна, светам і святлом маёй душы. І ў душы маёй загучала музыка, загучалі ў душы маёй забытыя вершы. Загучалі «Вясновыя радасці» Данелайціса. Загучалі радкі Саламеі Нерыс, якія яна пісала, гледзячы на карціны Чурлёніса, і з'яўленне якіх так відавочна мне цяпер тлумачылася... «А ўсё ж скажы мне — што тут свеціць? Скажы, чаму так светла тут?.. І звоны клічуць зноў і зноў — любоў і радасць, радасць і любоў. О брат зямлі, будзь радасны і юны!» Я як ніколі лёгка адгукнуўся на той вясновы, той прызыўны звон. Я, брат зямлі, быў радасны і юны... Я глядзеў у акно. Я глядзеў па гэты бок акна, глядзеў на светлыя сцены, якія раптам сталі сваімі. І мне патрэбна было слова, якое змагло б хоць у нейкай меры выказаць мой стан, назваць тое святло, якое так шчодра напоўніла ўсю прастору, якое так цудадзейна зблізіла сцены, свае і чужыя. І я ўхапіўся за першае слова, за назву гасцініцы — «Драўгістэ». I я шаптаў, я паўтараў яго, як паўтараюць каханае імя. як паўтараюць магічнае слова, як паўтараюць запаветнае заклінанне... Потым ужо я спытаўся, што гэта слова значыць. Мне адказалі: «Дружба». I я ўзрадаваўся, як дзіця, яшчэ аднаму свайму адкрыццю і з радасцю падумаў, што карціна Чурлёніса і верш Саламеі Нерыс так і называюцца ў арыгінале — «Драўгістэ». Драўгістэ... Дружба... Светлае адзінства вясны, надзей і нас, людзей... «А ўсё ж скажы мне — што тут свеціць?..» «Любоў і радасць, радасць і любоў».