Выбрать главу
* * *
Не трэба больш старацца. Гэтай і скончым нотай: адзін мае рацыю, другі — адзіноту.
* * *
Ёсць людзі — добрыя сапраўды. І ёсць, што добрымі прытвараюцца. І ёсць, што добрымі быць стараюцца праходзяць школу дабраты. За ўрокам урок, за крокам крок... Нялёгка школа гэта даецца. Але яны далі зарок і стрымаюць яго, здаецца. За ўрокам урок, за класам клас... Падтрымаем іх старанне, іх упартае парыванне, пажадаем: «У добры час!»
* * *
Дзвярыма стукнулі напаследак... Я на гадзіннік глянуў якраз: не зорны, не судны, а сумны быў час памірання нервовых клетак.
* * *
Калі расстаемся мы з нечым, нам блізкім і дарагім, то як бы і не пярэчым, мірымся з лесам такім. Ці то гэта ў нас знікае уменне даражыць? Ці гэта цана такая за права па-новаму жыць?
ТУГА МЕТЭАРЫТА
Адвергла мяне неба. Зямля не прыняла. Ляжу на зямлі я нема. Чужая мне яна. І я для яе іншародны. Гляджу ў блакіт мне родны. Я перад ім у даўгу. Ды ўжо ўзляцець не магу...
* * *
Любоў нараджае не толькі дзяцей. Любоў нараджае не толькі надзеі. Любоў апрача дзяцей і надзей прыносіць сумненні і падзенні. Аддаўшы сябе сваёй сяўбе, свету явіўшы плады залатыя, самазнішчае яна сябе, і разам з ёю знішчаюцца тыя, хто яе носіць...
* * *
Пайшоў паслухаць — пачуў. Пайшоў паглядзець — убачыў. Пайшоў спазнаць — спазнаў. Вяртаўся з верай ва ўдачу...
* * *
Каханне ў дваццаць пяць моцна абдымаць.
Каханне ў трыццаць пяць целам усім палаць.
Каханне ў сорак пяць — кахаць або паміраць!
Якое каханне пазней? Трэба спытацца ў людзей.
* * *
Не знаходжу сябе ранейшага. Ківаю спакойна галавой, кажу разважна: «Усё да лепшага, усё да лепшага, дружа мой...» А ты прымаеш як належнае, а ты падзяляеш мой спакой і кажаш таксама: «Усё да лепшага, усё да лепшага, браце мой...»
* * *
Ветразь ёсць — плыві! Ёсць крылы — ляці да неба! Шчасце ёсць — жыві! Дрэнна жыць — ганебна...
ПЫТАННЕ
А што, маглі б абысціся, не зважаўшы — разысціся, ці ўзважыўшы — размінуцца, і нават не аглянуцца, і нават жыць прыпяваючы, жыць, дабро нажываючы? Маглі б?
ЖАНОЧАЯ ГОРДАСЦЬ
Ёсць звон ручая, ёсць свежасць рос, ёсць веліч вяршыні горнай. І ёсць яшчэ адно з дзівос, гэта — жаночая гордасць.
Яна — не прыхамаць, не капрыз, не д'ябальская забава. Глянуць адчужана зверху ўніз — святое жаночае права.
Ёсць нешта ў ёй ад rop i зор. Ды ўсё-ткі зямны яшчэ болей позірк яе, яе дакор — аснова зямной любові.
Ёсць ветра бег, ёсць каханне наспех, смех, грубы ў сваёй прыроднасці... Самы вялікі мужчынскі наш грэх — грэх супраць жаночай гордасці.
* * *
Ты кажаш, сяброў усё менш і менш? Гаворыш аб гэтым, як аб драме? Ды горшае — гэта сціранне меж паміж непрыяцелямі і сябрамі.
* * *
Загадка з загадак, дзіва з дзівос, ты — не выпадак, ты — лес. Загадка з загадак, дзіва з дзівос... Пяшчота твая — як дар нябёс. І ліцца ёй не ручаём, не словам святлом вясновым...