Выбрать главу
ЦЁМНАЯ СІЛА ЗАЙЗДРАСЦІ

Ад зайздрасці становіцца касым.

А. П. Чэхаў. Запісныя кніжкі
Адзін акасеў, другі аблысеў, а трэцяга так бяруць зайздрошчы, што ператварыўся фізічна ў мошчы, a духоўна зусім сапсеў.
АДНАМУ ЗНАЁМАМУ
Нічога, што блытаеш гунаў з готамі, а готаў блытаеш з гугенотамі, а трыгладзітаў — з паліглотамі... Toe, што ты — не эрудзіт, яшчэ не значыць, што ты — трыгладзіт. Не будзе для свету вялікім ударам, калі станеш блытаць катарсіс з катарам, Сезана — з сезамам, а «макра» з «мікра»... Ну будзе трохі і смешна, і прыкра. Замест «парытэта» сказаў «піетэт»? Перажыве і гэта свет. Не будзе і ў тым вялікага грэху, калі назавеш Эдзіту П'еху, скажам, замест Піяф Эдзіт... Нічога, што ты — не эрудзіт. Нічога, калі нават кортыеў орган зблытаеш з гордзіевым вузлом. Хоць блытаць іх і не варта наогул... Ды грэшна блытаць дабро са злом, як кажуць, божы дар з яешняй. Такое — нясмешна...
ПРАЦЭС ВЫДАЛЕННЯ АЛКАГОЛЮ
Працэс выдалення алкаголю ідзе марудна, трудна, паволі, ідзе ён з болем, са стогнам, са скрыпам, з клятвенным хрыпам, з нявінным усхліпам, ідзе ў цяжкім роздуме, у адчаі, ідзе з дапамогай кавы i чаю, вады мінеральнай, сыраквашы, белага мякішу, маннай кашы, валідолу, касторкі, настойкі... Добра, што маем хоць сродкаў столькі, каб спрыяць выхаду алкаголю. Працэс гэты — сімвал зямной юдолі. Што за напасць гэта, што за няшчасце, відаць асабліва па кантрасце з уваходам таго ж алкаголю... У тэмпе чокнецца застолле: «Пайшлі! Паехалі! Памчалі!» Выпілі дружна, залпам, адчайна! Тут жа цяпло разлілося па целе. Атрымалі — што хацелі...
* * *

Дурняў не сеюць і не жнуць, самі нараджаюцца.

Народная прыказка
Значыць, не трэба тут ні ўгнаенне, ні структурны, культурны слой? Значыць, працягваюць дурні род свой па спосабу самаапладнення?
СВЯТА НА БАБРОВЫХ ТОНЯХ

Як паведамілі работнікі запаведніка, удасканалена пастка для лоўлі баброў. Дзякуючы гэтаму каштоўнаму вынаходніцтву працэс лоўлі стаў больш зручным як для паляўнічага, так і для самога звярка.

З газетнай заметкі
Сёння не плача ўжо бабёр, не пралівае слёзы зацята. На тонях бабровых сёння свята. Весела ў пастку бабёр папёр... Што значыць, словам, НТР! Здаволены і лавец, і звер.
ПАСЛУХАЕМ І ДРУГІ БОК
Калі прадстаўнік зеленгаса ацэньвае работу садоўніка і гаворыць, як добра пастрыжаны газоны і як выдатна выглядаюць абсечаныя кусты, калі ён разам з садоўнікам выказвае ў сувязі з гэтым глыбокае задавальненне, — то застаецца без увагі яшчэ адзін голас, застаецца нявыслуханым яшчэ адзін бок: гэта — сама трава, гэта — самі кусты. Можа, варта было б пацікавіцца, як адчуваюць і яны сябе таксама, ці могуць яны ў сваю чаргу выказаць такое ж задавальненне. Калі нам падносяць рыбную страву і мы пачынаем яе хваліць, пачынаем гаварыць, якая яна, рыба, свежая, якая яна салодкая, як мала ў ёй касцей і як многа, відаць, фосфару, — калі мы, словам, пачынаем прызнавацца смая-санай рыбе ў тым, як яна нам падабаецца, — то застаецца ўсё ж не высветленым яшчэ адно пытанне a ці падабаемся мы рыбе?