Выбрать главу
КОЛЬКІ ЛЕТ, КОЛЬКІ ЗІМ!

Паэма надвор'я

з метэаралагічнымі звесткамі,

гістарычнымі экскурсамі

i лірыка-псіхалагічнымі эцюдамі

Уступ
ШТОДЗЁННАЯ АКЛІМАТЫЗАЦЫЯ
Святлее ў акне палоска зары. Сінее ранне ў аконнай раме. Якая зара? Якое ранне? Якое надвор'е на двары?
(Надвор'е, выходзіць, ад слова «двор»? Што на тары — тое ўзгор'е, а што на двары — тое надвор'е, і там — то ціша, то дождж, то віхор.)
«Якое надвор'е?» — як жэст абуджэння. Ледзьве з падушкі ўзніму галаву — гэтым пытаннем ужо жыву, з яго пачынаю свой новы дзень я.
Якое надвор'е, сіноптык, скажы? Як многа адказ твой азначае! — Прадвырашае лес ураджаю, прадвызначае настрой душы.
Пытанне з пытанняў. Надзея з надзей. Якое надвор'е — такі і дзень. Пытанне старое, сівое, як свет. Пытанню таму колькі зім і лет? Старое, як свет, як дзень, яно новае. Як новая гэта палоска пунсовая. Старое, як свет, і вечна новае.
Як новае гэта сонца вясновае. Старое, як свет, і вечна новае. Як новае гэта лета ліпнёвае.
Пытанне старое, адказ не стары: надвор'е новае на двары. Пытанне старое, як паданне, і вечна новае пытанне. Якое надвор'е на двары? Метэастанцыя, гавары!
Якое надвор'е на двары? Якое надвор'е на панадворку? Якое надвор'е па той бок пагорку? Па той бок Атлантыкі, у Нью-Йорку? Якія там сёння веюць вятры?
Якое надвор'е на двары? І там, у бары, і там, на гары, і там, за барамі, за гарамі, і там, за даламі, за марамі? Там сёння ціха ці веюць вятры? І там, дзе край неба, там, дзе край света — там хмарна ці светла? Якое надвор'е на двары? Дзень пачынаем гэтым пытаннем. Метэазвесткі, як дары, прымаем з душэўным трапятаннем.
«Чакаецца вецер, будзе ветрана...» Тут жа прымаем да ведама. «Надвор'е цёплае зменіцца сіверам...» Збіраемся з сіламі. «Ападкі чакаюцца...» Што за ападкі? Душа аж у пяткі. «Пройдуць дажджы...» Дождж ціха пастуквае. Збіраемся з думкамі. «Днём будзе бязвоблачна, будзе ясна...» Святлеем з мясцовасцю адначасна. Якое надвор'е на двары? Якія вецер, дождж і сонца? Спытайся, яшчэ раз паўтары і будзь гатовым акліматызоўвацца. Акліматызацыя — не эпізод, не тое, што звязваем з міграцыяй. Ідзе штодзень, штотыдзень, штогод, вечна ідзе акліматызацыя.
Як ні чапляйся за статус-кво, як ні лянуйся знацца, змяняцца, надвор'е стукне ў акно: «Працягваецца акліматызацыя!» Калі разлічваеш сіл запас, звяраеш іх з планамі, справамі, прадамі, не забывай улічваць штораз закон штодзённай акліматызацыі. Ён свой падатак бярэ ў нас, ад нас вымагае сілы і час.
Ідзе лінянне, змяненне кары, ідзе абнаўленне — з вяршка да кораня... Якое надвор'е на двары? Сіноптык, скажы, якое надвор'е? «Якое надвор'е?» — надзея з надзей. «Якое надвор'е?» — падзея з падзей. «Якое надвор'е?» — пытанне, з якога пачынаецца шлях-дарога. Пытанне, якім пачаліся калісьці пошукі земляў, законаў, ісцін.