Не помнім, не ведаем сапраўды,
i нам сапраўды ўсё роўна,
якое надвор'е было тады —
пагодна было ці сурова?
Затое скрозь час нам добра відно,
праз зімы і леты нам памятна,
як чалавечае сэрца адно
адкрылася шчыра і праведна.
І здрыганулася ўсё як ёсць,
пакутай людской працятае,
спагадай прасякнутае наскрозь —
да чалавека як брата.
Няважна, ці летам было ці зімой,
пагодна было ці хмарна,
ды ўспыхнула сэрца над зямлёй
ярка і самаахвярна.
І урок той мы помнім,
нам не ўсё адно,
якія былі запаветы.
Нам ведаць дае аб сабе іх святло —
як зоры, як зімы, як леты.
ВЕТРАНА, ВЕТРАНА...
Ветрана, ветрана...
Ветрана з самага рання.
Вецер яшчэ на дасвецці
крануў ціха струны свае,
эолаву арфу сваю...
Пяе сам і сам іграе,
струну за струной кранае,
іграе і сам пяе.
Ветрана, ветрана...
Ранак змяніўся поўднем.
А вецер не сціх, не суняўся,
заняўся на ўвесь абсяг.
А вецер пад небам паўднёвым
імкне ходам поўным,
а вецер з абсягу ў абсяг
імчыцца на ўсіх парусах.
Ветрана, ветрана...
Ветрана з ранку да вечара.
Вячэрняя зорка ўзышла,
а вецер гудзе i гудзе.
Усё абвявае —
ад дробнай расінкі да зорнага рэчыва.
Усё абдымае —
ідзе па зары, па зямлі, па вадзе.
Ветрана, ветрана...
Стаміліся дрэвы i птушкі,
стомлены дзень на зыходзе,
а ў ветру ўсё той жа імпэт...
Ірвуцца фіранкі ўслед,
галосяць услед яму юшкі,
ляцяць услед стужкі,
і коміны трубяць услед.
Ветрана, ветрана...
Колькі вятроў намі зведана!
Тых, што сустракалі лагодна,
і тых, што піхалі ў спіну,
што білі ў грудзі шалёна...
Ветрана, ветрана!
Тых, што на ніву вялі,
i тых, што вялі на вайну.
Ветрана, ветрана...
«Вецер на ўсім свеце белым».
Вецер шукае ахвяр,
вецер прыносіць дары.
Ветрана, ветрана...
Робіцца мне зразумелым,
чаму караблі ўсё-ткі топіць
не мора, але вятры.
«О, вецер, вецер!» —
было і трывожна, і ветрана.
«О, вецер, вятрыска!» —
лямант ірваўся з грудзей.
Ружа вятроў
праходзіць праз сэрца паэтава.
Ружа вятроў
праходзіць праз лёсы людзей.
Ветрана, ветрана...
Ветрана з самага ранку.
Ветрана з ранішняй
і да вячэрняй зары.
Вецер кранае струну,
вецер ірве фіранку,
вецер шукае ахвяр,
вецер прыносіць дары.
Ветрана, ветрана...
Эцюд трэці
БАЧУ Ў АКНЕ Я...
Бачу ў акне я снег і смерч,
бачу ў акне я непагадзь зімнюю.
Стала трывожна за ўвесь свет,
а перш за ўсё — за сваю любімую.
Як яна, што яна ў гэты час,
калі на свеце лютуе стыхія,
калі нехта стыне, калі нехта гіне,
калі падзяляе адлегласць нас!
Бачу я ў цемрадзі прасвет,
бачу чародку галубіную.
Стала мне радасна за ўвесь свет,
а больш за ўсё — за сваю любімую.
ЛЕТА 1965 ГОДА
Няхай будзе пагодачка,
хай спорыцца работачка.
Маці яшчэ была жывая.
Маці яшчэ збіралася жыць...
Шчыруе, запашвае, зажынае,
ледзь-ледзь адпачне і зноў бяжыць.
І ўсё глядзіць з-пад рукі ўгору,
І ўсё чакае, чакае дажджу.
Гляджу таксама ўгору з дакорам,
таксама на неба з надзеяй гляджу.
Схіляюся з маці над ссохлым цветам,
які на бульбяным полі знайшоў.
І тут я хачу быць не паэтам,
не нейкім іншым аўтарытэтам,
а заклінальнікам дажджоў.
І я шапчу, заклінаю хмару:
«Не будзь за гарой,
не хадзі стараной,
ідзі да маці маёй старой!
Быць сляпой табе не да твару...»
Маці пра лёс ураджаю дбала.
Ды хмара недзе міма плыла...
Апроч дажджу, яшчэ не хапала
тым летам летняга цяпла.
Маці казала: «Што гэта за лета,
калі не сагрэешся як след?
Бачыла шмат я зім і лет,
ды нешта няўцям мне надвор'е гэта...»
Маці на лета спадзявалася.
А лета зрывалася,
не ўдавалася.
Ішло яно неяк наўскасяк.
Вецер круціў і так, і сяк.
Быў ён засушлівы і халодны,
быў недародны, быў бясплодны,
быў той з вятроў, які не нёс
ні ліўняў, ні цяпла, ні рос.
Маці за лета турбавалася.
Маці хацела, каб лета было.
Ды лета ўсё не адбывалася —
як быццам некаму назло.
А скора на лад асенні шумела
рана пажоўклае лісцё.
I доўга шчымела, доўга шчымела
лета няздзейсненага пачуццё...