Выбрать главу
(яна ж Жыгуліна Фіатаўна). Сабралі карты, блакноты... Што яшчэ было трэба, што трэба было яшчэ ўзяць у такую дарогу? Помню, у нейкай сувязі я нагадаў Андрэю, што маці не раз мне казала, калі збірала ў дарогу: «Запас не чыніць бяды». Андрэй паўтарыў тыя словы і дадаў у адказ, што амаль такое ж чуў ён ад сваёй маці, якая казала яму: «Зімою без тарбічкі, а летам без аблічкі (без торбы і вопраткі, значыць) з дому не выходзь...» Так прыгадаўшы матак, балгарскую і беларускую, нібы бласлаўленне ўзяўшы, крануліся ўрэшце мы. Мы рушылі на ўсход, да Чорнага мора, да Варны (пад Варнаю вёсачка Яварава, дзе нарадзіўся Андрэй). Мы ехалі. па зямлі, якая была для друга роднай, а для мяне яшчэ была тэра інкогніта, ды ўжо адкрывалася мне. Андрэй дзяліўся са мной усім, што меў на радзіме. Дзяліўся сінім небам, зялёнымі горнымі схіламі. водарам руж у даліне, мясцінамі гістарычнымі, лавандавымі плантацыямі, помнікамі i крыніцамі (яны ў Балгарыі разам), дзіцячымі ўспамінамі, садамі i вінаграднікамі, песнямі гайдуцкімі, вёскамі i гарадамі, пяскамі залатымі, зорамі балканскімі, мілагучнымі трэлямі варненскіх салаўёў... Дзяліўся ўсім, што меў ён на сваёй радзіме. («Ты будзь як магнітафон, ты толькі слухай, запісвай, а я расказваць буду, паказваць буду табе...») Дзяліўся ўсім, што меў. І абяцанай чарэшняй, што якраз падаспела да нашага падарожжа. Калі прытамляў крыху рух, зганялі наўзбоч машыну, а самі лезлі на дрэвы (Андрэй тут паказваў прыклад), і такім натуральным, такім першабытным чынам мы здабывалі чарэшню, свежую, сакавітую, елі ўдосталь, усмак. (Нямала ёсць пераваг у тым птушыным спосабе здабывання ежы.) Добра падмацаваўшыся, заадно — наталіўшы смагу, заадно — крыху адпачыўшы (вось што такое чарэшня, калі есці проста з дрэва!), ехалі мы далей... Андрэй дзяліўся ўсім, што толькі меў на радзіме.
А меў нямала ён. Калі праязджалі праз вёску з назвай такой славянскай — Жытарава (ад «жыта»), ён мне з усмешкай сказаў: «Толькі ў гэтай вёсцы Ў мяне не менш як паўсотні стрыечных дзядзькоў i цётак, стрыечных братоў i сясцёр...» Ехалі мы далей. Андрэй з усмешкай той жа i крыху больш шматзначнай сказаў: «У наступнай вёсцы зробім маленькі прыпынак, і я цябе пазнаёмлю з дзядзькам сваім адным. З усёй сваёй раднёю, як ты ўжо здагадаўся, я не змагу пазнаёміць пры ўсім маім жаданні. Ды з гэтым сваім дзядзькам, з кавалём i вінаградарам, з цёзкам сваім Андрэем, з Германавым Андрэем, хачу пазнаёміць цябе...» Германаў, той, што дзядзька, сустрэў нас каля хаты, новай, дагледжанай, чыстай (не хата, а заглядзенне!), павёў у хату нас, гасцінна паставіў чарэшань (так, гэта былі зноў яны!): «Частуйцеся на здароўе». І тут жа спытаўся ў мяне, з пляменнікам любым сваім па-змоўніцку пераглянуўшыся: — Ну, як Балгарыя наша? Відаць, спадабалася вам? — Ці спадабалася? Дзіва што! Яшчэ б ды не спадабацца! — пачаў я з захапленнем. — Такі цудоўны край! Такі разнастайны, багаты! Чаго ў вас толькі няма! У вас i горы, i долы, і вінаград, i чарэшня... — І ёсць усе поры года! — узяў падхапіў нечакана Германаў, той, што старэйшы, і, глянуўшы зноў на пляменніка, у тым жа тоне дадаў: — Ёсць усе поры года, усе чатыры сезоны: зіма, вясна, лета, восень... Я тут крыху апешыў ад такой павароткі тэмы. Збянтэжана глянуў на сябра: «Давай выручай, калега!» На дзядзьку глядзеў запытальна: «Жартуе ён ці ўсур'ёз?» А той з усмешкай гуллівай глядзеў на нас з Андрэем: якое, маўляў, уражанне робіць яго «дасведчанасць», робяць словы яго? Трэба было мне змірыцца з тым, што ў сваім захапленні узяў я занадта высока, што трэба збавіць пафас хаця б на паўтона ніжэй. — Ну так, — працягваў я, падладжваючыся пад жартоўны, пад гуллівы тон балгарына, з якім, як я зразумеў, трымаць трэба вуха востра. — Ну так, усё ў вас ёсць, ёсць усе поры года. Узяць вось, напрыклад, лета. Слаўнае лета ў вас... — І слаўная будзе восень, — працягваў гульню сваю дзядзька, мы маем у наяўнасці чатыры выдатных пары. — Усе чатыры сезоны, — не вытрымаў i пляменнік, — у нас як мае быць! — І усе чатыры вятры дзьмуць у вас паўнацэнна? — працягваў я далей. — Ну так, ну так, вядома... Вятры ў нас проста на славу. — Вятры, i сонца, i дождж... — I, значыць, круглы год вам ёсць чым ганарыцца? Ёсць радавацца чаму? — Так, так, i мы гатовы па-братняму з вамі дзяліцца багаццем усім сваім, як гэтаю чарэшняй... Так жартавалі мы ў вясковай балгарскай хаце, чыстай такой, такой светлай, гасціннай i мудрай такой. Так я гасцяваў на зямлі сябра свайго Андрэя, так я адкрываў яе людзей, прыроду, надвор'е... Прыгадваў я потым не раз той жарт старэйшага Германава і думаў аб тым, што ён наўрад ці хацеў пакепліваць з майго адкрыцця Балгарыі, з турысцкага ззяння майго. Не меў ён і намеру рабіць мне, госцю, праверку на здольнасць валодаць гумарам, які назіраў я там скрозь. Калі я не памыляюся, тлумачыцца ўсё прасцей. Вуснамі дзядзькі паэта, каваля і вінаградара, смяяліся, гаварылі сялянская прастадушнасць, душэўнае тое здароўе, адна з умоў якога — чуццё прыроды роднай, глыбокая злітнасць з ёй. Ну, і, вядома, быў гумар, што так уласцівы балгарам (стагоддзі турэцкага рабства не дасягнулі свайго!). Ну i, вядома, была любоў да роднай краіны, і да яе прыроды, і да пагоды яе. І я з сваёй Беларусі, то снежнай, то зялёнай, то сонечнай, то дажджлівай, багатай таксама на ўсё, — сардэчнае шлю прывітанне маім сябрам балгарскім, двум Германавым Андрэям, пляменніку і дзядзьку, пісьменніку і кавалю. Жадаю ім, каб спорна, каб добра, каб паўнацэнна змяняліся поры года, каб ім у жыцці спрыялі усе чатыры сезоны, усе чатыры вятры!