Выбрать главу
З паведамлення Гідраметэацэнтра
Як сведка падзеі удакладняю дату я: было гэта ў ноч з восьмага на дзевятае. Зблытаць ніяк не магу, бо сведчыць тут смела памяць тым ліўнем да костак прамытага цела. Зрэшты, таму i кажу, таму гэты верш i пішу я, што знаць дае памяць да ніткі прамоклай кашулі... Было гэта так. Вяртаўся з гасцей я дадому. Стаў раптам накрапваць дождж. З ветрам, але без грому. Аўтобус ужо не хадзіў, таксі ніяк не траплялася. Затое нябесная прорва ўсё больш і больш раскрывалася, І вось ён пайшоў, і вось гэты лівень пачаўся! Якое «пайшоў» там! Як з бочкі паліўся, памчаўся!.. «Пасля хоць патоп!» Не думаў кароль пра патомка. Сюды б яго ў гэты паток, яго, самадура, падонка! Так першую злосць сарваў я на гора-манарху, калі ўжо лівень наскрозь пранізваў маю апранаху. А потым, калі я, мокры ўжо зверху данізу, хаваўся пад нейкім дзіравым, як сіта, карнізам; а потым, калі ўжо ачуньваў ад стадыі шокавай, апёршыся локцем на згіб трубы вадасцёкавай; а потым, калі ўжо пад плёскат i гул вывяржэння вярталася здольнасць думаць, прымаць рашэнне, — другую ўжо злосць зрываў на ўласнай асобе я: «Яно так і лепш, што трапіць пад лівень собіла! Так, значыць, і трэба табе! Так, значыць, табе і трэба! Так, так, прымі гэты душ, прымі гэты ліўневы цэбар! Ты маеш дах i ачаг, вось i сядзі там у непагадзь i не хадзі па начах, не лезь пад адкрытае неба хоць! Тым больш — у пару навальніц, калі можа лівень ліць тым больш — пры такой пагодзе, такі, што адзін на стагоддзе. Разважней назаўтра ў акне ці ў лоджыі дыхаць азонам... Наогул не лезь на ражон, а лепш трымайся рэзону! Правілы больш паважай i меней рабі памылак! Болей табе б такіх, як гэта, галавамыек!..» Мерка жыцця ўсё ж: «Ёсць ці няма што ўспомніць?» Помняцца лівень той і тая мая самасповедзь. Успамінаю з усмешкаю сёння аб той прыгодзе: «Не затрымайся ў гасцях — праспаў бы лівень стагоддзя».
Эцюд шосты
СОНЦА ПАКЛІКАЛА!

За акном — вясновае сіняе неба. І ў нейкі момант узнікла такое адчуванне, што не проста хацеў пайсці, а што паклікала сонца.

Запіс у дзённіку ад 6 красавіка 1976 года
З раніцы дома не сядзелася, з раніцы ўсё ў акно глядзелася, туды, дзе займалася святло. А са святлом чаканне расло.
Такое было адчуванне, як быццам нешта павінна вось-вось адбыцца, як быццам вось-вось збудзецца цуд, — толькі па той бок акна, а не тут.
Яшчэ адчуванне было такое, што нечы кліч не дае спакою, што нехта кліча раз-параз і трэба адклікнуцца ў адказ.
Вызваліў я акно ад шторы — і ўбачыў я сонечныя прасторы, і ўбачыў я сонца само ў акне... Клікала, значыць, сонца мяне!
Планета з планет, са свяціл свяціла, сонца з'яўленне сваё абвясціла! Сонца мяняла зямны наш настрой! Выходзіў я ў сонечны прастор...
Думкі адкідваў я паніклыя — сонца паклікала! Білася ў сэрцы радасць вялікая — сонца паклікала! Дзень свой лічыў па новаму ліку я — сонца паклікала! Сонца паклікала, запрасіла, дзялілася светлай сваёй сілай! Сонца паклікала, знак падало... Свята святла! Свята святло!
СОН ПАД ШУМ ЗІМОВАГА ДАЖДЖУ

Ідзе дождж (у студзені!). Б'е, барабаніць па вокнах. Усё змясцілася, змяшалася ў прыродзе.

Запіс у дзённіку ад 6 студзеня 1975 года

Што за акном? Неба шэрае, густа абкладзенае хмарамі. Цяпла ўсё няма i няма — як быццам яго дасць потым зіма.

Запіс у дзённіку ад 16 чэрвеня 1976 года
Не край залатога руна, не востраў скарбаў і дзіваў, — снілася мне старана, падобная на радзіму.