Выбрать главу
Там рэк малочных няма, няма берагоў кісельных. Ды там зіма як зіма, там лета — без хмар асенніх.
Зімой там — гул завей ды ценьканне сініцы, а летам там — журавель, ды сонца, ды суніцы.
Што лепей — сініца ў руцэ ці журавель у небе? — я не рашаў у сне. Усё, што ў пару сваю, — лепей.
Луналі таму нада мной іншыя шчасця прыкметы: бялее снег зімой, квітнее квецень летам...
Экскурс шосты
СТУДЗЕНЬ 1924 ГОДА СМЕРЦЬ ЛЕНІНА

— Марозіць усё больш і больш...

— Цяжка капаць яму магілу...

— Ільіч не хоча ісці ў зямлю.

В. Д. Бонч-Бруевіч. Пахаванне Уладзіміра Ільіча
Магчыма, што так яно i было. Як пры жыцці не прымаў ён зло, так не прымаў ён, мёртвы, холад зямлі мёрзлай, зімовай зямлі немату, слепату... Птушкі мёрзнуць на ляту. Кастры на плошчы паляць... Вечная памяць!
Магчыма, што так яно i было. Як Праметэй, ён нёс цяпло, ён узнімаў, як светач, над зямлёй чалавечнасць. Хацеў ён ад цемры, ад слепаты, ад той спрадвечнай мерзлаты зямлю адагрэць, адтаяць... Вечная памяць!
Лютуюць сцюжа i замець... Вечная памяць!
Магчыма, што так яно i было. У ГОЭЛРО, як у дабро, як у новае сонца, ён верыў шчыра і моцна. Кінулі выклік прырода і лес. Але ўжо ні смерць і ні мароз той веры зямлю не пазбавяць... Вечная памяць! Кастры на плошчы паляць... Вечная памяць!
ПЕРАД СВЯТАМ ПАЭЗІІ Ў ВЯЗЫНЦЫ
У нейкі жыццёвы міг,
на нейкай вярсце жыццёвай прыслухаўся я, прыціх, і ўлавіў мой слых ціхі шэпт раніцовы. Шапталіся вецер з дажджом, шапталіся хмара з зямлёю, шапталіся дождж з лісцём... І нехта шаптаўся са мною. І ўжо не слыхам — душой адчуў я, што пошум той дзіўны — не проста вецер з імжой, а голас самой Радзімы. Прыйшла і шаптала: «Мой сын! Была я, я ёсць і буду! Буду да вечных часін явай тваёй, тваім цудам. Нішто не падзеліць нас. У нас шлях і лёс адзіны...» У гэты ранішні час усё было — ад Радзімы. І след дажджу на акне, і першая чырвань рабіны — усё было — ад Яе, усё было — ад Радзімы. І вецер, што ціха пяе, і жыта разліў неабдымны — усё было — ад Яе, усё было — ад Радзімы. Наяве было, як у сне, усё ў гэта ранне летняе... Усё было — запаветнае, усё было — ад Яе. Я ёй падбіраў імя, шаптаў я ў душэўным уздыме: «Госпадзі, Гаспадыня, Святыня, Маці мая...» Калі выбіраўся я ў шлях, было святочна і ясна. Радзімы ўвесь абсяг бачыўся мне выразна...
Эцюд сёмы
ТРЫ ДНІ ЗБІРАЎСЯ ДОЖДЖ...
Тры дні збіраўся дождж... Дзе парасон і плашч! Тры дні збіраўся дождж. Згушчаліся аблокі. Тры дні збіраўся дождж... Тры дні збіраўся плач. І вось, нібы сігнал, гром прагрымеў далёкі. Тры дні збіраўся гром там, недзе ў вышыні. Тры дні збіраўся боль тут, у глыбіннай нетры. I вось раздаўся гул ў трывожнай цішыні. I развітальны звон разліўся ў паветры. Час надышоў, калі гаворым мы «бывай», калі гаворым штось, а словы мала значаць, калі замала рук — як ты ні абдымай, калі як ні глядзі — а вочы мала бачаць. Кашчунна гаварыць, калі той гук — пусты. Кашчунна абдымаць, калі ўтрымаць не ў стане. Кашчунна бачыць, як бяссільны бачыць ты, як на тваіх вачах збываецца расстанне. Кашчунна жыць, калі мы не жывём, a снім, ўслед позіркам глядзім такім бездапаможным, калі з уласным сэрцам, са шчасцем са сваім мы крута гэтак абысціся можам...
Тры дні збіраўся плач. Тры дні ці тры гады? Згушчаўся камячок, падкотваўся да горла. Ішоў дождж з году ў год, быў плач гады ў рады. Ты горкі той камяк насіў маўкліва, горда... Тры дні збіраўся дождж. Збіраўся плач тры дні. I вось світальны гул, i звон той развітальны, i дождж, што з вышыні, i плач, што з глыбіні, зліліся ўраз ў празрыстасці крыштальнай. Зліліся гром i боль, зліліся дождж i плач... Акно не зачыняй, хай дождж ідзе, як хоча, хай дождж ідзе ў пакой... Што парасон i плашч! Ды дзверы зачыні, ключ павярні ў ix двойчы. Ключ двойчы павярні. Застанься толькі сам. Не той выпадак, дзе патрэбны сведкі. І волю плачу дай, дай выліцца слязам. Не часта плач да нас прыходзіць гэткі. Ён — дар, як дар любві, дар радасных удач... Хай барабаніць дождж, па шыбах хай сцякае. А ты паплач, паплач, а ты паплач, паплач, а ты паплач, паплач, нагода раз такая... А ты паплач, паплач, а ты паплач, паплач, раз хочацца плакаць — паплач...