Выбрать главу
НЕБА І ЗЯМЛЯ

...і Джордж увайшоў у пакой.

— На вуліцы дождж, — прамармытаў ён.

— Гэта дрэнна, — сказаў Кенэдзі спрасонку. Ён мінуту падумаў, а потым цяжка ўздыхнуў.

І ў гэты дзень — забойства Лінкальна —

таксама ішоў дождж.

Як сказаў спікер палаты прадстаўнікоў Джон Макормак, «яны былі звалены громам з яснага неба».

Ул. Манчэсцер. Забойства прэзідэнта Кенэдзі
Знаку нябеснага не было. Нічога воблака не прадвяшчала, апроч таго, што яно плыло і дажджавыя кроплі змяшчала.
Знаку нябеснага не было. Не мела злога намеру хмара. Зямное дзейнічала зло, i злу патрэбна была ахвяра.
Знаку нябеснага не было. Не спела ў хмары боская кара. Зямное дзейнічала зло, выбірала мішэнь для ўдара.
І вось была выбрана мішэнь. Удаўся ён розумам i ростам — куды прыкметней i вышэй? Мішэнь была ідэальная проста.
Неба далёка было ад зямлі. І ўдарыў не гром з яснага неба. Грымнула стрэлам цёмная глеба. Глухая падкорка Освальда Лі раўкнула: «Плі!»
ПАЎДНЁВАЕ НАЗІРАННЕ
Гэта было ўчора ці пазаўчора было: пагода пайшла за мора, за горы сонца пайшло. Як быццам былі яны ў змове, мора з горнай градой, як быццам стала ўзмор'е ахвяраю змовы той. Ці быццам бы нас пакаралі, нас з марнасцю нашай людской... Сонца было за гарамі, пагода — за даллю марской. Занылі песімісты, як у вялікай бядзе: «Дзе ты, дзень прамяністы? Яснае сонца, ты дзе?» а ў аптыміста бадзёра свяцілася чало: «Пагода пайшла за мора, сонца за горы пайшло». Плач ахапіў узмор'е: «Адкуль пагоду чакаць? З мора чакаць надвор'я, што ветру ў полі шукаць». — «Зусім не чакаць яшчэ горай, — гучаў аптымістаў хор. — Прыйдзе пагода з-за мора, узыдзе сонца з-за гор!» Я моўчкі выходзіў на бераг. I ясна было адно мне, што можна ў пагоду верыць, a ў непагоду — не. Яшчэ сам сабе адзначыў: «Не бачу сур'ёзных нагод для вельмі вялікага плачу, для вельмі бадзёрых нот. Тым болей не нагода — непагодны час. Тым болей што пагода залежыць часам ад нас. Яшчэ што ад нас залежыць, дык гэта — быць сабой, дык гэта — захоўваць свежасць надзеі сваёй людской...»

I тут я ўступіў у палеміку з адным нашым вялікім сучаснікам, вядомым вучоным, які сказаў:«Калі гутарка ідзе пра пагоду або гульню ў латарэю, то тут надзея не паможа... А калі мець на ўвазе палітыку, узаемаадносіны людзей, то тут мы павінны спадзявацца. Калі ў чалавека ёсць надзея, то ён паводзіць сябе так, каб гэтую надзею ажыццявіць». Я адказваў: «Нават калі гутарка ідзе пра пагоду, надзея мае сэнс. I ў такім выпадку чалавек, які не траціць надзеі, застаецца ўсё адно ў выйгрышы — з ім была i ў яго ёсць надзея, ён багацейшы за таго, у каго яе няма, i яму ёсць чым падзяліцца з іншымі...»

Экскурс дзевяты
ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ
Дзевятае мая. Сонца гуляе. Сонца гуляе. Даль веснавая. Даль веснавая. Радасць жывая. Радасць і сонца. Сонца і ціша. Бачна: галінку ветрык калыша.
Чутна: вярнулася птушка з выраю, песню спявае сваю ціхамірную. Звісаюць з нябёс да ўлоння зямнога плады залатыя жыцця... Перамога!
Перамаглі: гармонія — тлум, добрая воля — гвалт і глум, святло — карычневую чуму, вясна — зіму.
Заключны эцюд
ЗАКЛЮЧНЫ ТОСТ
За ваша здароўе, за росквіт парываў i сіл! За ваша надвор'е — каб светлы быў ваш небасхіл! За ваша здароўе — здаровыя цела i дух! За ваша надвор'е — каб ваш не спыняла рух! За ваша здароўе — за стойкасць i жывасць душы! За ваша надвор'е — за цёплыя вашы дажджы! За ваша здароўе, за вашу любоў i красу! За ваша надвор'е, за новую вашу вясну! За ваша здароўе, што робіць надвор'е падчас! За ваша надвор'е, што робіць здаровымі вас! За ваша здароўе, за ваша надвор'е, сябры! За лес двухадзіны, за лес наш адзіны, зямны!