Выбрать главу
ВЯСЕЛЬНЫ ГУСЬ
Сучасная амерыканская песенька
ў вольным перакладзе
Паслухай, Том, паслухай, Том, ты любіш сваю Лолу? Ты дорыш ёй сто тысяч тон трынітраталуолу? Сто тысяч тон, сто тысяч тон трынітраталуолу! Не нейкі там грашовы чэк або камплект пасцельны... Запомню, любы Том, навек падарак твой вясельны. Мае падушкі — без вагі, гасцінец мой — пуховы. А твой, а твой зусім другі: шматтонны, выбуховы. Не знаю толькі, як мне быць з дабром, што прываліла? А можа, фарш з яго зрабіць? Вось гэта будзе сіла! Начынім фаршам тым гуся, яшчэ належным чынам нафаршыруем парася, яшчэ пірог начынім. Хай ад закусак гнецца стол, згінаецца да долу!.. Сто тысяч тон, сто тысяч тон трынітраталуолу! Я ўяўляю, мілы Том, як гэта усё будзе. Гасцей збярэцца цэлы дом, збярэцца мнагалюддзе. Я беласнежная уся, а ты ўвесь чорна-белы... Садзімся ўсе вакол гуся, сядзім, пакуль ён цэлы. Ды хтось бярэцца ўжо за нож, прымерыўся... Не, Томі! Занадта страшна гэта ўсё ж! —
Ні нас, ні сцен, ні столі! Тваю фантазію цаню, размах твой незвычайны. Ды пашкадуй любоў маю, пярсцёнак свой вянчальны. Паслухай, Том, паслухай, Том! Прыходзіць думка ў голаў, чым замяніць сто тысяч тон
трынітраталуолу... Сто тысяч тон, сто тысяч тон трынітраталуолу! Тол больш не ў модзе, не ў цане. Замест той мегатоннай, лепш, Томі, адары мяне ты бомбачкай нейтроннай. Яе гатовы ўсе хваліць. З ёй, Том, не будзе страшна. Яна нас ціха спапяліць, нас i вяселле наша. Вось будзе здорава — ха-ха! Спаліў агонь пякельны гасцей, нявесту, жаніха, ды цэлы гусь вясельны. Смерць тая — як вада з гуся. Мы мёртвыя, ён цэлы. Я беласнежная уся, а ты ўвесь чорна-белы... Яшчэ больш страшна, любы Том! Ты чуеш сваю Лолу? Вазьму я лепш сто тысяч тон трынітраталуолу. Сто тысяч тон, сто тысяч тон трынітраталуолу!
«ХАЧУ ЖЫЦЬ МАРУДНА..»
Старога фільма кадры... Зялёны воз паўзе. Абняўшы свой воз пакаты, фермер песню пяе.
Воз то робіць крэн, то зноў плыве, як судна. Фермерскай песні рэфрэн: «Хачу жыць марудна».
Паціху скрыпіце, колы, пакрыху тупай, мой конь, травінка, пяткі паколвай, былінка, лашчы скронь.
Хачу, каб міг самы дробны пражыць i заўважыць, каб жыцця залатыя кроплі — кап-кап-кап...
Сусед на аўтамабіле памчаўся кудысьці ў свет, памчаўся ў дыме і пыле... Куды так спяшыш, сусед?
Ты ж ведаеш, сказана мудра: там добра, няма дзе нас. Сусед, пабудзь марудам, сусед, збаў крыху газ.
Калышацца конская грыва... Мне з маёй цёплай травы, мне з воза відаць асабліва. Куды леціцё так вы? Як з гары, як з абрыва! Як на злом галавы!
Амерыка, што з тваім людам? Куды так бяжыць, спяшыць? Хачу быць марудам, марудна хачу жыць!
УЗОРЫ ГАНДЛЁВАЙ ТЭЛЕРЭКЛАМЫ
Ты — мой лёс, ты — мая зорка, ю а май ста... Дзеля цябе скокну з маста на віду ўсяго Нью-Йорка. Цешуся тварыкам тваім мілым. Ды быў бы мілей ён і цікавей, калі б ты мылася іншым мылам — фірмы «Камэй».
* — Вам не шанцуе, міс, у каханні? — Вы хочаце быць шчаслівай, мэм? Тут сродак адзін: ужывайце крэм «Рэўлон кампані».
* Джон, я ўчора была з другім... Не, я сустрэла не супермэна, не, ён зусім не шэрыф Макена. Ды ён быў апрануты адменна, быў незвычайны гальштук на ім. Джок, я гатова цябе любіць, быць вернай табе да дамавіны. Але для гэтага ты павінны гальштук якраз такі купіць. Хочаш, сама ў магазін пазваню. Купім — зноў вернем згоду і мір мы. (А на экране — назва фірмы, адрас на Лексінгтон-авеню, паштучная, парная цана, гальштук той фірмы, ён і яна.)