Выбрать главу
* * *
Пасля летняга поўдня, пад вечар, калі ўціхлі дрэвы і вецер, перад тым, як ляцець на спачын, птушка песню сваю запела, птушка пела лёгка і смела, птушка пела вось аб чым... Як яна вярталася ўвесну да свайго саду, свайго лесу, як яна гняздо віла, як яна на яйках сядзела, як яна птушанят глядзела, выпускала ў свет з-пад крыла, як яны, увабраўшыся ў пер'е, з вышыні махаюць цяпер ёй, як займае яе ix гульня, — як яна сваю справу любіла, як усё, што трэба, зрабіла, як зрабіла усё, што магла. Пела птушка складна i ладна, пела птушка безаглядна. Пра сябе, пра сваё птушаня. Пела птушка пра ўсё пра гэта, пела птушка ў канцы лета, ў канцы ціхага летняга дня.
1969
«ГАBАРЫ CA МНОЙ ЛАСКАВА...»
Я не помню ужо, што сказалі мы ёй, нашай Лесі-гарэзе, дачцэ і сястрычцы сваёй. Можа, крыўднае нешта пачула ад брата, можа, ён і прыкрыкнуў грубавата, калі брала яна замест цукару соль. Можа быць, я сказаў: «Не даруй, не сваволь!» Помню толькі: на тварыку ўспыхнула краска.
Помню толькі: яна паглядзела на нас. І сказала мне ціха: «Гавары са мной ласкава... Гавары са мной ласкава...» І заплакала ўраз. І заплакала горка. Салёныя слёзы глытала. Кулачком расцірала па мурзатай шчацэ. Стаў я голас зніжаць, суцішаць яе стаў, ды няўдала. «Гавары са мной ласкава», — паўтарала яшчэ і яшчэ. «Ну, не плач, наш Лісёнак, мы ж гаворым з табою ласкава. Ну, не плач, ну, прабач! Хочаш, я адшукаю твой мяч? Хочаш, дом намалюю, раскажу табе казку я? Гавару з табой ласкава... Ну, не плач, ну, прабач!» «Не, не так ты гаворыш, — яна паўтара настойліва. — Ты гаворыш не ласкава...» Так расчуліла крыўда яе, так расстроіла, так настроіла, што яна пачала выліваць усе крыўды свае. Прыгадала яна, як сварылася няня, прыгадала яна, як зняважыла Таня, прыгадала, як Вова з ясельнай групы быў з ёй грубы. Прыгадала, як некалі ў лесе, на дачы, куды летам вывозілі садзік дзіцячы, хтось сказаў: «Адыдзі ад акна». (Што тут мела на ўвазе яна?) Прыгадала скрозь слёзы ў адчаі, як нейкія цёткі накрычалі на яе у суседнім двары... «Ты са мной ласкава гавары... Гавары са мной ласкава». Я запэўніваў Лесю, што ніколі не буду ні крычаць, ні грубіць, гаварыць буду ласкава, ветліва, весела, буду з Лесяй гуляць, буду Лесю любіць. Праясніўся нарэшце у Лесі тварык, усміхнулася Леся нарэшце мне. Зноўку сонейка выглянула з-за хмарак. Зноўку зайчык забегаў па сцяне... Доўга я не забуду той споведзі Лесінай. Колькі ў ёй было горкага пачуцця! Вось i ёй ужо, думаю, крыўды нанесены, i яна гэта знае на пятым годзе жыцця. I яна за правы свае паўстае. Пачуццё справядлівасці, годнасці ўласнай, мабыць, разам з жыццём нам прырода дае... «Гавары са мной ласкава, гавары са мной ласкава». 1969
ПАЎДНЁВАЕ ЎРАЖАННЕ
Самота гары. Гара самоты. Аднойчы, калі настане пара, прыйду да цябе, як прыходзяць сіроты, як да раўніны прыходзіць гаpa. Буду я рады нашай сустрэчы. І вострыя, згорбленыя ад бед я нахілю над табою плечы, так, як гара нахіляе хрыбет. Буду любіць я цябе раўніва, як ценем, пяшчотай цябе агарну. А ты мяне будзеш любіць, як раўніна любіць адзіную гаpy?