Выбрать главу

Але ж і стаяць вось так над безданню не выпадала. Ён жа, Лазар Богша, не які там вахлак, а божай міласцю паэт, рэжысёр і акцёр...

Ён паварочваўся паволі, як у замаруджанай здымцы. Рух толькі адчуваўся, але не быў бачны. Богшу зда­валася, што ён ніколі не зробіць таго паўабарота, каб убачыць Ефрасінню. Але яна ўзнікла перад ім, выплыўшы аднекуль з цемры, як выплывае на неба месяц-поўня. Твар яе быў асветлены нябачнымі промнямі. Богша бачыў яго выразна.

Дзіўна, Ефрасіння была падобна на актрысу як дзве кроплі вады. Гэтае знешняе падабенства ўзрадавала Богшу. Яму нават падумалася, што ў крэсле сядзіць актрыса, а не Ефрасіння. Думка цалкам завалодала ім. Яна ўрэшце нешта растлумачвала. Актрыса прыехала і адразу з цягніка прыйшла да яго на кватэру, бо ён даў ёй ключ. Пабачыўшы, што ён яшчэ спіць, актрыса не стала будзіць яго, села ў крэсла і заснула.

Ніякіх загадак. Нічога звышнатуральнага. Усё про­ста як божы дзень!

"Як жа яе завуць? — падумаў Богша. Імя актрысы, як на злосць, вылецела з галавы. — Старасць — не ра­дасць. Хутка забуду, як завуць уласную жонку".

Нагадак пра жонку адразу паставіў усё на сваё месца: ролю Ефрасінні выконвала ягоная жонка, Люба! Чорт ведае, што робіцца з ім апошнім часам! А ўсё гэ­тае тузанне з фільмам. Тут і здаровы чалавек можа з’ехаць з глузду. А ён хіба нездаровы? Толькі таму, што баліць галава? Ные сэрца? Дык калі не балела галава? Калі не ныла сэрца? Кіношнік заўсёды працуе на мяжы сваіх фізічных сіл...

Ён яшчэ раз глянуў на Ефрасінню і цяпер добра разгледзеў, што Люба ніколькі не падобна на яе. Тады, можа, і гэтая жанчына не Ефрасіння?

— Хто вы? — спытаўся ён дрыготкім — аж самому было агідна — голасам.

— Лазар Богша, — сказала жанчына, умольна склаўшы рукі на грудзях, — я Ефрасіння Полацкая. I дзеля ўсяго святога, не трэба са мной на "вы". Я прыйшла, каб засцерагчы цябе...

— Мяне? Засцерагчы?.. Ад чаго?..

— Ад самаўпэўненасці, — спакойна адказала Ефрасіння.

— Я не Кірыла Лыкавязаў, — заспрачаўся Богша. — У таго сапраўды самаўпэўненасці на дзесяцярых.

— Усе мы, Лазар Богша, хварэем на самаўпэўненасць, а таму ўвесь час спатыкаемся.

— Кірыла Лыкавязаў не спатыкаецца, хоць ён самаўпэўнены, — стаяў на сваім Лазар Богша.

— Гаворка не пра Кірылу Лыкавязава, а пра цябе.

— Табе проста, дужа лёгка разважаць на адвольныя тэмы, — з дакорам сказаў Богша. — Для цябе Кірыла Лыкавязаў такая ж абстракцыя, як для мяне епіскап полацкі дванаццатага стагоддзя. А для цябе епіскап полацкі — канкрэтны чалавек, зло, якое табе было не перамагчы.

— Епіскап полацкі зрабіў мяне святой, — сказала Ефрасіння, быццам Лазар Богша ведаў пра гэта, але забыўся.

— Ну, гэта ты дарэмна, — не паверыў Богша. — Хутчэй было наадварот. Ён так прыцясняў цябе, што ты вымушана была збегчы ў Візантыю.

— Нічога ты, Лазар Богша, не зразумеў, — уткну­ла Ефрасіння. — А ўсё таму, што лішне самаўпэўнены.

Богша не стаў спрачацца. Не варта губляць час на пустую палеміку. Хіба мала страчана яго на розных пасяджэннях, мастацкіх саветах, у прэзідыумах, на сходах, нарадах, "круглых сталах", сімпозіумах і яшчэ чортведама на якіх пасядзелках! Чвэрць жыцця — не менш! Годзе! Калі ўжо надарыўся выпадак, што да яго завітала сама Ефрасіння Полацкая, дык варта параспытаць у яе пра тое, што невядома не толькі яму, рэжысёру Ла­зару Богшу, але цэламу зборышчу гісторыкаў.

Лазар Богша сеў у крэсла насупраць Ефрасінні. Яму падумалася, што не зашкодзіла б зварыць каву, але ён успомніў пра бездань, якая зеўрала на месцы кухні. Кавы, на жаль, не заварыш. Не было і цыгарэт. Здаец­ца, у серванце стаяла бутэлька каньяку. Богша падышоў да серванта — той быў пусты. Ну вось, безалкагольнае і бестытунёвае жыццё, хоць станавіся прэзідэнтам адразу двух добраахвотных таварыстваў.

Усё гэта скіроўвала Богшу на ваяўніча-іранічны лад. А што рабіць чалавеку, які пазбаўлены ўсіх уцех адра­зу, калі не насміхацца над сабой ці над сваім блізкім?

— Цікава было б глянуць, як жа ў тыя гады рабілі святых? — насмешліва спытаўся Богша. — Пры жыцці ці пасля смерці?.. Пры жыцці, мне здаецца, рабіць ча­лавека святым вельмі небяспечна. Чалавек дужа слабы, каб вытрымаць выпрабаванне святасцю. Усе на яго моляцца. Кожнае, нават самае бязглуздае слова падхопліваецца тымі, хто верыць без аглядкі, і тымі, каму выгадна падхопліваць слова святога, хоць яны і не вераць у ягоную святасць.

— Не выскаляй зубы, Богша, — папрасіла Ефрасіння. — Чалавек паяўляецца ў жыцці на кароткае імгненне, як знічка ў небе, але след ягоны можа быць у мільён разоў ярчэйшы і даўжэйшы за след знічкі.