Адкрыццё гэтае вельмі здзівіла Богшу. Думаеш, ламаеш галаву, вынаходзіш складаныя рашэнні і формулы, а адказ ляжыць побач. Ён просты, нават банальны. Можа, некалі чалавецтва, падышоўшы да канца свайго існавання, раптам адкажа на вечнае і пакутлівае пытанне: дзеля чаго яно паявілася на зямлі?
Можа, ад думак, а можа, ад таго, што шар, у якім знаходзіўся Лазар Богша, круціўся з шалёнай хуткасцю, яго крыху блажыла. Ён падумаў, што такая вялікая хуткасць некалі можа разбурыць "чорную дзірку". Тады ён, Лазар Богша, вырвецца ў Сусвет, як бы народзіцца нанава. Але на зямлю ён, бадай, ужо ніколі не вернецца. Дык ці варта тады чакаць гэты выратавальны выбух? Для зямлі, сваёй краіны, горада, дзе жыў, кінастудыі, на якой працаваў, сям’і, у якой праводзіў час, ён памёр, знік з твару зямлі назаўсёды. Год, дзесяць, пяцьдзесят, хай нават сто гадоў, яго яшчэ будуць памятаць, а потым і памяць зарасце травой забыцця. Ды і ці мае гэта нейкі сэнс?.. Божа, які гэта няўстойлівы прывід — слава, прызнанне!
У гэтым безвыходным становішчы заставалася адно: змірыцца — самы непрымальны варыянт для сумленнага чалавека, творцы, партызана, які і ў фашысцкім лагеры смерці не змірыўся з гвалтам і асуджанасцю, змагаўся за сябе, за сваю чалавечую годнасць. Але там ён быў не адзін. Тут — нікога поплеч. Толькі сціснутае, спрасаванае гравітацыяй рэчыва, якое і назваць рэчывам было рызыкоўна.
Лазар Богша раптам з болем у сэрцы падумаў пра вязняў свету ўсіх часоў і народаў, якіх змяшчалі ў непрыступныя муры, у глухія камеры-адзіночкі, куды не пранікаў ніводны гук, апрача гуку крокаў турэмшчыка, на ўсё іхняе жыццё. Якая гэта жахлівая кара быць адлучаным ад сябе падобных.
I ўсё ж вязень меў хоць нейкае спадзяванне. У Богшы ніякіх надзей не было. Колькі будзе круціцца "чорная дзірка", столькі і ён будзе тырчаць у ёй. А калі яна і разваліцца. Што чакае яго?
"Гэта хана", — уголас падумаў Богша, успомніўшы тое, яшчэ даваеннае слоўца, якое азначала бясслаўны канец. Яно дужа дакладна вызначала ягонае становішча.
— Слухаю і вушам не веру: няўжо разумная істота? — раптам пачуўся чыйсьці басавіты голас, які, здалося, ішоў адразу з усіх бакоў, нібы гаварыў не адзін чалавек, а вялізны хор.
Богша, які так хацеў пачуць чалавечы голас, нечага спалохаўся. Яму стала страшна, як бывае страшна чалавеку, які паклікаў чорта, цвёрда верачы, што яго няма, а чорт тут як тут са сваім агідным абліччам. Але разам са страхам ажыла і кволая жаданая радасць. Выходзіць, ён, Богша, не адзін, хто трапіў у гэтую "чорную дзірку". Хай гэта будзе хоць чорт, хоць яшчэ якая поскудзь. Удвух яны нешта прыдумаюць, каб на злосць астраномам, астрафізікам, стваральнікам вар’яцкіх гіпотэз, якія нельга ні даказаць, ні абвергнуць, выбавіцца з гэтага небяспечнага цела, якое назвалі "чорнай дзіркай". Няўжо не маглі прыдумаць нейкую іншую назву? Фантазіі на розныя гіпотэзы хапіла, а на назву не засталося.
Злосць на вучоных вярнула Богшу развагу: а што, калі пачуты голас усяго толькі галюцынацыя?
— Хто ты? — спытаўся Богша, спадзеючыся, што ніхто яму не адкажа.
Аж не...
— Бог, — пачуўся ў адказ басавіты голас.
— Бог? — не паверыў Богша. — Не дуры галавы. Ты — міф, выдумка цёмных людзей...
— Табе не паложана сумнявацца, — пачулася ў адказ. — Ты абавязаны верыць... Усяму... Зразумеў?.. I наогул, хто ты такі, разумнік, і як са мной размаўляеш?..
Богша азірнуўся. На валуне сядзеў дзядок у белых портках і такой жа белай кашулі, з ядлоўцавым кійквм у руках, на які ён абапіраўся сівым клінам-бародкай. Гэта вельмі здзівіла Богшу.
— А як мне не засумнявацца, — адчуў упэўненасць і смеласць Богша. — Казалі, што ты волат, аж страшна на цябе глянуць. А ты як ліліпут ва ўзросце аднаго года.
— Усё адносна, — па-філасофску зазначыў бог. — Калі б ты мог глянуць на сябе, дык убачыў бы, што ты ростам такі ж малы, як электрон. Але якраз з гэтай самай прычыны ты не можаш сябе ўбачыць без электроннага мікраскопа. А глядзець на сябе праз мікраскоп, пагадзіся, яшчэ нікому не ўдавалася.
— Сапраўды, я не бачу сябе, — пагадзіўся Богша. — Тады адкажы мне на адно пытанне: хіба можна, каб чалавек не бачыў сябе?
— Усё на свеце падуладна богу, значыць, мне, — пахваліўся бог.
— Калі так, — узрадаваўся Богша, — дык вызвалі мяне з гэтай "чорнай дзіркі". У мяне фільм не здадзены, а на студыі план трашчыць... Людзі без прагрэсіўкі застануцца.