Бог няўцямна пазіраў на Богшу, нібы той гаварыў чорт ведае пра якія складаныя філасофскія праблемы.
Бог паклаў кіёк, правёў па твары рукамі, нібы мусульманін, які чыніць намаз.
— А ты, уласна кажучы, з якой галактыкі? — спытаўся ён з асцярогай. — Ці, можа, прыляцеў з антысусвету, які пачынаецца на адлегласці дзесяці ў саракавой ступені, узведзенай у куб, светавых год.
Цяпер ужо Богша заміргаў вачамі ад здзіўлення. Хто сядзіць перад ім? Калі бог, дык павінен жа ён ведаць, дзе жывуць людзі? А можа, гэта і не бог, а нейкі звар’яцелы тэарэтык. Дык жа і чокнутаму тэарэтыку павінна быць вядома, што такіх неўявіма вялікіх лічбаў у прыродзе не існуе.
"Ва ўсякім разе, — падумаў Богша, — трэба трымацца з насцярогай. Ляпнеш што-небудзь не так, і гэты "бог" сыграе з табой такое сола, што да канца свету не апамятаешся. Самае лепшае ў такіх выпадках гаварыць праўду. Калі і загінеш, дык за яе. А гэта і ганарова, і абнадзейвае".
— Я з Зямлі — планеты сонечнай сістэмы, — адказаў ён.
Бог са жвавасцю хлапчука ўскочыў з валуна, абабег вакол Богшы па вельмі выцягнутай эліпсавай арбіце.
— Няўжо з Зямлі? — спытаўся ён, пазіраючы на Богшу з цікавасцю і недаверам. — 3 той самай планеты, што круціцца вакол сонца па трэцяй ад яго арбіце? У яе яшчэ ёсць спадарожнік. Месяц, здаецца...
— Абсалютна дакладна, — пацвердзіў Богша.
— I што там у вас на Зямлі дзеецца? — ад нецярплівасці бог аж не мог устаяць на адным месцы.
Ягонае гэтае пытанне, такое натуральнае ва ўмовах зямнога быція, тут прагучала дурнавата. Усемагутны бог, які ўсё ведае, усё бачыць, сочыць за кожным чалавекам, недасведчаны, што робіцца на створанай ім Зямлі. Ну і кіраўнік! Забраўся ў "чорную дзірку" і не шманае...
Так бы і сказаць богу! Але Богша ў час успомніў, што ён, нейкім чынам, прадстаўнік слаўнага роду зямлян, а таму яму нельга паказваць сябе гэткім нявыхаваным тыпам. Стрымлівала і другое. Можа, бог правярае яго. Таму на богава пытанне ён адказаў стрымана, хоць і няпэўна:
— Нічога асаблівага не дзеецца. Жывём патроху.
Бог з недаверам глядзеў на Богшу, нібы на якую здань.
— I шмат вас такіх, як ты, на той зямлі?
— Ды недзе мільярды чатыры, — адказаў Богша.
— Не можа быць! — замахаў рукамі бог. — Хоць забі — не паверу!..
Цяпер Богша не сумняваўся, што перад ім не бог, а ліха ведае хто. Ён адчуў сваю перавагу над самазваным богам. Можна было трымацца з ім на роўнай назе.
— Паслухай, бог, — з уласцівай яму іроніяй загаварыў Богша, — у нас, на Зямлі, пра цябе такога наплялі. Што ты і ўсемагутны, і ўсёведаючы, і ў кожнага чалавека лічыш не толькі бачныя, але і нябачныня грахі. А ты!.. Глядзіш на мяне, нібы я зваліўся з Месяца.
— Плесці розныя небыліцы вы, мабыць, умееце, — сказаў бог. — Я гэтую вашу здольнасць заўважыў адразу. Хлусы, якіх не бачыў ні сусвет, ні антысусвет.
— Ну-ну, не вельмі выступай, — пакрыўдзіўся за сваіх аднапланецян Богша. — Калі хочаш ведаць, дык міфы і паданні — гэта народная творчасць на ранняй стадыі першабытнага грамадства. Чалавек прайшоў нялёгкі шлях свайго развіцця, і яму патрэбна была аддушына ў цяжкім жыцці. Ён і стварыў міфы пра цябе. Часам прыгожыя, часам страшныя...
— Вы што, авалодалі ўменнем сачыняць мастацкія творы?.. У вас ёсць інтэлектуальная культура?..
— А чаму ты здзіўляешся? — спытаўся Богша. — Усё ў нас ёсць...
— Ну і дзіва, — пачухаў галаву бог і сеў на валун, дастаў з-за пазухі капшук, насыпаў у піпку махры, прыкурыў, здаецца, ад маланкі, а можа, электрычнага разраду. — Справа ў тым, што і вас і ўсё на вашай гэтай планеце Зямля ствараў я сам...
— Не хлусі, — спыніў яго Богша. — Не хлапчук ужо, а вярзеш абы-што.
— Каб мне з гэтага месца не ўстаць, — пакляўся бог. — У мяне тады ўзнікла ідэя правесці адзін навуковы эксперымент. Датуль я таксама ствараў розныя абалонкі для змяшчэння ў іх розуму. То былі моцныя істоты, прыстасаваныя да самых экстрэмальных умоў. На жаль, яны не адпавядалі задуманым стандартам. А такія ўжо былі ў антысусвеце. Маім не хапала, я сказаў бы, разумнай гідкасці і гібкай кантактнасці, хоць ставала глыбіні і універсальнасці. Моцны розум і універсальнасць аказаліся таксама недахопам. Я пераспрабаваў шмат варыянтаў. Істоты з моцным розумам і абалонкай даводзілі цывілізацыі да апошняй мяжы пазнання. Але ў іх чагосьці не хапала. Гэта быў вельмі разважлівы і модны розум у вельмі дасканалай абалонцы. I толькі. Вось тады ў мяне і саспела задума паэксперыментаваць на біялагічнай аснове. Я прадбачыў, што эксперымент гэты дужа небяспечны, але спакуса была вялікая. Я не ўтрымаўся. Спачатку, вядома, аблюбаваў на краі адной галактыкі невялікую зоркавую сістэму з дзесяці планет...