— Чаму з дзесяці? — спытаўся Богша, зноў злавіўшы бога на тым, што ён не вельмі дакладна ведае тое, пра што гаворыць з такой упэўненасцю.
У Богшы зноў паявілася падазрэнне, што бог гэты нейкі прайдзісвет, які падрабіўся пад бога накшталт Грышкі Атрэп’ева, які вельмі праўдзіва іграў ролю царэвіча Дзімітрыя.
— А ты не перабівай, — грозна паглядзеў на яго бог. — Забыўся, з кім размаўляеш?
— А ты не брашы, — стаяў на сваім Богша.
Бог аж пляснуў у далоні.
— Я яго, можна сказаць, стварыў, а ён мне хаміць.
— Я не цярплю няпраўды, — аж крыкнуў Богша. — Надакучыла брахня. Наліха ты мне заліваеш, што планет у сонечнай сістэме дзесяць, калі іх усяго дзевяць?
— Май цярпенне даслухаць да канца, — супакоіў бог Богшу. — Ну і тэмперамент! Слова не скажы! Пазнаю тварэнне сваіх рук. Ніякай павагі да старэйшых. Гатовы таго, хто стварыў яго, узяць за бараду.
— Ну, годзе, давай сачыняй, — сказаў Богша.
— Во, гэта іншая справа, — узрадаваўся бог. — Дык слухай, што далей было. Стварыў я на той планеце жыццё. Ну, аддзяліў там ваду ад сушы, насяліў сушу звярамі, ваду — рыбамі, паветра — птушкамі. Гэта мне як плюнуць. Вопыт быў. Засадзіў глебу дрэвамі, засеяў травамі. Цяпер трэба было брацца за істоту, адпаведную маёй задуме. Ды тут да мяне нечакана з сяброўскім візітам завітаў самадзержац з антысусвету. Мы тады з ім канфліктавалі. Так што перагаворы меліся быць цяжкімі. Пачаліся банкеты, абеды, вячэры, прыёмы. Контакты памалу наладжваліся. А калі зусім наладзіліся, я і падзяліўся з ім сваёй задумай. Выслухаў ён мяне ды і кажа: "Нічога, бог, не выйдзе. Я і сам спрабаваў праводзіць доследы на біялагічнай аснове. Жах, што атрымалася! Валасы дыбарам становяцца. Хочаш знішчыць вынікі свайго доследу і не можаш. Я тады ўсю антыпланету ўзарваў. Праводзь, вядома, дослед, але на ўсякі выпадак падумай, як потым пазбавіцца ад створаных табой істот".
Тут я не стрымаўся, запярэчыў. Кажу, маўляў, у цябе, самадзержац, можа, дослед не ўдаўся. Потым ты не хочаш улічыць, што ў нас розныя сістэмы, розныя светапогляды, розныя падыходы да творчасці.
"Усё гэта так, — пагадзіўся самадзержац, — а толькі паслухай мяне і пастаў гэтай тваёй істоце абмежавальнікі розуму. Каб ён не адразу праяўляўся, а пакрысе. Інакш створаныя табой істоты гэтую планету разам з табой узарвуць. Я наглядзеуся на іхнія фокусы. Хопіць аднаго самаўпэўненага вар’ята, каб знішчыў і сябе і ўсю галактыку".
Я зноў запярэчыў. Кажу самадзержцу: калі так зрабіць, як ты кажаш, дык мая істота на планеце і года не пражыве. Умовы на ёй цяжкаватыя.
"А ты сваю гэтую істоту спачатку пасялі ў спецыяльнай выгарадцы, каб прывыкла да цяжкіх умоў. Потым, як расплодзіцца, выпусціш з выгарадкі і паглядзіш, што атрымалася", — параіў самадзержац.
Парада самадзержца мне спадабалася. Зрабіў я выгарадку на планеце. Назваў яе раем. Потым дзве істоты стварыў, каб размнажаліся і каб сумна ім не было. Усё як след. Ды раптам у галаву цюкнула. Калі эксперыментаваць дык эксперыментаваць. Ствару я яшчэ дзве істоты. Такія ж кволыя, але з дужа моцным розумам, як і на іншых галактыках. Цікава паглядзець, якая з дзвюх пар акажацца найбольш аптымальная. Скажу шчыра, вымусіў мяне на такі эксперимент самадзержац. Падумаў я, што ён не проста так сабе даваў параду, а хацеў падштурхнуць мяне на няправільны шлях.
Стварыў я яшчэ адну пару. Пасяліў яе на пятай арбіце. Умовы там яшчэ горшыя былі, ды затое розум у істот разоў у сто тысяч мацнейшы.
Скажу адразу: абодва эксперыменты не ўдаліся. Тыя істоты з моцным розумам за кароткі час такога натварылі, што хоць у антысусвет імігрыруй. Я тую планету на пятай арбіце — Фаэтон — к чортавай матары ўзарваў. Іначай яны і да мяне дабраліся б...
— Ну, а што з тымі істотамі, што на Зямлі ў раі пасяліліся? — спытаўся Богша.
Бог доўга маўчаў.
— Зямныя стварэнні аказаліся таксама з вялікімі заганамі, — нарэшце сказаў ён. — Непаслухмяныя, сварлівыя, крывадушныя, усім незадаволеныя, прагныя, задзірыстыя, хлуслівыя. Адчыніў я загарадку і выгнаў іх у свет. Думаў, яны і года не пражывуць. Дык хіба не здзівішся, калі пачуеш, што істот тых на Зямлі чатыры мільярды? Як яны там маглі пракарміцца? Як не перабілі адна адну?..
Богшу гэта закранула за жывое.
— Дык вось яно што, — узгарэўся ён. — Стварыў нас на Зямлі і кінуў на волю лёсу. А сам у "чорнай дзірцы" схаваўся. Гіньце створаныя мной людзі. Дык гэта не проста амаральна, але і злачынна. За такую злосную безадказнасць судзіць трэба.
Бог разгубіўся. Мабыць, з ім яшчэ ніхто і ніколі так не размаўляў. Але паступова да яго вярталася ўпэўненасць. I ўжо ён пайшоў у наступ на Богшу: