Выбрать главу

— Табе добра гаварыць... А мне па няходжаных сцежках давялося ісці. Тут такіх дроў наламаць мож­на...

— Кінь хавацца за аб’ектыўнымі прычынамі. Не ўпэўнены ў маральнасці эксперымента, то не бярыся за яго, — абурана адказаў Богша.

— Не крыўдуй, — папрасіў Богшу бог. — Я сапраўды рад нашай сустрэчы. Лепей раскажы мне пра зям­ныя вашы справы...

— На гэта спатрэбіцца шмат часу, — сказаў Бог­ша. — А мне дамоў трэба. Ды хацелася яшчэ пабываць у Полацкім княстве дванаццатага стагоддзя.

— Пабудзеш. Гэта ў маёй сіле. I я табе цвёрда абяцаю. А цяпер сядай побач і расказвай, — папрасіў бог.

Шчыра кажучы, задача аказалася больш складаная, як здалося на першы погляд. 3 чаго пачаць? Не расказваць жа богу пра геалагічнае мінулае Зямлі, пра роз­ныя мезазойскія і кайназойскія эры, пра мелавыя, трацічныя і чацвярцічныя перыяды, пра эвалюцыю ўсяго жывога на Зямлі ад найпрасцейшых арганізмаў да ча­лавека, калі бог перакананы, што стварыў усё сам, ды яшчэ застаўся незадаволены створаным.

Каб выхваляўся сваім умельствам, выстаўляў сябе творцам-геніем, які стварыў дужа дасканалую прыроду, Богша, вядома, не стрымаўся б, павыскаляўся б з ягонай самаўлюбёнасці. Тут надарылася абсалютна нетыповая для творчых работнікаў з’ява. Бог-творца наперакор прывычнаму быў незадаволены справай сваіх рук і гаварыў пра гэта абсалютна шчыра.

Лазар Богша пастараўся прыгадаць, ці сустракаў ён калі творцу, нават самага бяздарнага, які прызнаўся б, што ён зрабіў нешта нявартае ўвагі? Здаецца, не сустракаў. Бога за сваё самакрытычнае стаўленне да ўласнай творчасці можна было паважаць...

Не простым аказалася расказаць і вельмі сцісла гісторыю чалавецтва. Што яна такое, гісторыя? 3 якога боку да яе падступіцца?

Кінуўшы позірк у глыбіню стагоддзяў, Богша злавіў сябе на тым, што памятае фараонаў, цароў, імператараў, ханаў, шахаў, военачальнікаў, кіраўнікоў паўстанняў, ведае войны, якія яны вялі, бітвы, якія выйгравалі або прайгравалі. Але ж гісторыя гэта не толькі правіцелі і бітвы...

Дык пра што ён павінен гаварыць богу, каб той добра зразумеў, ад чаго і каго ён у свой час адступіўся? Богшу не хацелася паказваць чалавецтва, вываленым у брудзе і крыві. Яму хацелася ўзвысіць чалавечы род перад богам. Расказваць богу пра веліч і прыга­жосць чалавека і ўсяго чалавецтва. А веліч і прыга­жосць чалавецтва зусім не стасуюцца да войнаў і бітваў, як бы іх ні называлі ў гісторыі, бо гэта кроў, калецтва, гвалт, слёзы, смерць. А майстэрства палкаводцаў? Што гэта як не ўменне забіваць людзей, каб потым справіць nip на касцях пераможаных. Яно магло выклікаць у бога агіду і раскаянне, што ў свой час не ўзарваў і Зямлю, закончыўшы тым самым эксперымент на біялагічнай аснове.

Богшу не хацелася даць богу хоць маленечкі шанец на апраўданне. Хай бы адчуў, што кідаць створаную ім жа істоту, а тым больш узрываць планету не толькі амаральна, але і злачынна.

Тады пра што ён павінен расказваць богу? Хіба пра духоўную культуру чалавецтва? Але ж і ў ёй гучыць водгулле крывавых войнаў і бітваў. Вядома, гучыць, але на якой ноце? Во ў чым сакрэт. Во чаму такі жывучы старадаўні эпас розных народаў. Сакрэт — у ноце дабра і справядлівасці, якімі прасякнуты паданні і міфы, быліны і сказанні. На ёй, адной гэтай ноце, створана ўся народная культура.

У Лазара Богшы была магутная памяць на паэтычныя творы. Ён ведаў ледзь не ўвесь старажытны індыйскі эпас, паэтычныя міфы Сярэдняй Азіі, "Іліяду" Гамера, "Песню песняў" Саламона, скандынаўскія сагі, фінскую "Калевалу", нямецкую "Песню пра Нібелунгаў", цудоўныя сказанні амерыканскіх індзейцаў і, вя­дома ж, рускія быліны і самы цудоўны помнік усходнеславянскай культуры — "Слова аб палку Ігаравым".

Богша з натхненнем чытаў урыўкі з шэдэўраў сусветнай літаратуры, каменціраваў іх, усяляк падкрэсліваючы высокі духоўны ўзровень чалавецтва. Сапраўды, было што чытаць, пра што расказваць. Можа, толькі тут, у гэтай "чорнай дзірцы", Богша і сам, як ніколі ра­ней, адчуў веліч чалавецтва, яго духоўную сілу і моц, ягоную прыгажосць і непаўторнасць і не ў тым, што яно вынайшла порах, гармату, кулямёт і розныя складаныя машыны, якія вырабляюць усё гэта на згубу чалавецтва, а ў тым, што стварыла помнікі архітэктуры, скульпту­ры, карціны, песні і паданні — памяць пра сябе і свае пачуцці.

На жаль, ён мог ілюстраваць свой расказ пра куль­туру чалавецтва толькі паэтычным словам. Гаварыць пра выяўленчае мастацтва, музыку і архітэктуру ён не хацеў. Баяўся, што не хопіць дакладных і вобразных слоў, каб данесці да бога і гэтыя здабыткі чалавечага генія. Таму ў канцы свайго чытання паэзіі Богша коратка сказаў богу: "А чалавецтва яшчэ стварыла найвыдатнейшыя шэдэўры жывапісу, скульптуры, архітэктуры, музыкі, расказваць пра якія нельга бездапаможнымі тут словамі. Музыку трэба слухаць, а творы выяўленчага мастацтва — глядзець. Але павер мне, яны бываюць мацней за слова".