Выбрать главу

"Не заплямім наш стэрыльна-белы кінаэкран пачварамі з жыцця".

"Дайце дарогу светламу, а чорнае выкіньце на сметнік".

"Канфлікты патрэбны тым, хто прывык лавіць рыб­ку ў мутнай вадзе".

"Хай наш самы перадавы ў свеце кінаэкран выпраменьвае дабрыню".

"Няма чаго герою фільма наклейваць бародаўкі — ён прыгажэй выглядае без іх".

Божа, колькі Кірыла насачыняў афарызмаў, каб апраўдаць свае бяздарныя фільмы!

Ад вечнай палемікі з Кірылам Лыкавязавым у Бог­шы пачынала разрывацца на кавалкі збалелае сэрца. Яму раптам здалося, што ён даўно памёр і Кірыла Лыкавязаў напісаў ужо аб ім успаміны, выстаўляючы і яго ружовенькім херувімчыкам — само ўвасабленне гармо­ни і хараства, праўда, усё ж меншае за Кірылу Лыкавязава. Богша ўбачыў і назву гэтага эсэ: "Мы былі вернымі сябрамі".

Яго аж скаланула. Чорт з табой, рабі свае ружовыя фільмы. Юруй і настаўляй маладых, як мастацкі кіраўнік. Але навошта ж пісаць успаміны, калі ты праз усё жыццё катаваў маё сэрца, падстаўляў падножкі, біў з-за вугла ўсім, што трапляла пад руку. I ўсё гэта рабіў ад дабрыні?.. Хлус! Ты ніколі не ведаў, што такое дабрыня. Ты толькі крычаў пра яе з усіх афіцыйных амбонаў ды заклікаў іншых быць добрымі. Сам жа рабіў зло...

У Богшавых грудзях балюча і цяжка білася сэрца. Трэба было ўзяць сябе ў рукі, пастарацца забыць Кірылу Лыкавязава, пераключыць сябе на нейкі іншы занятак.

Сэрца памалу супакойвалася. Як бы здаля да Бог­шы сталі далятаць галасы. Гаварыла жанчына:

— Што ты хочаш, Прадслава? Я ўзяла цябе ў манастыр, зрабіла сваёй памочніцай. Падумай толькі, якога гонару ўдастоілася ты! А калі я памру, ты станеш ігуменняй. Тады і рабі, што табе ўздумаецца. Цяпер жа, Прадслава, дай мне спакойна замольваць свае грахі. Маліся і ты. Чаму ты больш сядзіш за кнігамі, чым стаіш на каленях за малітвамі? Чаму больш разважаеш над мірскімі справамі, чым над словам божым?..

Лазар Богша не паверыў сабе: дзе ён, чаму і як апынуўся ў нейкай прасторнай келлі з лаўкай каля сцяны, грувасткім сталом у куце, над якім вісела лампад­ка перад трыма абразамі. Абразы зусім былі непадобны на тыя, якія Богша бачыў у цэрквах, саборах і музеях розных гарадоў. Няйначай, яны былі напісаны мясцовымі багамазамі на ліпавых дошках, так-сяк аздобленых арэхавымі рамкамі.

За сталом сядзела былая віцебская княгіня Звяніслава ў адзенні ігуменні, а перад ёю стаяла пасталелая княжна Прадслава — манашка і пад’ігумення.

Трэба ж такое! Хацеў пабачыць, як і чаму пайшла Прадслава ў манастыр і... правароніў. Богшу было прыкра за сваю непаваротлівасць. Во ўжо наздзекуецца з яго Баравік-Залеўскі! Каб хоць крыху атрэсціся ад назойлівай прыкрасці, Богша знарок бесклапотна сказаў:

— Хіба гэта так важна?..

— Важна, Богша, важна, — горача адгукнулася Ефрасіння. — Ты, як і мая дзядзіна Звяніслава, думаеш, што ў манастыр вядзе адна дарога — бязмежная вера ў Хрыста і царства нябеснае. Таму і ўяўляеш манахаў на адзін твар — чорны натоўп, як чарада гракоў увосень на мокрым полі. Ты памыляешся. Кожная з нас прыйшла сюды сваёй дарогай. I рознымі сцежкамі прадаўжаем ісці тут, у царстве адрачоных ад свету, прыстанішчы загубленых спадзяванняў і няспраўджаных надзей.

— Не кашчунствуй! — жахнулася ігумення.

— Хіба споведзь кашчунства? — спыталася Ефрасіння тым голасам, які бывае ў дзяцей і людзей з цвёрдаю верай. — На споведзі людзі прызнаюцца і не ў такіх цяжкіх грахах.

— Спавядаюцца дзеля таго, каб пазбавіцца грахоў, ты спавядаешся, каб множыць іх. Я не магу дапусціць у манастыры непаслушэнства. А ты толькі і робіш, каб манашкі не слухалі слова божага.

— Няпраўда, сястра і маці-ігумення, — спакойна запярэчыла Ефрасіння. — Я вучу іх думаць...

— Навошта? — здзіўлена спытала ігумення. — На­вошта ім думаць, калі ёсць свяшчэннае пісанне? Вера ў яго пазбаўляе чалавека ад неабходнасці растрачваць душэўныя сілы свае на бязглуздае непатрэбства. Хто моцна верыць, таму няма над чым думаць. Той шчаслівы.

— Верыць можна ў тое, што здабыта і ўсвядомлена ўласным розумам.

— Памаўчы, — тупнула нагой ігумення. — Такім языком гаворыць сам д’ябал.

— Тады і языком Ісуса Хрыста гаварыў д’ябал, бо ён вучыў людзей не браць на веру вучэнне фарысеяў і кніжнікаў. Ён вучыў людзей думаць і такім чынам спасцігаць дабро і праўду.

Ігумення аж пазелянела ад слоў Ефрасіінні.