Выбрать главу

На ўбітай і добра прамерзлай зямлі ніцма ляжала дванаццаць чалавек у аднолькавых белых кашулях, у такіх жа белых штанах, абматаных белымі анучамі. Hi царскіх варот, ні захрыстай, ні панікадзіла або падсвечнікаў, ні абразоў на сценах у царкве не было. Праўда, на сцяне вісела распяцце: на кароценькім крыжы — кароценькі Хрыстос з вырачанымі вачамі. Ягоныя рукі, ногі і бок былі густа заляпаны чырвонай фарбай. Яна сцякала з іх густым наплывам. Богша аж уздрыгнуў ад гэтай натуралістычнай, без аніякіх прапорцый жуды.

Затое ўздоўж сцен на сухіх кругляках стаялі старажытныя язычаскія бажкі, выструганыя з кляновых і ліпавых камлёў, сплеценыя з саломы і чароту, вылепленыя з гліны.

Богша надзіва лёгка, без падказкі пазнаваў паганскіх багоў. Вунь стаіць Крыў, кульгавы на левую нагу. Побач Ярыла — дзяўчына ў кашулі да пят, з вянком на галаве і ржанымі каласамі ў правай руцэ. Далей Ку­пала, голы, бессаромны, але вясёлы і троху смешны. Ляшак з рагамі і капытамі, накшталт тых чарцей, што сабраны ў Каўнаскім музеі. Дзве багіні — Нава і Марэна, падобныя на шкілеты, увасаблялі хваробу і смерць. За імі туліўся Трыглаў, чорны і страшны, як падземнае прыстанішча памёрлых, якое ён увасабляў. Нібы салдаты на парадзе выстраіліся дамавік, вадзянік, русалка, Віл, Кікімара, Палазнік, Мора і чамусьці два бажкі балтыйскіх славян, Радгост і Руевіт.

Там, дзе належала быць захрыстай, стаяла сем багоў: галоўны бог і грамавержац Пярун з доўгімі вусамі. Хорс з Дажджбогам, Стрыборг, які загадваў вятрамі, Семаргал, падобны на каржакаватае дрэва з доўгімі каранямі, дужа жаноцкая Макоша і падобны на пасту­ха Велес. Вакол гэтых галоўных багоў гарэла восем свяцільнікаў. Дым ад іх узнімаўся пад самую страху, туды, дзе зеўрала ў страсе дзірка.

Пярун быў абвешаны ручнікамі, абчэплены пацеркамі. Ён гнеўна глядзеў з падлогі на распятага Хрыста, а распяты Хрыстос з нямым болем глядзеў на яго са сцяны. Абое яны былі ў чымсьці падобныя, можа, грубаватай, тапорнай работай, аголеным натуралізмам, без аніякіх абагульненняў — багі ў першапачатковым народ­ным уяўленні, якіх яшчэ не кранулася недаступная святасць, якіх яшчэ не адарвалі ад людзей і не ўзнеслі на такую вышыню, на якой ужо нельга пабачыць агрэхі тапорнай работы.

3-пад страхі звешвалася і яшчэ адно бажаство, пра якое Богша нічога не ведаў — лік месяца-поўні — адна палавіна якога была зацемнена, другая асветлена. 3 асветленай гэтай палавіны пазіраў на Богшу жаночы твар. То было, няйначай, увасабленне дня і ночы, святла і цемры, чалавечага розуму і чалавечай нікчэмнасці — філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці ў яе дыялектычнай супярэчнасці. Так, прынамсі, падумалася Лазару Бог­шу. Мабыць, невыпадкова бажаство гэтае спускалася са столі над галавою Перуна. Мабыць, яму належала засцерагчы разгневанага Перуна ад непрадуманых аднабаковых рашэнняў. Ды Пярун не мог задраць сваю драўляную галаву, каб зірнуць у неба.

"У гэтым уся сутнасць быція, — падумаў Богша. — Багі, як і людзі, не здольны зазірнуць у неба-вечнасць, хоць ім і здаецца, што яны глядзяць у яго. Чалавек таму і змясціў бога на небе, каб больш думаць і глядзець у вечнасць. А яму ўсё няма часу. Зямныя клопаты не даюць яму надоўга адводзіць вочы ад зямлі".

Чамусьці думка гэтая падалася яму дужа важнай, нейкім адкрыццём, да якога заставаўся адзін крок, адно імгненне. Ен паспрабаваў сканцэнтравацца, каб зрабіць гэтае адкрыццё, але нешта перашкодзіла яму.

"А чаму мне знаёмы гэты твар, што апускаецца з не­ба? — падумаў Богша і зноў зірнуў на бажаство ў выглядзе поўні. Яно глядзела на яго жывымі вачамі. — Божа, гэта ж Прадслава, Ефрасіння, князёўна Полацкая. Ну, так, яна..."

Адкрыццё гэтае ўразіла Богшу. Неверагодна, каб на сто гадоў раней нараджэння Ефрасінні, у Менску, у праваслаўнай царкве апускалася з-пад страхі бажаство, як дзве кроплі вады падобнае на Ефрасінню. Зрэшты, ча­го не можа быць у зямным існаванні, тое, мусіць, звычайна да існавання замагільнага. Ва ўсякім выпадку, так падумалася Богшу, і загадка, што была зацікавіла яго, перастала існаваць.

Так найчасцей і бывае з чалавекам. Пакуль ёсць тай­на, нейкая загадка, чалавек не хоча ні есці, ні піць. А як толькі тайна вытлумачана, няхай сабе і бязглуздымі доказамі, ён забывае, што яна існавала. Важна вера ў нешта, хоць тая вера і трымаецца на прывіднай павуцінцы ісціны.

Пакуль Лазар Богша асэнсоўваў убачанае, ля падножжа Перуна разгараўся касцёр з бярозавых і дубо­вых паленняў, а тыя дванаццаць жрацоў у белых кашулях, што ляжалі на земляной падлозе, цяіпер стаялі па крузе, трымаючы ў дрыготкіх руках свяшчэнную ахвяру: хто чорнага пеўня, хто белага голуба, пучок траў, каліва льну, жытнія каласы, пук кудзелі...