Выбрать главу

Богша падумаў, што ўсё гэта вельмі эфектна выглядала б на кінаплёнцы. Шкада, што сцэнарыст не дадумаўся да гэтага. Але ён не мог дадумацца, бо заўсёды сцвярджаў, што на той час паганская рэлігія была вы­гнана з Полацкай зямлі, а калі і захавалася, дык хіба ў лясной глухамані. Якая неабачлівая самаўпэўненасць! Людзі дужа неахвотна расстаюцда са сваімі перакананнямі і верай.

— Прывядзіце яе, — пачуўся аднекуль, нібы з неба, жаночы голас.

Лазар Богша азірнуўся — у царкву ўваходзіла прыгожая маладзіца, зусім яшчэ дзяўчо, у белай да пят кашулі, падпяразанай вузенькім чорным поясам, з такой жа чорнай стужкай у белых валасах.

Яе вёў за руку стары сівабароды жрэц, хударлявы, з сінімі вачамі, падобнымі на дзве льдзінкі з замерзлага ляснога возера. У левай руцэ ён нёс дзіця, не аднятае яшчэ ад матчыных грудзей, а таму нявіннае, як бе­лы голуб.

Богша не мог дацяміць, што мусіць тут адбыцца, і ён узняў вочы ўгору, быццам хацеў там знайсці адказ на сваё бязмоўнае пытанне.

I зноў яго вочы сустрэліся з жывымі вачамі жаночага вобліку — бажаства ў выглядзе поўні. Цяпер у Богшы не было сумнення: жаночы твар быў жывы, і ён загаварыў да Богшы голасам сельскай настаўніцы пачатковай школы:

— Лазар Богша, няхай памогуць табе багі спазнаць ісціну, без якой нельга спасцігнуць і самае відавочнае...

Троху загадкавыя словы гэтыя нагадалі нешта даўняе, з гадоў дзяцінства ўспомненае, але ні да чаго пэўнага не прывязанае. Так, далёкі водгук нейкіх павучанняў, на якія не было звернута потым ніякай увагі.

— Хто ты? — пацікавіўся Богша, не вельмі спадзеючыся пачуць праўдзівы адказ.

— Рагнеда... Прамаці ўсіх князёў, што сядзяць цяпер па гарадах і крэпасцях ад Тмутаракані да Лачвозера і Багалюбава...

Богша паверыў яе словам. Навошта хлусіць полац­кай князёўне, вялікай княгіні кіеўскай, затворніцы ізяслаўскай, княгіні полацкай?..

Богша адчуў, як праяснілася ў галаве, нібы ён разгарнуў кнігу і ўся мудрасць яе стала ягонай, Богшавай, памяццю. Ён успомніў, што і праўда цяперашнія князі зямлі рускай паходзяць ад двух сыноў Рагнедзіных: Ізяслава і Яраслава, празванага Мудрым.

Як ён раней не падумаў пра гэта? 3 адзінаццаці за­конных, аднаго няроднага (па сутнасці не сына, а пляменніка), мноства незаконных сыноў Уладзіміравых ад шматлікіх жонак і яшчэ больш шматлікіх наложніц па­сля смерці Уладзіміравай засталося толькі два сыны і абодва ад Рагнеды. Астатнія загінулі, разбегліся па свеце, згубіліся сярод дружыннікаў і смердаў па гарадах і весях Кіеўскай Русі.

Што гэта? Шчаслівая выпадковасць? А можа, добра падрыхтаваная аперацыя ганарлівай полацкай князёўны, бацьку і братоў якой забіў будучы вялікі і святы кіеўскі князь Уладзімір, а самую гвалтам узяў замуж? Можа, гэта Рагнедзіна помста князю Уладзіміру? Уладзімір імкнуўся знішчыць Полацкае княства, каб і памяці не засталося аб туташніх князях, а яна, Рагнеда, вярнулася ў Полацк, пасадзіла ў ім князем сына Ізяслава, аднавіла Полацкае княства, стварыла полацкую дынастыю князёў. Мала таго, яна прадбачліва параіла другому сыну, кульгаваму, нямогламу Яраславу, на яко­га бацька Уладзімір Краснае Сонейка махнуў рукой (які, маўляў, з кульгавага воін!), пайсці князем у Ноўгарад, дзе князёў спрадвеку трымалі ў чорным целе. Затое ў Ноўгарадзе Яраслаў больш-менш спакойна адседзеў чорныя дні варагавання, калі былі забіты Барыс і Глеб, а потым з дапамогаю сястры сваёй Прадславы без лішніх цяжкасцей стаў кіеўскім князем. Так закняжылі ў зямлі рускай князі з роду Рагвалодава, няхай сабе і па жаночай лініі. Але ж Рагвалодавічы, якіх Уладзімір хацеў звесці са свету. Што б там ні казалі, а жыццё і настаўленне на гады дае жанчына-маці, і тым яна моцная, і нельга перамагчы яе!..

Лазар Богша аж загарэўся жаданнем высветліць у самой Рагнеды некаторыя падрабязнасці яе жыцця і жыцця яе сыноў. Калі і дзе сустрэнецца яшчэ такая нагода?

Але ягоная ўвага, як на грэх, была адцягнута старэйшым жрацом, які спыніўся ў крузе дванаццаці другіх жрацоў — паганскіх апосталаў прадзедаўскай веры...

Старэйшаму жрацу падалі доўгі крамнёвы нож. Ён узяў яго ў правую руку, падняўшы левай рукой дзіця...

Намер яго быў такі відавочны, што Лазар Богша здрыгануўся. Ён хацеў крыкнуць: спыніся! Але крык абурэння і гневу засеў у горле. Тады Лазар Богша, не задумваючыся, безразважна кінуўся да жраца, схапіў яго за руку, якая трымала нож. Ён сціснуў жрацову ру­ку з усёй сілы.

— Адыдзі, паганец, — прашаптаў жрэц, не выпускаючы з рукі нож. — Дай нам вымаліць літасць у адзінага і справядлівага бога нашага Перуна. Іначай усіх нас чакае смерць ад мячоў Яраславічаў...