Выбрать главу

Ён з падкрэсленай незалежнасцю ўзяў збан, наліў у драўляны коўш пітва, выпіў яго без аніякага смаку, але знарок крактануў на ўсю сілу лёгкіх, як, бывала, умелі крактаць грузавыя рамізнікі, выпіўшы шклянку гарэлкі на марозе, каб сагрэцца. Ды і гэтым ніякай увагі да сябе не прыцягнуў. Яму заставалася цяпер адно: паслухаць гусляра.

У таго быў голас рэдкай прыгажосці, і ён дасканала валодаў ім. Але тое, пра што спяваў гусляр, аж абурыла Лазара Богшу.

Гэта ж трэба набрацца нахабства — услаўляць Яраславічаў за тое, што яны захапілі, разрабавалі амаль безабаронны горад, перабілі ўсіх мужчын ад сівых дзядоў да хлапчукоў, якія яшчэ не адзявалі порткі! I не проста ўслаўляць! Гусляр складаў быліну пра захоп Менска Яраславічамі, як пра высакародны ўчынак асілкаў, што выратавалі свой народ ад варвараў-чужынцаў.

Але і гэта было не ўсё, што абурыла Богшу. Песня-быліна гусляра здорава нагадвала быліны пра Ілью Мурамца, Дабрыню Мікіціча і Алёшу Паповіча. Лазар Богша не цярпеў плагіятараў і так званых інтэрпрэтатараў, якія здольны на тое, каб абакрасці і самога сябе.

"Ну і жук!.. Ну і старажытны інтэрпрэтатар!.. А глядзі, якая пашана! Самі князі ледзь не моляцца на яго. Ды чаму не маліцца, калі гусляр праслаўляе іх і яны спадзяюцца на стагоддзі. А за што праслаўляе? За разбой!.. Ну і парадачкі! Ну і гусляр!.. Такога любыя князі запаважаюць..."

Лазару Богшу так і рупіла спыніць хоць якім чынам гуслярова глумление над праўдаю жыцця. Во ўжо лакіроўка рэчаіснасці, якой, бадай, не ведала гісторыя. Бог літасцівы, куды ты глядзіш, калі ты ёсць на свеце?.. Дык жа няма яго, няма!..

Богша рашуча падхапіўся, каб сказаць гнеўную прамову, а тады хоць у пекла, хоць назад на зямлю. Але нехта ўзяў яго за левае плячо, моцна націснуў, прымусіўшы апусціцца на лаву. Богша азірнуўся — за ягонай спіной стаяў той самы хлопец, якога полацкі майстар Лазар Богша назваў аўтарам "Слова аб палку Ігаравым".

— Гэта ты? — узрадаваўся Лазар Богша. — Як та­бе падабаецца гэтая залатакудрая пачвара гусляр? Я абураны!..

— Памаўчы, — загадаў яму аўтар "Слова". — Ты не маеш права так гаварыць. Гэта славуты Баян, унук бога Велеса, які пасе жывёлу і памагае людзям іграць на гуслях і спяваць песні, што змякчаюць чалавечыя сэрцы, ачарсцвелыя ад несправядлівасці і бязмежнай улады.

— Баян? — не паверыў сваім вушам Богша. — Гэта Баян?..

Тым часам Баян кончыў спяваць, але ягоныя пальцы ўсё яшчэ краталі струны, і тыя ракаталі, як далёкі вясновы гром, — і грозна і ўзнёсла. Калі апошні, можа, са­мы нізкі гук замёр пад чорнай ад вечнай гары столлю, настала пругкая цішыня, якая раптам узарвалася друж­нымі крыкамі захаплення.

Толькі князі, як і належыць ім па званні, засталіся сядзець на лаўцы — астатнія паўскоквалі з месц, тупалі нагамі па ўтрамбаванай земляной падлозе, грукалі цяжкімі драўлянымі каўшамі і карцамі аб дубовую стальнічыну, размахвалі мячамі ў высока ўзнятьгх ру­ках і нават спрабавалі пераймаць гусляра, спяваючы радкі быліны, якія ім найбольш спадабаліся.

Гэта было не тое прытворнае захапленне меламанаў дваццатага стагоддзя, якія крычаць і вішчаць не таму, што разбіраюцца ў мастацтве, наадварот, таму, што нічога не разумеюць у ім — то было шчырае захапленне песняром. Было зусім непраўдападобна, каб усе гэтыя воіны, прывыклыя забіваць, гвалтаваць, рабаваць, гэтак беззапаветна любілі песню.

Навошта яна ім?.. Што знаходзяць яны ў песні? Але факт заставаўся фактам.

— Цябе таксама захапляюць Баянавы песні? — спытаўся Богша ў аўтара "Слова".

— Ён вялікі майстра, — ухіліўся той ад шчырага адказу і сціпла дадаў: — Але я нязгодны з ім..._

Богша не стаў высвятляць, чаму аўтар "Слова" не згодны з Баянам, ён нырнуў пад стол і вынырнуў па той бок стала.

— Брат, — пачуў Богша голас аднаго з князёў і надзіва лёгка здагадаўся, што гаворыць Ізяслаў Яраславгч, князь кіеўскі, Святаславу чарнігаўскаму, — брат, саступі мне Баяна. Табе і аднаго Хадыны хопіць...

— Чуў? — спытаўся аўтар "Слова" ў Богшы, нейкім цудам апынуўшыся за ягонай спіной. — Усе яны, князі, так. Робяць выгляд, што нешта разумеюць у песнях. Хіба ж можна разлучаць Баяна з Хадынай? Паслухаў бы ты іх разам!.. Божа мой, якое хараство!.. Хоць і адзін Баян варты дзесяткаў гусляроў. Але ўдвух!.. Так спявалі, можа, у старыну пры вялікім князі Уладзіміру...

— I іх разлучаць? — спытаўся Богша, чамусьці вельмі ўстрывожаны словамі аўтара "Слова".

— Разлучаць, — адказаў аўтар. — На што не здоль­ны князі дзеля сваёй прыхамаці...

— Я папярэджу яго, — узгарэўся Богша і рашуча накіраваўся да Баяна, вакол якога стаялі дружыннікі.