Выбрать главу

Аўтар "Слова" не паспеў спыніць яго. Богша падышоў да Баяна.

— Выйдзем... Трэба пагаварыць, — сказаў ён.

Дружыннікі абурана загулі.

— Ціха, — крыкнуў Баян. — Гэта адзін з маіх зайздроснікаў, і нам настаў час высветліць нашы адносіны.

— Мы яго зараз праткнём кап’ём і павесім грэцца на марозе, — сказаў рудабароды дружыннік.

— Праткні сабе язык, — агрызнуўся Баян.

Дружыннік хацеў нешта сказаць, але яго адціснулі ў кут, сталі ўгаворваць:

— Не звязвайся з гэтымі прыдворнымі паэтамі. Баян цяпер у княскай міласці. Паскардзіцца князю, дык табе не паздаровіцца.

Рудабароды дружыннік толькі скрыгатаў зубамі..

— Пайшлі, — Баян абняў Богшу за плечы, і яны пасунуліся да дзвярэй.

I зноў Богшу давялося ісці паўз лаўку, на якой сядзелі князі.

— Дзякуй, браце мой Святаславе, — пачуў Богша Ізяславаў голас і зразумеў, што Святаслаў аддаў Баяна Ізяславу, як аддаюць на карыстанне нейкую рзч. — Мой гусляр зусім адбіўся ад рук. Слова яму поперак не скажы. Ніякай удзячнасці...

— Ага, параспускаліся, — пагадзіўся Святаслаў. — Але ж самі і вінаватыя. Іх, гэтых гусляроў, трэба ў чорным деле трымаць. А мы ім патураем. Волю далі. Пры Уладзіміру Красным Сонейку парадак быў. Хай бы каторы паспрабаваў пайсці насуперак княжаму слову! Яго так прыструнілі б, што дзесятаму заказаў бы...

Богша не стаў слухаць, як прыструньваў Уладзімір сваіх гусляроў. У таго і асілкі хадзілі па адной маснічыне. А каторыя спрабавалі пярэчыць князю, тых Уладзімір адсылаў на самыя далёкія заставы — ваюйце сабе там з ідалішчамі паганымі...

Яны стаялі на мысе, які з абодвух бакоў крута абрываўся да дзвюх рэчак. Злева ад іх за чорны лес у сіняватай смузе сплывала чырвонае, як на вецер, сонца. Унізе пад імі, за меншай ракою, стаяла крэпасць з ве­жам! і брамамі. Брамы былі зачынены, і, няйначай, як здагадваўся Богша, таму, што тут, на мысе, піравалі дружыны Яраславічаў. За крэпасцю былі раскіданы селішчы — слабодкі працоўнага люду. Адно з селішчаў размяшчалася за шырэйшай ракою. Там жа, перавернутыя дагары, чарнелі занесеныя снегам лодкі. Уздоўж крапасной сцяны, што падступала да гары, таксама разбегліся нейкія пабудовы. Яшчэ адно селішча раскінулася злева ад крэпасці, дзе пакаты бераг адступаў ад ракі метраў, можа, на сто.

— Дзе мы? — спытаўся Богша, забыўшыся, што паклікаў гусляра зусім для іншай мэты.

Мясцовасць яму была як бы знаёмая. Яна нагадвала нейкую мясцовасць з другога часу.

— Няўжо не пазнаеш? — здзівіўся Баян. — Гэта ж во Свіслач. За ёй, вунь там, ледзь вышэй, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач, гандлёвыя рады Менска. А крэпасць гэтая, што за Нямігай, так і называецца — Няміга.

Лазар Богша прыгледзеўся лепей. Не, чорт пабяры, сапраўды дзіва! Ён, аказваецца, стаіць на кручы, дзе пры жыцці яго, Богшы, у Мінску стаяў кафедральны сабор. Чаму стаяў? Ён і цяпер стаіць. Гэта я памёр, а ён стаіць. А насупраць, за Свіслаччу — Траецкая гара. Не­дзе там, дзе рака крута выгінаецца, цяпер высіцца оперны тэатр. А ніжэй — Траецкае прадмесце, якое Баян назваў гандлёвымі радамі...

— Дык хіба існаваў такі горад Няміга? — спытаўся ён у Баяна.

— Вы там панапісвалі, панагарадзілі, параскапалі, а так і не дайшлі да ісціны, — сказаў Баян. — Ну, сам падумай, дзе яшчэ мог стаяць горад Няміга, як не на гэтым месцы, дзе рака Няміга ўпадае ў Свіслач? Спрадвеку так было, што гарады называліся па малых рэках, а не па вялікіх. Полацк на Палаце. Віцебск на Віцьбе. Орша на Ршы...

Лазар Богша чамусьці не здзівіўся, што Баян ведае, з якога стагоддзя ён апынуўся ў адзінаццатым стагоддзі. "Здаецца, Баяна, як і князя Алега, звалі вешчым", — падумаў ён.

— У нас ужо даўно даказалі, што вось гэтая крэпасць, якую ты назваў Нямігай, і ёсць старажытны Менск. I што ён быў спалены і разбураны Яраславічамі. Што ты на гэта скажаш? — падміргнуў Баяну Богша.

Па шчырасці, дык было троху смешнавата спрачацца з Баянам; Богша сам бачыў, як гарэў той Менск, што на Менцы. Ды і стаялі яны перад горадам, які Баян назваў Нямігай.

— Вы там папрывыкалі ні ў што не верыць, — з буркатлівай незадаволенасцю папракнуў Богшу Баян. — Усё вам падавай доказы, і не абы-якія — рэчавыя. А рэчы хоць і ўмеюць гаварыць, ды памяць у іх недасканалая. Толькі напісанае — сапраўдна. Чаму ж вы не верыце летапісцам? Яны не ўмелі хлусіць...

— Кінь, — махнуў рукой Богша. — Яны, можа, і не ўмелі хлусіць. Затое ні адзін раз за іх тыя летапісы перапісвалі. Нікана дапісваў Нестар. Думаеш, мала нарабіў ён правак па загадзе свайго князя Святаполка Ізяславіча?., А калі на княжы стол у Кіеве сеў Уладзімір Манамах, дык хіба не ён забраў летапіс у Выдубіцкі манастыр, дзе над ім добра папацеў ігумен Сільвестар? Але і Сільвестравы пераробкі не задаволілі Уладзіміра, і ён даручыў гэтую далікатную справу свайму старэйшаму сыночку Мсціславу. Той і адрэдагаваў канчаткова Ніканаўскі летапіс. Так што памаўчы, Баяне...