Богша задыхаўся ад гневу, што ахапіў яго. Яму хацелася гаварыць і гаварыць. Выкрываць Чынгісхана з ягонымі крывавымі ўчынкамі. Ён ведаў ужо сваю асуджанасць і нічога не баяўся. Але нейкі гоман за ім адцягваў Богшаву ўвагу. Тады ён павярнуў галаву направа і налева, угледзеў вялізны натоўп, які запоўніў увесь стэп. Гэта натоўп і крычаў, трасучы кулакамі, пікамі, калчанамі для стрэлаў, шаблямі і нажамі.
"Чаго яны крычаць?" — падумаў Богша.
— Ты абразіў найвялікшага з вялікіх, найсправядлівага са справядлівых, валадара іхніх цел і душ, надзею і веру, сонца, зямлю і паветра, без якіх ім не жыць. Яны патрабуюць разарваць цябе, які апаганіў светач задум і памкненняў іхніх, на часткі...
— Яны што, сляпыя? — спытаўся Богша, не могучы паверыць, што людзі, якія не ведаюць яго, гатовы забіць яго толькі за тое, што ён сказаў праўду, якая застанецца ў вяках.
— Яны верныя яму, і веру іх у Чынгісхана будуць апавяць у вяках паэты ўсёй зямлі...
Богшу захацелася плюнуць ад агіды.
— Хто скажа мне, адкуль наявіўся гэты нахабнік? — зыркнуўшы па баках, спытаўся Чынгісхан.
Наперад выпаўз чалавек у зашмальцаваным халаце, вельмі падобны на Кірылу Лыкавязава. ён пацалаваў насок бота Чынгісхана, пасля гэтага ўзняў угору твар. Лазар Богша так і ахнуў ад здзіўлення: то была манашка Феадора, ці, як называў яе лясны князь, Кажына, з якой Лазар Богша расстаўся сто гадоў назад.
— О, вялікі, мудры, смелы ўладар неба, зямлі і мораў, вясновае сонца стэпаў, дыханне ўсяго жывога, вялікі пастух народаў свету, — загаварыла яна. — Чалавек гэты, калі можна назваць чалавекам смярдзючага сабаку, які валодае чалавечай мовай, па празванню Лазар Богша — ліцадзей і чараўнік — маною і хітрасцю пранік у наш час з далёкай будучыні, каб зняць пра цябе фільм і такім чынам адвярнуць твары воінаў ад вялікіх тваіх спраў, пасеяць смуту і непакорнасць табе і тваёй найвыдатнай задуме стварыць сусветную імперыю дабра і справядлівасці, якую не ведала чалавецтва. Ён да таго ж — паэт, які лічыць, што грэшна апяваць такіх, як ты, о вялікі і мудры валадар усяго, што жыве на свеце. Ён прапаведуе мір і роўнасць паміж народамі. Ён гуманіст...
— Хто? — у Чынгісхана пачарнелі вочы.
— Ён з тых, хто лічыць, што пакрыўдзіць адно дзіця — найвялікшы грэх. Што захоп чужых земляў — злачынства, якое трэба караць смерцю...
— Дзе мой кат? — спытаўся Чынгісхан.
— Што загадае яснае сонейка стэпаў? — аднекуль падпоўз кат, цалуючы наскі ханскіх ботаў.
— Яму трэба адсячы галаву, але так, каб у ёй захавалася здольнасць думаць і пакутаваць, а цела ягонае каб памерла і было разарвана арламі-сцярвятнікамі.
— О вялікі і мудры валадар свету, — урачыста загаварыў кат, лежачы на зямлі і не падымаючы вачэй на хана. — Можаш не сумнявацца, я зраблю так, як ты загадаеш. Але дазволь сказаць слова. Лепей хай памрэ галава гэтага нягодніка і злачынцы і яе разарвуць арлы-сцярвятнікі, а цела няхай жыве і пакутуе вечна...
Кат заціх, мабыць, сам спалохаўся сваёй смеласці.
— Будзе так, як сказаў я, — не пагадзіўся з ім Чынгісхан.
Кат закалаціўся як асінавы ліст.
У тое ж імгненне Лазара Богшу схапілі пад рукі, паклалі на калоду дагары тварам. Богша ўбачыў над галавой попельна-шэрае неба, на якім не было сонца. Мабыць, сонца зацямніў Чынгісхан. У небе ўжо кружылі арлы-сцярвятнікі, чакалі, калі можна будзе апусціцца на Богшава цела.
— Богша, паслухай мяне, Богша, — над ім у паветры завіснуў твар Кажыны, — прызнайся хану, што ты раскайваешся ў сваім учынку, і вялікі хан не толькі не стане цябе караць, але залічыць на сваю службу. Ты будзеш складаць у ягоны гонар песні, якіх прагнуць ягоныя воіны. Яны гатовы ісці за ім хоць на край свету. Гатовы загінуць. Выконваць любыя ягоныя загады, якія здаюцца ім мудрымі і справядлівымі... Табе цяжка сказаць, што вінаваты?..
— Цяжка, — адказаў Богша. — Цяжка і агідна...
— Ну і дурань... Зрэшты, ты мог бы і прытварыцца. Тыраны любяць прытворства, хоць і разумеюць, што прытворшчыкі пакінуць іх на першым павароце...
— Не! — запярэчыў Богша. — Я не хачу прытварацца, бо я мастак.
— Мастак!.. Ці мала іх прытвараюцца, абы жыць у міласці, смачна есці, соладка піць і спакойна спаць...
— Такія не мастакі, — рашуча запярэчыў Богша. — Яны гандляры, хай сабе і з прыгожым тварам...
— Тады ты загінеш, і ніхто не будзе памятаць, што некалі жыў такі мастак Лазар Богша...