Лазар Богша пачуў, як па ягоным целе прабеглі мурашкі. Яму зрабілася страшна. Божа літасцівы, тварыць у імя праўды, быць сумленным у сваёй творчасці, столькі зрабіць дзеля таго, каб чалавек стаў лепшы, і загінуць невядомым...
— Але ж гэта несумленна, — троху разгублена сказаў ён. — Несумленна так абыходзіцца з мастаком. Гэта несправядліва...
— Прызнай сваю віну, і ты станеш бессмяротны. Цябе будуць вывучаіць, перакладаць на ўсе мовы свету, — сказала манашка. — Няўжо табе лепей памерці і застацца назаўсёды невядомым, чым прызнаць свае памылкі, стаць асабістым песняром хана. Галава — адна. Яе адсякуць, і другую на шыю не прыладзіш...
У Лазара Богшы болем зайшлося сэрца. "Прызнаюся, — падумаў ён. — Будучыя пакаленні мяне зразумеюць. Хан, які не пабаяўся забіць сотні тысяч народа, вельмі проста забароніць успамшаць маё імя, а ўсе мае творы загадае знішчыць. Я не магу дапусціць, каб мае творы — жывыя думкі, бяссонныя ночы, напал пачуццяў і логіка разважанняў — былі знішчаны, каб ні цяпер, ні ў будучым пра іх ніхто не ведаў. Творы — гэта маё жыццё, прадаўжэнне яго на зямлі, калі мяне ўжо на ёй не будзе..."
Ён хацеў ужо сказаць, што прызнае сваю віну перад ханам і гатовы служыць яму верай і праўдай, не задумваючыся над ягонымі справамі, як убачыў у небе той самы цень, што вёз яго з возера Суя ў гэты замагільны свет. I гэты цень і Ефрасіння Полацкая былі падобны як дзве кроплі вады.
— Богша, не слухай яе, — сказала Ефрасіння Полацкая далёкім, але выразным голасам. — Гэта Спакуса. Колькі творцаў гінула, паслухаўшы яе. Успомні, Лазар Богша: калі б Ісуса не распялі, ён не стаў бы Хрыстом...
— Не! — крыкнуў Богша.
Вострая, як брытва, вялікая, як чорная хмара, сякера апусцілася на Богшаву шыю. Ён пачуў, як галава без аніякага болю аддзялілася ад цела і пакацілася па траве, пакуль не наткнулася на белы шоўк юрты.
Толькі цяпер Лазар Богша зразумеў, якую страшную кару прыдумаў яму жорсткі ўладар манголаў Чынгісхан. Розум у ягонай галаве жыў сам па сабе, ён мог усё прадбачыць, усё ведаць і разумець, але нічога не мог зрабіць. Розум быў бяссільны перад злом...
Лазару Богшу зрабілася жудасна ад уласнай безабароннасці і бездапаможнасці: кожны з манголаў мог узяць ягоную галаву, ягоны розум і рабіць з ім усё, што яму ўздумаецца.
"Божа, — падумала Богшава галава, лежачы ў засені пад ханскай юртай, — хай бы хто сумленны, добры, чалавечны падабраў мяне, бо, трапіўшы ў нягодныя рукі, я магу нарабіць многа зла".
Але Богшаву галаву ніхто з манголаў, што сноўдалі каля юрты, не збіраўся падымаць. Мабыць, яе розум не вельмі быў патрэбны гэтым заваёўнікам, што вандравалі ў прывольных стэпах. Адзін з іх, што праходзіў каля галавы, пхнуў яе босай нагой, нібы гэта была не разумная галава, а футбольны мяч.
— Прыгожая цацка, але ж зусім непатрэбная, — сказаў ён, падняўшы галаву за вушы. — Хіба ўзяць для дзяцей? Хай бы пагулялі, пакуль малыя. Але гульні з такімі цацкамі да дабра не даводзяць...
Ён кінуў галаву на траву пад бязлітасна гарачае сонца. Яна засталася ляжаць угору тварам. Яе вочы маглі бачыць неба, але не маглі бачыць тое, што рабілася на зямлі.
Тут ужо Богша не сцярпеў, закрычаў нема і дзіка, як смяртэльна паранены звер, якога затравілі бязлітасныя паляўнічыя.
Ён крычаў доўга, і ніхто не звяртаў увагі на ягоны лямант. Крычы сабе колькі пажадаеш, бо ты розум і табе належыць крычаць ад болю і несправядлівасці, ад бездапаможнасці і адзіноты. Ты — розум!.. Усяго толькі розум...
Галава Лазара Богшы крычала б яшчэ невядома колькі, ды раптам адчула, што ёй прыдадзена цела — тулава, рукі, ногі. Тады яна перастала крычаць.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ: ненавіснае... бясконца дарагое кіно
Эпізод першы: сага аб студыйным калідоры
Галава Лазара Богшы крычала б яшчэ невядома колькі, ды раптам адчула, што ёй прыдадзена цела — тулава, рукі, ногі. Тады яна перастала крычаць.
Ён ляжаў тварам дагары, закінуўшы галаву на падушцы. Ягоныя закочаныя пад лоб вочы ніяк не маглі асэнсаваць, дзе ён, што з ім? Над ім нізка вісела белая покрыўка — столь, а па баках, як у трохкутнай прызме, разыходзіліся дзве салатавыя сцяны. Здавалася, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў трынаццатым стагоддзі, пакараны смерцю Чынгісханам.
Гэта было жахліва — прачнуцца і зноў апынуцца там, дзе цябе абезгаловілі. На амярцвелай шыі галава чулася так, як, напэўна, чуе сябе футбольны мяч, якога білі нагамі два таймы. А можа, ён і не прачынаўся наяве, а толькі ў сне, як было ўжо не раз, калі ён падарожнічаў па тым свеце.
Спачатку безуважліва, а пасля ўсё больш асэнсавана ён павёў вачамі па сцяне, па дэдэронавай гардзіне ўніз да падаконніка, застаўленага гаршчзчкамі з кактусамі, потым яшчэ ніжэй, па падлозе з дываном, нарэшце спыніў позірк на стале з пішучай машынкай, у карэтцы якой быў закладзены чысты аркуш паперы.