— Навошта ты, Каця?
— Добра, не буду. Але не абдымай мяне...
Лазара Богшу нядобра кальнула думка: "Нагулялася..."
— Я кахаю цябе — астатняе мяне не цікавіць, — ён пачаў цалаваць яе твар лёгкімі, як ранішнІ ветрык, пацалункамі.
Цюка не адхілялася, але і не адказвала на пацалункі: я твая рэч і ты маеш права мною карыстацца — во што азначала яе абыякавасць. Богша зразумеў гэта. Яе абыякавасць пакрыўдзіла яго. У хаце пасвятлела, а можа, вочы прывыклі да цемры. Але столі не было відаць. Богша не разумеў, чаму яму абавязкова хочацца ўбачыць столь.
— Не крыўдуй, — сказала Цюка, — я таксама кахаю цябе. Вельмі кахаю. А ці праўда, што ты быў у Германіі? Чаго ты паехаў туды?
— Мяне вывезлі, — рэзка сказаў Богша.
— Хочаш, я раскажу табе пра сябе? — спытала Цюка.
— Навошта?
— Тады пойдзем пагуляем. Я баюся цёмных начэй. Але з табой мне будзе не страшна.
— Лепей паедзем у Маскву. Што нам тут рабіць? — прапанаваў Богша.
— Паехалі, — вельмі ўзрадавалася яна. — У Маскву... У вечны тлум... Цішыня прыгнятае...
Лазар запаліў святло. Яны сабралі рэчы і пайшлі ў ноч. Падсвечаныя агнямі Сходні і Хімак, а можа, і яшчэ якіх пасёлкаў, па небе беглі шпаркія хмары, сівыя і калматыя. Яны хоць крыху асвятлялі чорную астылую зямлю.
Цюку як бы падмянілі: яна зноў стала пяшчотнай і ласкавай. Яны ішлі праз лес, моцна прытуліўшыся адно да аднаго, і цалаваліся. Цалаваліся і потым, у пустым вагоне электрычкі.
У Маскву прыехалі рана. Гарадскі транспарт яшчэ не хадзіў. Сонны таксіст падкінуў іх да Богшавага інтэрната.
— Дзе цябе нячыстая сіла носіць? — разбуджаная Богшам, спытала вахцёрка цётка Луша і, убачыўшы Цюку, рашуча загарадзіла дзверы. — 3 дзеўкай не пушчу. Мне і так дастаецца ад каменданта.
— Цётка Луша, але ж гэта мая жонка. Во глядзі штамп. Запісаліся мы. Каця, пакажы пашпарт...
Цётка Луша паглядзела пашпарты, замігала кароценькімі вейкамі, збіраючы дробныя слёзы.
— Што ж ты адразу не сказаў, нячысцік. Ачалавечыўся хоць. Дай я абдыму цябе, бяспутная твая галава... А ты, дзеванька, трымай яго ў руках. Іх, мужчын, усіх у руках трымаць трэба, але і глядзі яго. Мужчыны, як дзеці...
Цётка Луша пацалавала спачатку Лазара, а потым ужо і Цюку. Яны хацелі падымацца на паверх, як цётка Луша паклікала Богшу.
— Лазарка, дык я ледзьве не забылася, табе тут запіска ёсць. Ехаць табе трэба, неадкладна.
Лазар разгарнуў запіску: "Сцэнарый дыпломнай работы зацверджаны. На студыі трэба быць не пазней семнаццатага".
Гэта было, бадай, самае неверагоднае з усіх неверагоднасцей сённяшняга дня. Яго ўласны сцэнарый, які ён напісаў для сваёй жа дыпломнай работы, быў зацверджаны...
— Мне, Каця, шанцуе сёння, — сказаў ён, падаючы ёй запіску. — Шанцуе, аж не верыцца. Але цяпер паедзем на студыю разам. Я здыму цябе ў галоўнай ролі. Гэта будзе твая першая роля ў маім фільме. А потым ты будзеш іграць усе астатнія ролі...
— Лазар, я хачу спаць, — сказала Цюка.
***
Чорны стары паравоз лянотна пыхкаў парай, як Лазараў дзед, таксама Лазар, люлькай. Яны абодва — дзед Лазар і паравоз — былі старыя і абодва любілі пыхкаць люлькай. Іх падабенства ўразіла Лазара Богшу. Лазар спыніўся перад паравозам, падміргнуў яму, як, бывала, падміргваў дзеду.
— Здароў, дзед, — сказаў Богша паравозу і, зняўшы толькі што куплены капялюш, пакланіўся, як кланяюцца дужа дарагому чалавеку. — Даўно я цябе не бачыў, дзед. Як ты трываеш? Усё пыхкаеш люлькай. А адна кропля нікаціну забівае каня. Так кажуць вучоныя, якія, між іншым, самі труцяць сябе і не толькі нікацінам, а і зайздрасцю, якая ў тысячу разоў больш атрутная.
Аднекуль зверху, як з неба, пачуўся захоплены голас:
— Во набраўся, во вылузваецца!..
Голас з неба быў знаёмы, недзе некалі чуты. Богша ніяк не мог даўмецца, адкуль далятае голас, ці не з нутра паравоза?
— Гэй, ты, нябога, пацалуй свайго дзеда ў тэндар. Толькі спярша вытры губы, — здзекліва параіў усё той жа голас.
Перамогшы неймаверную цяжкасць, Лазар Богша ўзняў вочы ўгору. Там, у няяркім вакзальным святле, з чорнага акенца-рамы паблісквалі чыесьці белыя зубы на чорным твары.
— I пацалую,— з п’янай настойлівасцю і задзірыстасцю сказаў Богша.
Ён і праўда хацеў ужо цмокнуць паравоз у круты бок, абы не бачыць насмешлівыя зубы, як той жа голас прыкаваў яго да месца:
— Дзядзька Нічыпар, глянь, гэта ж Лазар!.. Каб мне з месца не ўстаць, калі гэта не дзядзькі Васіля Лазар...
Богша, як аглушаны доўбняй, пакруціў галавою, бо ніяк не мог здагадацца, хто пазнаў яго. У вачах нечага дваілася, траілася, то знікала, то зноў паяўлялася. А з вышыні тым часам высыпалася на перон паўтузіна чорных смярдзючых чарцей. Яны схапілі Богшу ў абдымкі, аж у таго праяснела ў вачах, а паўтузіна чарцей нейкім цудам ператварылася ў аднаго зусім рэальнага чалавека, сябра па дзяцінству і пракудах, нават нейкага родзіча — сёмая вада на кісялі — Радзівона Трошку.