— З’еў, — пагадзіўся Лазар Богша, хоць ніяк не мог прыгадаць, калі ён вырашыў ехаць да маці і калі сустрэўся з Радзівонам.
У Полацку ён не быў аж тры гады. Пакуль Радзівон Трошка бегаў па сваіх справах, Лазар павёў Цюку на круты бераг Дзвіны, з якога адкрываліся далягляды на Задзвінне.
Яны стаялі на аблыселым пагорку перад Сафійкай. 3 Балтыйскага мора дзьмуў вільготны, прапахлы асеннім лесам вецер. Там, адкуль дзьмуў вецер, дагараў пажар лісцёвага падлеска, агаляючы чорны, як абвуглены, яловы лес. Адтуль, з-за лесу, плылі парваныя на шматкі хмары, давалі драла ад нябачнага ворага. Праз кароткія прасветы ў рэдабоддзі хмар часам выглядала самотнае сонца. Пад ім, унізе, віравала, закручвалася ў тугія спружыны імклівая плынь Дзвіны. Сонца азарала яе і тут жа адварочвала свой ружовы лік — холадам патыхала ад ракі...
Захопленая хараством і веліччу, Цюка маўкліва і ўсхвалявана глядзела ўдалеч, туды, дзе між лясоў хавалася возера Суя. Так моўчкі яны стаялі доўга, пакуль балтыйскі вецер не працяў іх да касцей.
— Ці адчуў ты вечнасць? — спытала Цюка, калі яны ўжо сядзелі ў сталоўцы, якая чамусьці называлася чайной.
Чаю, аднак, у ёй не было, толькі спіртное, але затое на выбар. Яны ўзялі кахецінскае, селі за стол пры печы-цыліндры, акаванай ліставым жалезам і пафарбаванай пад золата, маўляў, ведай нашых, полацкіх! Печ дыхала сухой гарачынёй, і яны хутка сагрэліся.
— Чаму ты загаварыла пра вечнасць? — спытаў Лазар, уражаны жончыным пытаннем.
— Сама не ведаю, — сцепанула плечуком Цюка. — Ты не звяртай увагі. На мяне, бывае, такое находзіць. Калі мы стаялі на беразе ракі, я пачула, што вецер пахне грыбамі. Праўда, неразумна? Ніякай сувязі: пах грыбоў і вечнасць... А во, бачыш... Жаночая логіка.
— Чалавек хоць раз у жыцці павінен адчуць вечнасць, каб зразумець сваё месца ў яе бясконцасці.
— А калі ты адчуў вечнасць? — спытала Цюка.
Лазар Богша задумаўся. Сапраўды, калі? У дзяцінстве і дзедава жыццё здавалася вечнасцю. Але ж яно не магло прыйсці і тады, калі кожную хвіліну побач з ім стаяла смерць. Хоць не, менавіта тады ён адчуў вечнасць праз яе мімалётнасць, вечнасць, якая, здавалася, залежала ад простага эсэсмана — вартавога сабакі гітлераўскага рэйха.
Перад ягонымі вачамі ярка выбліснула злавесная карціна таго вераснёўскага світання: сем вытрашчаных, як на мароз, зорак Вялікай Мядзведзіцы над падвешанымі за рукі вязнямі. Іх падвесілі так нізка, каб маглі грызці аўчаркі. I тыя станавіліся на заднія лапы, упіраліся ў целы павешаных пярэднімі лапамі і грызлі вязняў крывавымі мордамі. Так, так, гэта тады ён падумаў, што свет усё ж вечны, што Вялікая Мядзведзіца будзе вечна свяціць у небе, хоць людзі цкуюць людзей аўчаркамі.
— Чалавек дазваляе сабе подласць і свінства тады, калі не верыць у вечнасць, — уголас падумаў Лазар Богша. — Папраўдзе, дык чалавек, які не верыць у вечнасць, а таму робіць вялікія ці малыя подласці, бадай, зусім і не чалавек, а бязрогая жывёліна, якая залезла з нагамі ў карыта.
Ад ягоных такіх неспадзяваных слоў Цюка здрыганулася, нібы яе абдало холадам.
— Я выклікала ў цябе нейкі жудасны ўспамін? — спытала яна. — Даруй, мілы, і давай памаўчым. Маўчанне, кажуць, — золата...
— Найчасцей яно подласць і здрада, — рэзка, аж злосна, сказаў Богша.
— Мне будзе цяжка з табою, — прызналася Цюка, — але я яшчэ больш кахаю цябе. У кожнага з нас, каго закранула сваім чорным крылом вайна, шмат балючых ран, якія мы хаваем пад паказной весялосцю або абыякавасцю...
Лазар быў крыху здзіўлены яе высновай, хоць квяцістасць, з якой была выказана ўвогуле слушная думка, яму не спадабалася.
— Аднак нам трэба ісці. Нас чакае Радзівон, — нагадаў ён.
Радзівон сапраўды чакаў іх. Побач з ім стаяла зграбная маладзіца ў камбінезоне і чорным берэце. Маладзіца нечага ўсміхалася..
— Не пазнаеш? — спытаў Радзівон, кіўнуўшы галавой на маладзіцу.
Лазар паглядзеў лепей, нешта далёкае замітусілася ў памяці, але ніяк не хацела складвацца ў адзін, цэльны ўспамін.
— А я дык вас адразу пазнала. Вы быццам і не змяніліся, — нараспеў загаварыла маладзіца.
— Домна! — узрадавана крыкнуў Лазар, пачуўшы яе голас. — Во не чакаў! Адкуль ты? Каця, гэта — Домна. Мы з ёю на адной парце сядзелі.
— Ахаць ды ўздыхаць пасля будзеце, — перапыніў іх Радзівон. — Ехаць трэба...
— Ага, трэба, — неяк нават спалохана пагадзілася Домна. — Вы, дзевушка, залазьце да мяне ў кабіну. А мужчыны наверсе пасядзяць. Тут недалёка...
Седзячы ў кузаве грузавіка, Лазар без вялікага намагання ўявіў у памяці даўнюю, яшчэ даваенную Домну. Тое сваё першае каханне... I тое, што было потым. Каб не вярэдзіць сябе, Лазар пачаў любавацца наваколлем — трэба ж нечым заглушыць былое...