— Былое не забываецца, — сказала Домна. — А ці доўга ты прабудзеш тут?
Лазар зразумеў, што Домна спытала не так сабе.
— Дні тры, не болей, — адказаў Лазар і раптам зразумеў, чаму Домна пацікавілася, колькі дзён ён будзе гасцяваць. — Але я хутка прыеду на Сую здымаць фільм, і мы яшчэ пабачымся...
— Усяго табе добрага, Лазар, — з непрадбачанай цеплынёй развіталася Домна.
"Ну вось, я зноў абнадзеіў яе, — падумаў Богша. — Навошта? У мяне ж няма да яе ніякіх пачуццяў. Адно жаласць і шкадаванне, ды яшчэ адчуванне сваёй віны, хоць яе і не было".
Калі Лазар зайшоў у хату, маці стаяла, нізка сагнуўшыся над куфэркам. Усё вечка куфра спадыспаду стракацела каляровымі малюнкамі. Лазар ахапіў іх адным кароткім позіркам, нібы высветліў промнем пражэктара з даўніны гадоў. Некалі ён мог прастойваць перад вечкам куфэрка, як на маленні; таямнічы дзівосны свет малюнкаў бударажыў ягонае ўяўленне нават больш за казкі Шахеразады, якія ён прачытаў дужа рана і якія вельмі ўразілі яго. I цяпер напачатку ён убачыў іх тымі, дзіцячымі вачамі; потым промень пражэктара патухнуў, і ўжо дарослы позірк зблізку і звысоку адзначыў парфумную стракатасць і прытарную саладжавасць малюнкаў. Вадаспад Іматра з прыгожай постаццю жанчыны ў вуалетцы на пярэднім плане нагадаў этыкетку з таннага мыла, а аперэтачная пара — вокладку замежнага часопіса, бачанага ў Кірылы Лыкавязава, які часта бываў на міжнародных кінафестывалях.
Лазар адышоўся, каб не трывожыць сябе: дзяцінства сплыло — новыя ўяўленні валодалі ім.
3-пад сувояў палатна, посцілак і вышываных ручнікоў маці дастала драўляную, адпаліраваную рукамі і часам скрыначку, зробленую з бярозы-чачоткі. Лазар ніколі не бачыў гэтай скрыначкі.
— Зберагла во, — з нечуванай суровасцю сказала яна, павярнуўшыся тварам да Каці. — Знаю, вы, маладыя, не прызнаеце цяпер ні чорта, ні бога. Але ж то не боскае — чалавечае бласлаўленне. Мяне мая свякруха бласлаўляла, я — цябе, а ты — сваю малодшую нявестку блаславіш. Так яно і пойдзе з роду ў род.
Маці ўрачыста адкінула вечка скрыначкі, выцягнула з яе пазелянелы ланцужок, на якім вісеў васьміканцовы крыж. Лазар не паверыў сваім вачам, але несумненна то была мініяцюрная копія крыжа полацкага майстра Лазара Богшы, зробленая ім для князёўны Прадславы.
Калісьці настаўнік гісторыі, які прывіў Лазару Богшу любоў да мінулага, казаў, што з ефрасіньеўскага крыжа не рабілі крыжоў нацельных. А выходзіць, рабілі.
Тым часам маці надзела ланцужок на Каціну шыю.
— Дзякуй, мама, — аж са слязамі на вачах сказала Каця і тройчы пацалавала маці.
— Вазьмі і скрыначку, — сказала мацІ. — Крыж гэты не нацельны. Ён павінен ляжаць у хаце, і яго нельга выносіць з яе. Так мне мая свякруха наказвала, а ёй яе свякруха.
— Але ж у нас няма свайго дома. Дзе ж мне трымаць гэты крыж? — з наіўнай прастатой спытала Каця.
— Насі скрыначку з сабой, — параіла маці.
Цяпер Лазар адважыўся бліжэй разгледзець крыж. Ён паклаў яго на далонь. Крыж быў металічны, цяжкаваты, можа, латунны. Той, богшаўскі, крыж Лазар бачыў толькі на фатаграфіі, але яна ўрэзалася яму ў памяць. Сапраўды крыжы былі вельмі падобныя. I на тым крыжы і на гэтым — сіметрычна размешчаны іконкі святых, а між імі яшчэ два крыжы: уверсе чатырохканцовы, усярэдзіне шасціканцовы. Лазар перавярнуў крыж. На адваротным баку можна было разгледзець малюнак святога, але надпісу пад ім не было.
— Мама, — звярнуўся Лазар да маці, — гэты крыж вельмі падобны на крыж Ефрасінні Полацкай, які зрабіў для яе мой цёзка Лазар Богша. Можа, мы якія нашчадкі таго Богшы?
— Не выдумляй ты! Лепей во цяперака сядайце за стол. А ты, Радзівонька, збегай па Домну. Няхай з маці сваёй прыйдзе. I сваім скажы, каб падышлі...
Домна, аднак, не прыйшла.
— Ах, Лазар, мне здаецца, што я прыпала перасмаглымі вуснамі да чыстай гаючай крыніцы, п’ю і ўсё здаравею. Як добра, што ты прывёз мяне сюды! Твая маці — цуд, непераўзыдзены геній хараства. Мы будзем любіць яе моцна-моцна... Але, Лазар, пакляніся мне, што ты не возьмеш яе да сябе, калі мы атрымаем кватэру. Мы будзем памагаць ёй, але не будзем жыць разам...
Богша здзіўлена паглядзеў на жонку і ці не ўпершыню заўважыў, што ў яе татарскі разрэз вачэй, які робіць Цюкін твар таямніча пяшчотным.
— Нічога не разумею, — сказаў Лазар, любуючыся жончыным тварам, па-асабліваму сёння адухоўленым. — Чаму ты не хочаш, каб маці жыла з намі?
— Мне будзе няёмка сварыцца з ёю...
Лазар таксама сеў, падкурчыў пад сябе ногі. Цюка ўмела ўражваць нелагічнасцю. За гэтыя два дні жыцця на Суі Лазар не раз пераконваўся ў яе здольнасцях.