Выбрать главу

— Будзь мужны ў горы, што насцігла цябе, — сказаў ён, з намаганнем вымаўляючы кожнае слова.

— Так, так, — механічна адказаў Богша.

Яму хацелася кудысьці бегчы, плакаць, выць, качацца па зямлі, грызці яе ў бяссільнай роспачы. Але ён нiкуды не бег, не мог плакаць, ён стаяў, як прыкаваны цяжкімі ланцугамі. Яго ўзялі пад рукі, павялі за сцірту, дзе стаяў "газік". 3 кабіны высунуўся шафёр, працягнуў рукі:

— Сядай, шэф, кожная хвіліна дарагая.

Лазар сеў, ухапіўся абедзвюма рукамі за металічную ручку і адразу адключыўся ад жывога свету. Усё, што было потым, не засталося ў памяці — выкрасленыя суткі з жыцця.

На кінастудыю ён прыехаў пасля абеду, і першы, каго ўбачыў, быў Кірыла Лыкавязаў. Той сядзеў у студыйным скверы на лаўцы, абхапіўшы галаву рукамі. Ла­зар пайшоў да яго па акуратна падстрыжаным і ўжо крыху пажоўклым газоне, ён адначасова бачыў газон і Кірылу, аж дзіўна было: у канцы газона — помнік журбе і гору. Помнік глядзеў на яго, Лазара Богшу, сінімі, амаль васільковымі вачамі.

— Што здарылася, Кірыла? — чамусьці шэптам спытаў Богша.

Кірыла раптам пахіліўся наперад, у яго падкасіліся ногі, але ён не ўпаў, а нейкім чынам апынуўся на каленях, папоўз да Богшы, уткнуўся галавой у Богшаў жывот.

Гэта было жахліва: стаяць перад чалавекам, які тыцкаецца табе ў жывот, як галоднае цялё ў вымя, каб наталіць голад, каб не памерці. Але якраз гэтая жахлівасць вярнула Богшу з доўгай адсутнасці, дзе ўсё ж заставалася кволенькаія надзея на нейкі цуд. Цяпер ён зразумеў, што цуда няма і не магло быць. Цуды можна рабіць у кіно. У жыцці ж уладарыць запраграмаваная непазбежнасць.

Пра гэта падумалася нават з палёгкай, як катаржаніну, што нарэшце дабраўся да месца катаргі.

Богшу захацелася ўзяць Кірылу за чуб, каб адвесці ягоную галаву ад сябе. Але той сам адхінуўся, закінуў твар угору, як на малітве.

— Хочаш — забі мяне, — сказаў ён трагічным гола­сам, як акцёр у ролі Атэлы.

Кірыла ўзняў угору рукі.

— Давай без тэатральных эфектаў, — занадта спакойна сказаў Лазар Богша. — Як ты ўгробіў Цюку?

Кірыла адразу ж узняўся з каленяў, бадай, механічна абабіў са штанін пясок.

— Лазар, клянуся самым дарагім мне, я не хацеў, але яна пачала настойваць, каб зрабілі яшчэ адзін дубль. Ты ж помніш той эпізод? Ты сам яго запісаў. Калі карнікі паляць вёску, а яна выскоквае ў акно, ужо ахопленае полымем.

Перад вачамі Лазара Богшы міжвольна мільгануў кадр: яркае пякельнае полымя, уся ў агні хата і Цюка, якая ў апошняе імгненне выкульваецца з акна. Якая жахлівая смерць!

Ён узяў Кірылу за штрыфлі замшавай курткі, прыўзняў над зямлёй, каб потым кінуць, разбіць удрузг. Ла­зару здавалася, што ён высока над сабой падняў Кірылу, але, калі ён апошнім намаганнем розуму стрымаў сябе, каб не штурхнуць Кірылу ў бездань, а паставіць на зямлю, той нават не варухнуўся. Няйначай, зразумеўшы, што крызіс прамінуў, Кірыла абцягнуў куртку, дастаў з кішэні пачак "Казбеку".

— Закуры, Лазар.

— Пайшоў ты...

— Лазар, я перад табой нявінны. Дарэмна ты думаеш, што вінаваты адзін я. Цюка была як апантаная. Яна іграла так, нібы фільм ставіў ты. Ды так яно і бы­ло. Ты ж яшчэ не ведаеш, што ў цітрах было вырашана ставіць тваё прозвішча.

Кірыла ішоў поруч, аддана зазіраючы Лазару ў во­чы, як сабака, што не ўсцярог гаспадарскае дабро. Ён усё гаварыў і гаварыў; змоўк толькі тады, калі яны зайшлі ў прасторны студыйны вестыбюль, дзе на высокім пастаменце стаяла закрытая векам чырвоная труна ў вянках і асенніх кветках.

Перад імі раптам расступіўся прыціхлы натоўп. Ла­зар ужо адзін пайшоў па вузкім калідоры. Як у тумане, ён убачыў Цюкін партрэт з жалобнай стужкай — Цю­ка, як жывая, загадкава ўсміхалася яму: а вось і я, Лaззр...

Да яго адразу ж падышоў дырэктар. У дырэктара сутаргава крывіліся тоўстыя губы. Ён паціснуў Богша­ву руку, сказаў нейкія словы спачування і спагады. За ім пачалі падыходзіць і члены пахавальнай камісіі. Бог­ша зноў занурыўся ў сябе, адключыўся ад навакольнага свету.

Яго не пераставала мучыць неадчэпная думка: чаму лёс распарадзіўся, каб у астатні час ён не змог пабачыць Цюкі, няхай сабе і не жывою. Агонь спапяліў апошняе яго права зірнуць ёй у твар. Ім авалодала вар’яцкая думка: раз ён не мае магчымасці бачыць Цюку, дык і рабіць яму няма чаго. Ён падышоў да сцяны, зняў Цюкін партрэт з жалобнай стужкай, панёс перад сабой на выхад. I зноў перад ім утварыўся вузкі калідор, у кан­цы якога стаяў маўклівы і суровы Карней Карнеевіч Кладачка. Карней Карнеевіч дачакаўся Богшу, асцярожна вызваліў з ягоных рук Цюкін партрэт, перадаў камусьці, хто стаяў непадалёк, а сам абняў Богшу за плечы. Так яны і выйшлі на двор, у сквер, пад каштаны.