Яна паставіла на стол паднос, на якім курыўся парай велікаваты чайнік, стаялі два кубкі і талерка з бутэрбродамі: два з каўбасой і два з сырам. Расстаўляючы ўсё гэта на стале, Дуся з цікавасдю паглядзела на Богшу.
— То, Дусенька, — заўважыўшы яе цікаўнасць, сказаў следчы, — кінарэжысёр і пісьменнік Лазар Васільевіч...
— Ешце на здароўе, — сказала Дуся.
Богша яшчэ раз падзівіўся з дасведчанасці следчага. Няўжо той чытаў ягоныя творы?
— Наша карміліца і паіліца, — сказаў следчы, як толькі за Дусяй зачыніліся дзверы. — Дабрэйшай душы чалавек, а ў жыцці нешчаслівая...
Ён не стаў тлумачыць, чаму яна нешчаслівая, сеў за стол, пачаў есці і піць з такім апетытам, аж Богша пазайздросціў. Яму тыя бутэрброды не лезлі ў горла. Усё гэтае чаяванне ў службовым кабінеце, няхай сабе і ў абедзенны перапынак, здавалася дзіўным і штучным.
"Калі б я зазняў такі эпізод у кіно — следчы п’е чай з чалавекам, які з’явіўся да яго з прызнаннем, — уся рэдактура разам з мастацкім саветам сказала б, што такое ў жыцці не бывае, і запатрабавала б выразаць эпізод з фільма. А ў жыцці і не такое бывае, чаго не пакажаш ні ў якім кіно", — падумаў Богша.
— Дык на чым мы спыніліся? — раптам перапыніў ягоныя думкі следчы. — Ага, на вашым заступніцтве... Што я вам скажу, шаноўны Лазар Васільевіч. Безумоўна, гэта высакародна. Другі на вашым месцы пісаў бы ва ўсе канцы, патрабаваў бы самай суровай кары. А вы — не. Вы просіце літасці і нават прызнаецеся ў сваёй віне. Высакародна!
Сказаўшы гэта, следчы памаўчаў як бы абдумваючы наступную думку, ён адпіў глыток чаю.
— Прызнайцеся, Лазар Васільевіч, што вы так і думалі, калі ішлі да мяне: я раблю высакародна. Угадаў? Тут і ўгадваць не было чаго. Ёсць людзі, якія не ўмеюць дараваць нават самай нікчэмнай дробязі. Усё жыццё не даруюць. Хоць і прыкідваюцца добранькімі, як цяпер кажуць, гуманнымі. А самі помсцяць праз усё жыццё, робяць зло тым, хто некалі не так глянуў на іх, не так сказаў ім і, ужо не дай бог, нешта зрабіў ім. Можа, і не падумаўшы зрабіў — усё адно. I што дзіўна, такія людзі з выгляду дужа памяркоўныя, пры народзе гатовы крычаць, каб памілавалі самага злога злачынцу, затое, калі іх чуе толькі адзін чалавек, да ўсяго абцяжараны неабходнасцю трымаць службовую тайну, яны гатовы і самага невінаватага ўтапіць у лыжцы вады. Вы, Лазар Васільевіч, не такі. Вы пастаянныя ў сваім імкненні дараваць. У вас яно арганічнае, а не штучнае. Таму вы і прыйшлі да мяне. Не пярэчце, Лазар Васільевіч, я ведаю, што вы скажаце. Я не маю пры гэтым на ўвазе класавы антаганізм. Я кажу пра нашыя звычайныя жыцейскія адносіны. У тым і справа, здавалася б, нам няма чаго трымаць адзін на аднаго злосць, а тым больш крыўду. А трымаем жа, дарагі Лазар Васільевіч. Навошта? Цяпер пойдзем далей. Як, напрыклад, разважалі вы: засудзяць Лыкавязава, дык на ваша сумленне ляжа нібы двайны цяжар. I за тое, што вы сябе вінаватым у смерці жонкі адчуваеце і што Лыкавязава нейкім чынам падвялі, напісаўшы рызыкоўны эпізод. Але я ўхваляю вашы парыванні. Даруйце, што так нязграбна выказваюся. Мы прывыклі гаварыць мовай далёка не літаратурнай.
— Няпраўда, — запратэставаў Богша. — 3 чаго вы ўзялі? Я так не думаў. Хоць, можа, і так, але інакш... Вы маеце дзіўную здольнасць ставіць усё з ног на галаву.
— Даруйце, што вас пакрыўдзіў, — сказаў следчы. — Я чаму так падумаў, бо дасканала, як мне здаецца, вывучыў усю справу. Я, Лазар Васільевіч, не які-небудзь аматар у следчай рабоце і тым больш не бяздушны чалавек, які дбае толькі пра тое, каб хутчэй спіхнуць справу ў суд. Я, Лазар Васільевіч, люблю сваю работу і заўсёды хачу дакапацца да самага мацерыка. На маім месцы іншы і не стаў бы лішне капацца ў такой справе, як гэта. Тут з самага пачатку ўсё зразумела было. Вось вы нядаўна сказалі, што няма саставу злачынства. Ды вам самы апошні студэнт першага курса юрфака скажа, што ёсць. Самі памяркуйце. Пачынаюцца здымкі эпізоду павышанай небяспечнасці. Служба тэхнікі бяспекі папярэджвае дырэктара карціны і рэжысёра, што жыццё актрысы падвяргаецца небяспецы, і забараняе здымаць эпізод, так як ён задуманы. Дырэктар карціны таксама згодны. Ён угаворвае рэжысёра зрабіць змены ў сцэнарыі. Вы ж самі разумееце, што мантажом можна дасягнуць любога эфекту. Што ж адказвае Лыкавязаў? Будзем здымаць так, як задумана. Чаму? Пра гэта я скажу пазней. Тады дырэктар просіць рэжысёра адкласці здымкі назаўтра, каб прыгнаць пажарную машыну і такім чынам падстрахаваць актрысу ў часе здымак. Што ж робіць Лыкавязаў? Ён пачынае здымкі, так і не дачакаўшыся пажарнай машыны. Усё зразумела, спадзяюся?