— Я не ведаў такія падрабязнасці, — сказаў Богша. — I ўсё ж я магу зразумець Кірылу Лыкавязава. Здымкі праводзяцца, калі кароткі дзень, а заўтра, магчыма, не будзе сонца, пойдзе дождж. А чакаць няма калі, бо ўсе тэрміны выйшлі, план студыі зрываецца. Тут задумаешся і пойдзеш на самую небяспечную рызыку.
— Дапусцім, што так. Тады чаму Лыкавязаў не хацеў здымаць эпізод па-іншаму, як прапаноўваў Кладачка? Скажу. Яго мучыла адно неадчэпнае жаданне — дазняць карціну так, як знялі б яе вы.
— Зусім верагодна, што так яно і было, — сказаў Богша.
Следчы крыху здзіўлена паглядзеў на яго.
— Паверце, Лазар Васільевіч, — апраўдваючыся, сказаў ён, — я зусім не збіраўся даказваць вам віну Лыкавязава. Так ужо выйшла. Загаварыліся, заспрачаліся, ну, я да слова і сказаў, каб вы сябе лішне не мучылі.
— Дык што, іх засудзяць? — спытаў Богша, у душы пагаджаючыся ўжо са следчым, што Кірыла, бадай, заслужыў кару. Ён адчуваў сябе пагана: прыйшоў да следчага, каб абараніць Кірылу, а цяпер згаджаецца з ім.
Следчы, аднак, ніяк не зрэагаваў на ягонае пытанне. Ён знарок сам запытаўся ў Лазара:
— А якія ў вас былі адносіны з жонкай, Кацярынай Ляўдак?
— Гэта што, допыт? — пакрыўдзіўся Богша.
3 ім, незаўважна для яго самога, адбылася крутая перамена. Ідучы да следчага з прызнаннем, ён быў гатовы чыстасардэчна расказаць пра сябе ўсё, цяпер жа яму хацелася пярэчыць следчаму, можа, таму, каб давесці, што і ён, следчы, не ўсё ведае, не да ўсяго двкапаўся. Ён быў гатовы адмаўляць нават відавочныя факты. А тым больш яму не хацелася, каб хто-небудзь зазіраў у інтымны свет яго жыцця.
— Які допыт, Лазар Васільевіч? — з горкай усмешкай сказаў следчы. — Сядзім, гаворым шчыра. Вы мне пытанні задаеце, я вам.
"Але ты на маё пытанне так і не адказаў", — падумаў Богша.
— Даруйце, — сказаіў ён. — Па-мойму, адносіны былі нармальныя.
— Так я і думаў, — сказаў следчы.
Лазар не зразумеў, што ж думаў следчы? Што адносіны былі нармальныя ці што ён здагадваўся, што Богша схлусіць?
— Я не зусім зразумеў вас, — прызнаўся ён.
— Ананімкі, якія вы атрымлівалі, не пашкодзілі вашым узаемаадносінам?
— Вы хіба ведаеце, хто іх пісаў? — з надзеяй спытаўся Лазар Богша:
— У мяне не было падстаў расследаваць гэтую справу, — лішне шчыра сказаў следчы. Лазар Богша не паверыў яму. — Дарэчы, чаму вы тады не звярнуліся ў адпаведныя органы, каб знайшлі ананімшчыка?..
— Неяк не падумаў, што можна звярнуцца, — прызнаўся Богша. — А калі б і звярнуўся?..
— Лазар Васільевіч, — прапусціўшы міма вушэй Богшаў адказ, сказаў следчы, — я хачу супакоіць васнаконт Кірылы Мацвеевіча і Карнея Карнеевіча. Яны абодва падпадаюць пад амністыю. Прызнаюся, мне, як юрысту, шкада патрачаных дзён і намаганняў. А як чалавек я нават задаволены сабой. Я дакапаўся да мацерыка. Жадаю і вам, Лазар Васільевіч, з часам дакапацца да яго. Яшчэ жадаю вам поспехаў. Можа, калі ўспомніце ды і запросіце на прэм’еру...
Ён моцна паціснуў Богшаву руку.
"А ён ведае, хто пісаў ананімкі, — ідучы дамоў, падумаў Богша. — I таму пра мацярык, да якога дакапаўся, гаварыў невыпадкова..."
***
Лазар Богша закончыў той фільм — сваю былую мару, ледзь не поўнасцю зрэжысаваную і адзнятую Кірылам Лыкавязавым. Ён увесь час, пакуль манціраваў фільм, думаў пра Цюку. 3 болем глядзеў на яе экранна-жывую і ўжо мёртвую, у зачыненай наглуха труне. Часам ён не заўважаў экрана, адбіткаў на ім, у пакутах народжаных вобразаў, мантажнай з яе цеснатой і паўсюль раскіданымі плёнкамі. Потым ужо ў зале праглядаў, дзе апрача яго сядзелі аператар, мастак, кампазітар, другі рэжысёр, гукааператар, дырэктар карціны і рэдактар, ён як бы ўпершыню ўбачыў свой будучы фільм і быў уражаны тым, што ўбачыў.
Кірыла Лыкавязаў здымаў фільм, прытрымліваючыся рэжысёрскага сцэнарыя, як сляпы трымаецца плота, каб не ўпасці і не заблудзіць на ўласным агародзе. Можа, Кірыла пабойваўся Богшы, няхай сабе і адхіленага ад працы над фільмам, выкінутага за борт кінастудыі, але ж аўтара сцэнарыя і пачынальніка здымак. Лыкавязаў умеў быць асцярожным — наперадзе жыццё, і ці мала якія прыпаднясе яно сюрпрызы. А можа, ён паважаў Богшу, паважаў і ненавідзеў? Так, прынамсі, здавалася самому Лазару. I ён памалу пераканаў сябе, што Кірыла паважае яго.
А гэта ўжо здымала хоць палову віны з Кірылы Лыкавязава. У Кірылавай беражнасці да працы Богшы было нешта па-чалавечы прыстойнае, нават святое, якое не дае мастаку права перарабляць на свой капыл працу другога мастака. На такое здольны не ўсе — кіношнікі тым больш. Кіношнікам падабаюцца толькі свае творы, толькі свая манера. I тут ужо нічога не паробіш...