Лазар Богша нямала пабачыў людзей, якія самым бесцырымонным чынам лезлі ў працу сваіх калег, не спрабуючы зразумець іх мастакоўскі лад думак, навязвалі свае, дробязныя рашэнні, якія ім здаваліся значнымі, нават вялікімі, хоць на справе былі бяздарнымі штампамі. Лазар Богша ніяк не мог зразумець рэжысёраў, якія бралі чыйсьці твор і пачыналі перапрацоўваць яго на свой густ, найчасцей ператвараючы мастацкі твор у рамесніцкае практыкаванне на адвольную тэму. Богша да ўсяго быў пісьменнікам. Ён ведаў цану слова не толькі ў літаратуры, але і ў кіно, якую не ведалі ці не хацелі ведаць рэжысёры, што перапісвалі сцэнарый непісьменнай, жабрачай мовай. Ён ужо даўно заўважыў, што чым больш бяздарны рэжысёр, тым мацней у яго жаданне перапісваць сцэнарый на свой капыл. На жаль, графаманства ўсёабдымнае, і змагацца з ім амаль немагчыма.
Кірыла адкрываўся перад ім новай якасцю, якую Богша дасюль не заўважаў. Але нешта так і церабіла яго, так і падбухторвала не паддавацца першаму ўражанню.
Калі на экране прамільгнулі апошнія кадры і ў зале загарэлася святло, Лазар Богша акінуў позіркам семярых удзельнікаў прагляду, зачапіўся вокам за рэдактара.
Вераніка Яшная сядзела перад ім у профіль. Богша бачыў адно яе вока — на белым фоне чорны авал райка, у якім адбіваўся агеньчык бра. У адрозненне ад другіх рэжысёраў, якія цярпець не могуць рэдактараў і па-дурному канфліктуюць з імі, Богша на рэдактарах правяраў сябе, свой фільм, сваіх экранных герояў. Рэдактар быў для яго праявіцелем, які выяўляе здабыткі і хібы твора. Ён любіў рэдактараў жорсткіх, нават просталінейных, якія маглі памыляцца, памыляліся, але неслі з сабой свежы погляд. Вераніка Яшная была вось такім рэдактарам — чортам у спадніцы, якую большасць рэжысёраў ненавідзела.
Усе маўчалі, чакаючы нейкіх слоў ад Богшы.
— Ну, і што ты скажаш, Вераніка? — спытаўся ён троху абыякава, нібы яму было ўсё роўна, што скажа Яшная.
Вераніка павярнулася да яго ў тры чвэрці анфас. Цяпер агеньчык бра перавандраваў у правае вока.
— Мне здалося, вы хацелі сказаць нешта другое, — з заўсёднай сваёй замаруджанасцю сказала яна, — але вам штосьці перашкодзіла... Можа, я і памыляюся...
Яму хацелася крыкнуць: "Не, не памыляешся. Уцэліла ў самае яблычка". Але яго апярэдзіў аператар.
— Вечна ты лезеш з парадамі, — злосна накінуўся ён на рэдактара, мабыць, адчуўшы замах на фільм. — Што хацелі, тое і сказалі. Не больш і не менш...
— I я пра тое ж, — у голасе Веранікі пачулася ледзь улоўная іронія. — Не больш і не менш...
Лазар узняўся з крэсла і пайшоў у калідор, пакінуўшы шасцярых у разгубленасці.
Увечары ён рашыў, што павінен схадзіць да Кірылы Лыкавязава, каб пагаварыць з ім аб сваім уражанні ад фільма, а заадно пабурыць адчужэнне, што прынесла Цюкіна смерць. Цюку ўжо не вернеш. Ды і яму, Лазару Богшу, немагчыма і надалей цярпець катаванне сябе вечнай пометай, ён не ўмеў доўга трымаць злосць. Яна нібы апякала яго нутро. Патрабавалася выгаварыцца і памірыцца.
Ён і лёг з гэтым намерам абавязкова памірыцца з Кірылам. Хіба можна жыць у адной сям’і і ненавідзець адзін аднаго? Вар’яцтва, не больш. Але, як толькі лёг, яму падумалася, што ён не можа, не мае права дараваць Кірылу смерць Цюкі. Хто даў яму такое права? Ён можа толькі помсціць. Нават тады, калі б Цюка з таго свету і папрасіла яго дараваць Кірылу. Яна можа дараваць. ён — не.
Гледзячы ў белую столь, Лазар Богша ўсё больш распаляў сябе, выдумляў для Кірылы тысячу па-вар’яцку жорсткіх пакаранняў. Ён ведаў — ніводнае з іх, нават самае бяскрыўднае, не будзе ім ажыццёўлена. Проста настала неабходнасць выпусціць накопленую пару непрыязнасці.
Усе ягоныя начныя трызненні былі глупствам, недарэчнасцю. 3 Кірылам Лыкавязавым яны не маглі разысціся, як два злачынцы, скаваныя адным ланцугом... Але было і яшчэ нешта, што рабіла ягоныя помслівыя памкненні ганебнымі, недастойнымі чалавека. Ён задумаўся, і надзіва лёгка да яго прыйшоў адказ.
"I гэта я гатовы быў пакараць Кірылу? — падумаў ён. — Тады хто я сам? Хлус, які прапануе другім тое, што не можа спавядаць сам?.. Ідзі ты тады да д’ябла, дробненькі нягоднік, якому выгадна выстаўляць сябе дабрачком, а на самай справе гатовы караць смерцю чалавека, няхай сабе і вінаватага. Цяпер нямала такіх, асабліва сярод нашага брата, што на словах спавядаюць адно, а на справе робяць другое. Лямантуюць: мяшчанства, бездухоўнасць, сквапнае назапашванне рэчаў, а самі пагрузлі ў тых жа грахах, ды яшчэ ў памерах, якія радавому абывацелю і не сніліся. Крычаць: справядлівасць, спагадлівасць, узаемавыручка і падтрымка, а самі, дарваўшыся да карыта, гатовы залезці ў яго з нагамі, абы нікога болей не дапусціць да яго. Ганьбяць бяздушных, абыякавых, крывадушных, баязлівых, а самі думаюць пра сябе, пра свой дабрабыт, сваё крэсла, пасаду, славу".