Ен заснуў непрыкметна, а прачнуўшыся, вырашыў не адкладваць свайго паходу і недзе перад самым абедам ужо сядзеў у кватэры Кірылы Лыкавязава, абсталяванай з няўмыснай стылізацыяй пад вясковы быт: ля сцен лаўкі, распісныя скрыні, куфры, замест ложкаў палаці, засланыя даматканымі дарагімі посцілкамі, дубовы стол у куце, завешаным ручнікамі, а пад імі бюст самога Кірылы Лыкавязава — апостал з непрытушанай гардыняй у нахабных вачах.
Маладая Кірылава жонка, мастачка па касцюмах, паставіла на стол абед: сала ў керамічнай талерцы, густа пасыпанае соллю і кменам, салёныя гуркі і бляшанку трасковай пячонкі, якой тады былі завалены паліцы нават сельпоўскіх лавак.
— У нас усё проста, — сказала яна, як бы апраўдваючыся перад Богшам. — Мы жывем без прэтэнзій...
— Не зусім проста і не зусім без прэтэнзій, калі на стале сярэбраныя відэльцы і нажы, — пажартаваў ён.
— Гэта мне дасталося ў спадчыну, — пачала тлумачыць Зоя. — Мая бабуля, маміна мама, належала да роду Цеханавецкіх. Бачыце, на відэльцах і нажах вензель і год — восемсот пяцьдзесят восьмы... Бабулін дзядзька ў той год засядаў у нейкім — я не дужа разбіраюся якім — камітэце па вызваленню сялян ад прыгону. Ён меў маёнтак недзе пад Віцебскам. Дык у той год ён і заказаў у Пецярбурзе гэты сталовы набор, які і падараваў сваёй пляменніцы, а маёй бабулі. Гэта, калі хочаце, не толькі свяшчэнная рэліквія нашага роду, але і гісторыя, і я дастаю набор толькі тады, калі прыходзіць такі пачэсны госць, як вы, Лазар Васільевіч...
— Вельмі крануты, — паіранізаваў Богша.
Яму было смешна і горка: некалі дваране спрабавалі прымазацца да каго з пралетарскім паходжаннем, цяпер нашчадкі пралетарыяў саромеюцца прызнавацца ў сваім паходжанні. Ён ведаў Зоіну маці. Яе продкі сапраўды былі некалі прыгоннымі пана Цеханавецкага.
О, час!..
Богшу расхацелася гаварыць з Кірылам. Але той сам усчаў гаворку.
— Мінулае — сон, фантазія, якую выдумваюць на ўцеху сабе, — сказаў ён з упэўненасцю вучонага, які адкрыў новы закон. — Я, напрыклад, не ведаю, як звалі маіх прадзедаў і нават матчыных бацькоў. I нічога — жыву! А каб і ведаў? Што дадалося б мне? Нездаровае адчуванне, што я нашу іхнія гены і таму не магу пазбавіцца ад нейкіх хібаў? Я не хачу залежаць ад мінулага. Я — сённяшняе, пакуль жыву. I ўсё знікае разам са мной. А нехта другі — сын ці дачка — будуць жыць сваім жыццём, рабіць яго па-свойму. Мінулае прыгнятае...
Зоя хацела запярэчыць, але Кірыла цыкнуў на яе, як на кошку, з якой няма чаго цырымоніцца. Яна змоўкла. Толькі на твары ўспыхнула яркая пунсовасць. Богша пашкадаваў Зою. Яна або да смерці застанецца Кірылавай рабой, або некалі ўзбунтуецца і кіне яго. I тое i другое не прынясе ёй радасці.
— Ты памыляешся, — сказаў ён, толькі дзеля таго, каб падтрымаць Зою. — Чалавек без мінулага — пылінка на скразняку.
Зоя ўдзячна паглядзела на яго, нібы ўзнагароджвала за падтрымку. Богшу падабалася, што Зоя прыўздымае яго перад мужам. Было прыемна адчуваць сваю перавагу і брыдка.
— Калі ты пакажаш мне фільм? — Кірыла зірнуў на Богшу халоднымі жорсткімі вачамі. — Я ўсё ж маю нейкія адносіны да яго...
— Я і сам паглядзеў яго толькі ўчора.
— Ён прынёс мне нямала турбот, — цягнуў нейкую сваю лінію Кірыла, яўна задзіраючыся на спрэчку. — Але і дапамог многае зразумець...
— Смерць часам дзейнічае на самыя непадатлівыя натуры, — не стрымаўся Богша, каб не падкалоць Кірылу.
— Хлопчыкі, не трэба, — Зоя, як на малітве, склала перад сабой далоні.
— Мы не будзем, — па-хлапчукоўску несур’ёзна паабяцаў Богша. — Мы пагаворым аб фільме. Ён наша дзіця... Дык што ён дапамог табе зразумець?..
— Я не даваў Зоі абяцання, а таму буду гаварыць тое, што хачу сказаць, і вы абое здагадваецеся, пра што я хачу гаварыць. Дык вось, следчы, які вёў справу аб смерці, — Кірыла запнуўся, мабыць, не ведаў, як яму трэба называць нябожчыцу: Цюкай, Кацяй ці яшчэ як... — аб смерці Кацярыны Платонаўны, дужа настойліва лез у галіну духоўнай дзейнасці чалавека, якая называецца кінематографам і ў якой ён разбіраецца прыблізна так, як баран у бібліі. Чорт бы іх пабраў, гэтых сучасных пінкертонаў, шэрлак холмсаў, фінбоў, мегрэ і іншых зарубежных і айчынных паляўнічых за душамі падазроных. Дастаеўскі ўсё ж меў рацыю: следчы заўсёды — паляўнічы за дзічынай. Мой следчы быў абсалютна ўпэўнены, што ён непераўзыйдзены паляўнічы, хоць усяляк адмаўляў гэта...