Выбрать главу

Размова была вельмі прафесійная, а таму прыемная абаім: што ні кажы, а добра, калі людзі разумеюць адно аднаго з паўслова. Богша незаўважна адчуў, як з яго спадае цяжар сумненняў, што адолелі ў машыне па дарозе на студыю.

Тым часам на калідоры паявіўся дырэктар кінастудыі, чалавек сутулы і пануры з выгляду, у акружэнні сваёй світы, якую ён усюды вадзіў за сабой дзеля большай саліднасці. Павітаўшыся з Богшам, дырэктар загаварыў з Рымай Сяргееўнай пра тое, як ён некалі ў маладосці хадзіў паляваць на тыгра і ледзьве не загінуў, бо падранены звер выбіў з яго рук стрэльбу. Але ён не спалохаўся, выхапіў кінжал, і тады тыгр уцёк у плаўні. То быў адвечны "канёк" дырэктара, заезджаны да знямогі, але пра гэта ён расказваў кожны раз, калі трапляўся свежы чалавек, які і не здагадваўся, што дырэк­тар ніколі не хадзіў на паляванне, нават на зайцоў.

У блакітнай зале — дырэктар чамусьці вельмі любіў блакітны колер — сядзела ці не палова студыі. Богша акінуў позіркам залу, і яго ахапіла тое прыемнае хваляванне, якое ахоплівае любога мастака, калі ён выносіць свой твор на публіку. Было страшна, але і добра, як перад скачком з парашутам.

— Чаму так многа народу? — незадаволена буркнуў дырэктар, сядаючы ў крэсла. — То ж не грамадскі прагляд... Давайце пачынаць. Наступны раз каб, апрача членаў савета, нікога не пускалі...

На дырэктарскую буркатню ніхто, вядома, не звярнуў увагі. Дырэктары на тое і існуюць, каб бурчаць, сварыцца, даваць указанні... А сапраўды, яшчэ для чаго існуюць дырэктары?

Кірыла Лыкавязаў, як належыць яму па праву, адкрыў мастацкі савет кароткім уступным словам. Маўляў, мастацкі савет сабраны нечакана і толькі таму, што прыехала паважаная Рыма Сяргееўна, але гэта якраз і дарэчы, бо настала патрэба прагледзець рэдакцыю фільма, які займае ў планах студыі важнае месца як па тэматыцы, так і па ўдзельнай вазе ў вытворчасці. Даўшы слова Лазару Богшу, Кірыла адышоўся і сеў ззаду, ля сцяны, як бы ў цень. Лазар Богша аж здзівіўся: звычайна Кірыла сядзеў побач са студыйным начальствам. На ўсякі выпадак.

— Да гэтага фільма я ішоў доўга, — пачаў Богша, раптам адчуўшы, што зусім не ведае, пра што павінен сказаць мастацкаму савету. Заўсёды ведаў, а цяпер ніякіх думак. — Мне даўно хацелася крануцца нашай гісторыі, якую мы так мала ведаем. Наколькі мне ўдалося — меркаваць вам. Даруйце, што матэрыял не поўнасцю падкладзены. Вы пабачыце і дублі і праклейкі. Я пастараюся сказаць, што хаваецца за кожнай такой праклейкай. Можа, будуць пытанні?

Пытанняў не было. Лазар Богша націснуў на кнопку селектарнай сувязі, папрасіў кінамеханіка:

— Пачынайце, калі ласка.

Экран успыхнуў сіняватым святлом...

***

3 нейкага часу паміж Кірылам Лыкавязавым і Лазарам Богшам ішла зацятая і непатрэбная, на думку кіношнікаў, дыскусія. Папраўдзе, дык сутнасць яе была незразумела самому Лазару Богшу. Ён часам падазраваў, што Кірыла знарок уцягвае яго ў дыскусію. Богша даваў сабе слова не спрачацца, а мудра маўчаць, але кожны раз незаўважна для сябе пачынаў пярэчыць Кірылу, а запярэчыўшы, ужо стаяў на сваім, хоць і шкадаваў: чаму было не стрымацца?

Самае дзіўнае ў гэтай дыскусіі на адвольныя тэмы, як іх ахрысцілі кіношнікі, заключалася ў тым, што нiхто на студыі не бачыў важкіх прычын для дыскусій, а таму іх тлумачылі суперніцтвам двух вядучых рэжысёраў. Пагаворвалі, што Лазар Богша не ўспрымае творчасці Кірылы Лыкавязава, больш таго, лічыць ягоныя фільмы павярхоўнымі, верхаглядскімі, а значыць, і маламастацкімі. 3 другога боку, пагаворвалі, што Кірыла Лыкавязаў у сваю чаргу не прызнае творчасці Богшы, знаходзячы ў ёй уяўную глыбакадумнасць. Усё гэта бы­ло не так, а таму хадзілі чуткі, што Богша не дараваў Лыкавязаву смерці Цюкі, а той баіцца Богшы і са стра­ху адплочвае, прыдзіраючыся да кожнага яго фільма.

Лазар Богша сапраўды адчуваў да Кірылы антыпатыю, якую ён тлумачыў лыкавязаўскім імкненнем падабраць пад сябе ўсю студыю. А Лыкавязаў не цярпеў Богшу, які не баяўся казаць Кірылу ўсё, што думае пра яго. Быў у гэтым пэўны рэзон.

Дыскусіі звычайна ўзгараліся нечакана і па такіх пытаннях, якія, здавалася, не давалі падстаў да заця­тых, аж варожых спрэчак. Яны ўзнікалі, як правіла, па­сля кожнага чарговага фільма каго-небудзь з варожых бакоў.

Не, абодва рэжысёры не апускаліся ў спрэчках да збэшчвання фільмаў суперніка. Дыскусіі адбываліся па тэарэтычных пытаннях, гэта значыць, закраналі нейкія агульныя палажэнні стану кінематографа. Богша звы­чайна выступаў больш грунтоўна, Кірыла — з той сялянскай практычнасцю, якая хоць і не дужа прэтэндавала на тэарэтычныя абагульненні, затое давала свой плён.