Выбрать главу

Дзіда-дзед разумеў, што Сарока сарокай астанецца, хоць яна цяпер і неўміручая. Каб увекавечыць яе асабіста, ён і не стараўся б пасадзіць Смерць у табакерку. Эге!

А тым часам у лесе такая радасць, нібы ўсе толькі што выратаваліся ад страшнага пагрому, які цягнуўся з тых далёкіх часоў, як свет стаіць на сваіх уласных ножках.

Птушкі спявалі як ніколі. А якія птушкі? — ранейшыя лютыя між сабой ворагі. Каршуны і вераб'і, арлы, галубкі, сокалы, вароны, крумкачы, дразды, дзятлы, буслы, плісачкі, сініцы, зяблікі, удоды, зязюлі, качкі, селезні і многія-многія іншыя розных парод і плямён.

Навокал іх кружацца мухі, пчолы, авадні, осы, матылькі, жукі і жучкі. Арол пасадзіў сабе на магутную спіну статак кволых гусянят ды вандруе, лунае з імі над лесам асцярожненька, каб яны не зваліліся ўніз. I не бяда, калі зваляцца, бо не заб'юцца.

Муха вучыцца ў павука ткаць. Ці ж яна хоча стаць ткачыхай?

Смерць запалонена. Усе жывыя істоты цяпер не ўміручыя. Як жа ім не радавацца ды не гуляць?

На лісіцы — рыжай і пушыстай — сядзіць курыца і весела кудахча. А пад лісіцай грэецца кучка кураня так. Лісіца круць і верць хвастом ва ўсе бакі і пяшчот на матчынымі вачыма паглядае на куранятак. На галаве гэтай самай лісіцы стаіць певень і спявае на ўвесь лес:

Кукарэку, табакерка! Смерць сядзіць у табакерцы! Кукарэку, няма Смерці! Радасць, радасць на ўсім свеце! Кукарэку! Кукарэку!

Дзіўнае стада ідзе лясной дарогай: мядзведзі, ваўкі, барсукі, зайцы, расамахі, авечкі, каровы, быкі, свінні, коні, казулі, ласі, дзікія кабаны ды многія-многія іншыя — усіх не перакажаш — язык намазоліш.

Галасы і гукі ўсіх гэтых жывёл і звяроў — на першы слых разнастайныя, а паводле свайго аднолькавага радаснага пачуцця вельмі падобныя адны да адных. Вдаецца, што гэта на розных інструментах граюць адзін і той самы радасны марш.

Якія ў іх цудоўныя вочы! Нібы хтосьці дзіўнай хустачкай выцер ім усім вочы — не стала драпежніцкага бляску ў адных і выразу страху ў другіх. Якія постаці! Усе яны выражаюць лагоду, дабрату, радасць і любоў, уважлівасць і далікатнасць.

За гэтым дзівосным стадам з хварасцінай у руках павольна ступае маленькая, босенькая, сінявокая, белавалосая дзяўчынка-пастушка. У яе статку была адна кароўка, дзве авечкі і пара рабенькіх парасят. Пастушка нават не паспела агледзецца, як вырасла яе стада.

Ногі ў бедненькай пастушкі закарэлыя ад гразі і патрэсканыя да крыві. Рукі яе ў сіняках і твар у сіняках. Мабыць, старшыя вечна крыўдзілі яе, бязлітасна білі. Яе адзенне — мяшок, цвёрды, як луб. Затое вочы ў малой пастушкі ззяюць радасцю неўміручасці... Яна сама не ведае, што водсвет неба ў яе вачах ніколі-ніколі не пагасне. Яна сама не ведае, што ніколі-ніколі жыццё не вылеціць з яе сэрца.

Пастушка дзівіцца на сваё небывалае стада і смяецца дзіцячым галаском.

* * *

— ...А ты, дзядок, зрабі нам ваўчка, і мы на ім будзем катацца следам за нашым Дзіда-дзедам,— папрасіў унук.

— Будзем катацца на ваўчку, як Дзіда-дзед,— паўтарыла ўнучка.

— Добра, дзеткі, добра! — абяцаў дзед.— Зраблю ваўчка!

Яны ўзялі кошыкі з баравікамі і пайшлі дахаты. Вярнуліся яны без лішніх прыгод, калі не лічыць таго, што пад адной арэшынай жартаўлівая вавёрка пачала кідаць у іх пустымі арэшкамі.

I яшчэ адна прыгода.

Яны ў другі раз угледзелі старога ваўка. Унукі-зайчыкі кінуліся наўздагон, каб пакатацца на ім, як Дзіда-дзед. Стары, падслепаваты воўк не бачыў, хто за ім гоніцца, і пусціўся з усіх ног наўцекача.

Дзед, глядзеўшы на гэту сцэну, паківаў галавой і з сумам сказаў:

— Няхай бы хоць старасці не было на свеце...

Дома дзеда чакала напаленая лазня. Ён зняў з падстрэшша бярозавы венік і пайшоў парыцца на гарачым палочку. Дзед быў на гэта вялікі ласун. Параным венікам старанна сцябаў яго ўнук. Дзед паварочваўся з боку на бок ды ўсё маліў, прасіў:

— Яшчэ! Яшчэ! Сып між лапаткамі! Не шкадуй старога грэшніка! Не шкадуй, унучак мой! Жар па паясніцы! Яшчэ... яшчэ... Ой-ой-ой, добра! Ай-я-яй, добра! Яшчэ-яшчэ-яшчэ! У-у-у-х! А-а-ах!

I чым больш унук перабіраў яго костачкі гарачым венікам, тым больш дзед вохкаў ад прыемнасці і прасіў яшчэ... Потым яны мыліся гарачай і халоднай вадой. А калі дзед намыліў унуку галаву, унук крычаў «горка». Мыла папала яму ў вока. Унук плакаў, а дзед смяяўся і стыдзіў яго.

З лазні яны выйшлі такія бадзёрыя і лёгкія, нібы скінулі з плеч па сто пудоў. З коміна хаткі плыў у неба тоненькі шызы дымок. Тапілася печ. Маці рыхтавала на абед баравікі.