Выбрать главу
* * *

Аптэкар Савіцкі астаўся адзін. Яго агарнулі цяжкія, нібы каменні, думы. Ён мог са сваёй работай справіцца хутка. Ён мог адцягнуць яе на год і больш. Пры неўміручасці год і адна хвіліна адно і тое самае. Аднак у падзямеллі і хвіліна вечнасцю здаецца, а яму, Савіцкаму, хочацца паглядзець родную зямельку, родную сям'ю... Калі гэты чорны каталіцкі поп праўду кажа, што ён хоча ўсыпіць толькі агідных рыцараў Смерці, дык мой абавязак дапамагчы яму. I ён рашыў: чым хутчэй я зраблю, тым хутчэй я адгэтуль выйду...

Ён працаваў без перапынку круглыя суткі, не ведаючы, калі на дварэ дзень і калі ноч. Святло сюды ніколі не пранікала. Пахла вельмі кепска, і было вільготна.

Калі кардынал прыносіў чарговыя порцыі хлеба, вады і свечак, дык бачыў, што гара парашкоў расце з кожным разам.

Так аптэкар працаваў больш месяца. Урэшце ён сказаў, што ўсё гатова. Ад радасці кардынал яго пацалаваў у губы і прамовіў:

— Дзякую, пане Савіцкі, дзякую! — Пры гэтым ён перанёс усе мяшкі і скрынкі па-за круг дзейнасці аптэкара, каб той, прыкуты да ланцуга, не мог іх даставаць.— На дзесяць год дзейнічаюць? Добра! Буду выпрабоўваць.

— На кім будзеце выпрабоўваць?

— Вядома — на людзях. У мяне ёсць кеп, дурань і блазан. Папробую на ўсіх трох разам. Гэта мае тры памочнікі, якія вам ручкі і ножкі звязалі, анучаю рот запхалі, хусткай вочы завязалі і да гэтай сцяны ў ланцуг закавалі. Калі яны заснуць, дык разам з імі засне ўся гэта справа, пра якую будуць ведаць толькі я і вы...

— Вы такі мярзотнік, як і яны! — з абурэннем сказаў аптэкар.

Даўганосы езуіт усміхнуўся змяінай усмешкай і з вялікай скромнасцю сказаў:

— Вы, пане Савіцкі, сказалі праўду толькі напала віну. Я куды большы мярзотнік за іх і гэтым шчыра ганаруся. Вось што з вашымі парашкамі буду рабіць: буду ўсыпляць на зямлі цэлыя краі і народы. Зраблюся гаспадаром усяго свету. Дастану як-небудзь табакерку са Смерцю ў Зайца. I ніколі не выпушчу яе са сваіх рук. I мы з вамі будзем вечна жыць і рыхтаваць найлепшыя мясныя блінчыкі з вашых слаўных бурачкоў.

Аптэкар Савіцкі ад абурэння моцна рвануўся, і яго жалезны ланцуг зазвінеў і нацягнуўся, як струна.

— Вы, кардынал, найвялікшы разбойнік на свеце!

— Вы мяне перахвальваеце, пане Савіцкі! Я толькі дамагаюся стаць такім... За праўду б'юць. Гэта закон жыцця, не напісаны ні ў якіх зводах законаў. Але, хоць вельмі непрыемна мне, прыйдзецца пабіць вас, дарагі і любы. Вы будзеце адпачываць на гэтым курорце дзесяць год. Я ж хачу праверыць, ці вы не памыляецеся, а можа, праз год мае тры саракагадовыя хлопчыкі ў чорных спаднічках святых манахаў прачнуцца? Які ваш погляд на гэта, шаноўны пане?

Аптэкар маўчаў, збялеўшы, як палатно.

Кардынал уздыхнуў глыбока і, выпучыўшы вочы ад глыбокага спачування, звярнуўся плачучым голасам да аптэкара:

— Можаце не адказваць на маё запытанне. Без слоў адчуваю ваш адказ. Выйшла так, як кажа ваша беларуская прымаўка: «Папрасіліся злыдні на тры дні, а цяпер іх ніяк не выганіш...» Значыць, мы з вамі ўмовіліся — дзесяць гадкоў. Глупства! У вас, здаецца, ёсць сын? Трохмесячны? Ну, вось... Прыйдзеце дамоў, і яму будзе ўсяго дзесяць год. Правільна я кажу? Не. Яму будзе дзесяць год і тры месяцы. Ах, як мне шкода вашага сына....

Кардынал Баніфацый пачаў выціраць слёзы з вачэй...

— А вы нават не плачаце, пан Савіцкі? Які вы нягодны бацька...

Аптэкар Савіцкі сцяў губы і маўчаў.

Некалькі гадзін кардынал выносіў з падзямелля скрыні і мяшкі з парашкамі на дзесяцігадовы сон. Аптэкар Савіцкі не зводзіў з яго вачэй. Калі кардынал узяўся рукамі за апошнюю скрынку, аптэкар сказаў:

— Пачакайце!

— А што? — запытаўся кардынал.— «Рукамі рухай, а носам не нюхай?» Хочаце мне сказаць, каб я сам па неасцярожнасці не заснуў?

— Не тое.

— Дык што?

— Парашкі ў гэтай скрынцы зусім іншага гатунку.

— Можа стогадовыя? Гэта было б яшчэ лепш...

— Не тое,— адказаў аптэкар.— У гэтай скрынцы парашкі супроць сну. Даць панюхаць заснуўшаму адзін з гэтых парашкоў, дык прачнецца...

Чорны езуіт аж падскочыў.

— Значыць, уваскрашэнне?

— Нешта падобнае.

— I гэта карысна! I гэта выпрабуем! Вы, пан Савіцкі, геніяльны чалавек. Вы творыце сапраўдныя цуды. А цудадзеі нашай каталіцкай рэлігіі ўмеюць толькі брахаць на ваду і гаўкаць на струхлелыя пні. Я пракланяюся перад вамі! Калі зраблюся папай рымскім, дазволю вам кожны дзень цалаваць крыжык на маёй правай пантоплі.

Езуіт стаў перад аптэкарам на калені і тонам малітвы прамовіў:

— Вы — мой бог... А таму, што вы мой бог, я вам больш есці сюды прыносіць не буду. Крыху будзеце пакутаваць. А то можаце прыняць парашок на сон. Дзесяць год менш за кроплю ў акіяне вашага вечнага жыцця.— Ён падаў аптэкару парашок.— Вось вам. Не скажаце, што я благі... Спіце на здароўе. А калі вы мне запатрабуецеся, я вас, прашу прабачэння, разбуджу... Калі канакрад патрэбен, яго з шыбеніцы здымаюць...