Выбрать главу

Кардынал Баніфацый выйшаў з апошняй скрынкай у руках.

Аптэкара агарнула магільная цішыня, у якой яго сэрца выстуквала словы:

— Мяне адгэтуль не выпусцяць ніколі...

Ён задрыжаў, і яго ланцуг зазвінеў.— Ніколі... ніколі... ніколі...

Аптэкар кінуўся на салому і астаўся ляжаць без руху.

На стале гарэла апошняя свечка, якая асвятляла не вялікі круг, нібы вырваны ў цемры. За гэтым кругам была чорная вечная ноч падзямелля: ноч — без неба, без волі. Ноч — страшнейшая за магілу, бо аптэкару прыходзіцца жыць тут вечна.

Доўга ён ляжаў нерухома і не заўважыў, як пагасла апошняя свечка. I ён падумаў:

«Хвіліна слабасці — і я нарабіў людзям куды большыя пакуты, чымся мог сабе ўявіць. Іх мне растлумачыў агідны кардынал. Цяпер жыццё і смерць людзей у яго руках. Заяц падліў масла ў лямпу ўсяго света, а я падкруціў кнот, і лямпа можа патухнуць у парашках сну... Адзін паратунак — смерць кардынала. Чымся ўсыпіць увесь свет, лепш адчыніць табакерку...»

Больш аптэкар ні аб чым думаць не мог. Ён бачыў у поцемках вось што:

...Трохмесячны хлопчык... Маленькі, як лялька, сінявокі. Ён смяецца... Клікнеш «Антоська» — павернецца да бацькі...

Аптэкар Савіцкі не плакаў. Ён дастаў з кішэні парашок на стогадовы сон, глынуў і адчуў у роце прыгорклы смак. Яму стала сцюдзёна. Ён пачаў дубець. Нібы ад вялікага марозу. Засыналі рукі, ногі. Сон плыў па яго крыві, нібы лёд. ...Маленькі Антоська выцягваў да яго ручкі і ўсміхаўся. «Ця-ця-ця-ця...» — гаварыў хлопчык. I сынок пачаў расплывацца ў густой цемры. Не. Гэта не хлопчык. Гэта ў небе жаўранак звініць: «ціў-ціў-ціў-ціў...» Аптэкар Савіцкі заснуў на сто год.

Цішыня...

* * *

Дзед змоўк. Унукі маўкліва хавалі вочы адно ад аднаго. Дзед нанюхаўся тытуню і сказаў:

— Вы ўжо навучыліся чытаць, мае ўнукі. Я нагаварыў вам нямала невядомых вам слоў. Птушкі па зернятках збіраюць і сытыя, а вы, дзеткі, па слоўку збірайце і будзеце мудрыя. Без прылады і волас з галавы не вырвеш. Я вам купіў прыладу для незразумелых слоў — слоўнічак у сіняй вокладцы.

Дзед вынес ім з каморкі слоўнік і навучыў знаходзіць незразумелыя словы. Потым ён звярнуўся да ўнукаў:

— Глядзіце, якое цёплае сонца! А ўсюды павуцінкі. На ліпах, на вязах і дубах цэлыя космы пажоўклых лісцяў — акурат кусткі першай сівізны ў барадзе чалавека.

Шануйце, дзеткі, сваю вясну, тады і ваша восень будзе сытая і сонечная. А восень ідзе шпаркімі крокамі, нібы добры конь пад добрую пугу. Пара, дзеткі, бульбачку выбіраць. Яна ў нас не менш цудадзейная за буракі аптэкара Савіцкага. Бульбяныя аладачкі з маслам, разбаўленым на гарачай скаварадзе, грэюць маё старое сэрца гарачымі далонямі. Такія аладачкі — мае найлепшыя прыяцелі. Канешне, пасля ўнукаў. Я для вас, родныя, сплёў два кошыкі на бульбу. Будзем на полі працаваць.

— А гісторыя Дзіда-дзеда?! — устрывожыліся ўнукі.

— Прыйдзецца адкласці на тыдзень, а мо нават і больш. Падрыхтуецца лепш апавядач, з большым смакам будзе слухаць слухач.

Статуі

Пасля ўборкі бульбы пачалася малацьба. Унукі пайшлі ў школу, а дзед, напрацаваўшыся за дзень, увечары спаў. Дзед вызваліўся ад працы толькі тады, калі выпаў першы сняжок. Да вясны ён перабраўся на вялікую печ, і пад гуд калаўрота нявесткі ён апавядаў малым працяг гісторыі Дзіда-дзеда.

— Мы,— пачаў дзед,— пакінулі аптэкара Савіцкага ў падзямеллі, дзе ён быў прыкаваны кардыналам Баніфацыем на векі вечныя да сцяны. Аптэкар прыняў сонны парашок і заснуў на сто год. Вось табе і яго мясныя буракі ды ўсё іншае. Як гэта кажуць: сем год шапку шыў ды за адну раніцу згубіў.

— Я на месцы Савіцкага не згадзіўся б зрабіць кардыналу Баніфацыю сонных парашкоў,— сказаў унук,— Савіцкі не герой.

— Я тое самае кажу,— пацвердзіла ўнучка.

— Праўда,— сказаў дзед,— вельмі лёгка хітры кардынал выцерабіў у аптэкара дубняк і бярэзнік і адрэзаў яму крыллі так, што аптэкар ляцеў вышэй азярода і ўпаў у яму ніжэй гарода. Але справа ў тым, што кардынал абмануў аптэкара, сказаўшы, што соннымі парашкамі ён хоча ўсыпіць чорных рыцараў Смерці. Не будзем строга судзіць беднага Савіцкага, які пакінуў дома жонку і маленькага хлопчыка. Яго ўзяў на хітрыкі кардынал, які сам рыбку з'еў, а беднаму аптэкару і юшкі не пакінуў...

Баніфацый дабіўся свайго. Ён усыпіў Кія дзесятага і сам зрабіўся папай — Баніфацыем першым. Кія дзесятага ён кінуў у рэчку ў жалезнай труне і пусціў чутку, што за вялікія дабрачыннасці бог забраў на неба святога Кія. А ён, Баніфацый першы, сам завёз яго за воблакі на шасцёрцы крылатых коней прарока Ільі.