— Гэта вы скамарохі? — запытаўся пан.
— Гэта вы бязбожнікі? — запытаўся ксёндз. Цар скамарохаў адказаў:
— Скамарохаў мы толькі што спалілі на нябесным агні, а вецер панёс іх попел на мхі і балоты, на пустыя лясы. Мы моцна загневаліся, калі ўгледзелі, што скамарохі-чэрці паганяць вашу святую зямельку.
— А вы самі хто будзеце? — запытаўся пан.
— Вы манахі? — запытаўся ксёндз. Цар скамарохаў растлумачыў:
— Я бог, а гэта мае ангелы...
Пан і ксёндз кінуліся перад імі на калені і ў адзін голас узмаліліся:
— Даруй нам грахі, божанька літасцівы... Цар скамарохаў гнеўна сказаў:
— А чаму вы бедных людзей так мучаеце? Чаму вы ім есці не даяце?
Спалоханы ксёндз пачаў вінаваціць пана:
— Пан па скупасці нікому есці не дае. Ён хавае крупінку на злую гадзінку.
Спалоханы пан пачаў вінаваціць ксяндза:
— Гэта ксёндз сказаў, што трэба пасціцца, бо пост — да раю залаты мост.
— I ніхто ў вас не памірае? — запытаўся цар скамарохаў.
— Ніхто, божанька літасцівы, у нас не памірае ўжо каля двух год,— сказаў ксёндз.
— Так, так, божа салодкі,— дадаў пан.
— Ах, вы дурныя і хітрыя! — загневаўся яшчэ больш цар скамарохаў.— Голадам морыце людзей! Бязбожнікі вы! Грэшнікі вы! У пекла я вас кіну! Вы хоча цемець вечных дармовых парабкаў?
— Ой, ой, ой...— узмаліўся пан.— Строгі бог гасподзь, і за лучынку знойдзе прычынку, каб накрычаць...
А ксёндз біў сабе кулаком у грудзі ды шаптаў:
— Даруй, божанька... Даруй, божанька... Даруй, божанька...
— Уставайце з каленяў і садзіцеся ў карэту! Ксёндз і пан так зрабілі.
— А мы, божанька, іх вазіць не будзем,— сказалі людзі, што валаклі панскую карэту.
— Ваша нежаданне вазіць паноў мяне вельмі радуе,— сказаў цар скамарохаў.— Значыць, ліха вас доўга няньчыла... Гэта добра! Злазьце, пан, ксёндз, з карэты!
Пан і ксёндз паслухаліся.
— А вы, людзі бедныя, лезьце ў карэту! Людзі селі ў карэту.
— Пан і ксёндз! У аглоблі! Любілі катацца, пакатайце і іх!
— Сілы не маем, божанька... Мы не прывыклі. Тады цар скамарохаў загадаў фурману, які сядзеў на козлах:
— А ну, усып ім гарачых, тады яны набяруцца сілы!
— Я гэта, божанька, з прыемнасцю зраблю! — абрадаваўся фурман і пачаў бізуном грэць пана і ксяндза.
Яны пусціліся галопам, як жарабцы.
— Калі яны сем разоў аб'ездзяць навокал поля, няхай зноў вернуцца сюды! — закамандаваў цар скамарохаў.
Пан і ксёндз спрытна скакалі ў аглоблях, аж пыл і дым курыў, а «бог» і «ангелы» рагаталі, як жарабцы. Ажно водгаласкі покатам каціліся з бярэзніку і з чыстага поля.
Калі карэта спынілася каля цара скамарохаў, пасля таго як пан і ксёндз павазілі парабкаў, цар скамарохаў сказаў лагодным голасам:
— Вы ўспацелі і стаміліся. Вы, конікі, гагочаце і ў сваю канюшаньку хочаце... Дарую вам грахі. Садзіцеся ў сваю карэту! Вось вам па адной табакерцы! Нюхайце з іх райскі тытунь! Гэта табакеркі архангела Гаўрыіла і архангела Міхаіла.
— Дзякую,— сказаў пан.— Вось гэта я люблю таму, што дармавое.
— I таму, што райскае,— дадаў ксёндз.
— Нюхайце! Нюхайце! — далікатна папрасіў цар скамарохаў.— Нюхайце!
Ксёндз і пан пачалі нюхаць і чхаць.
— Апчхі! Апчхі! Апч...— і, не вычхаўшыся як след, пан і ксёндз заснулі і акамянелі ў карэце, бо цар скамарохаў усыпаў у бяроставыя табакеркі парашок на дзесяцігадовы сон — майстэрства рук аптэкара Савіцкага.
Цар скамарохаў пахваліў парашок і майстра:
— Дзела дзельніка баіцца.
Калі везлі ў маёнтак у карэце акамянелых пана і ксяндза, вакол іх збіралася шмат народу. Скамарохі, скінуўшы тэатральную вопратку, памагалі падпіхваць карэту.
Цар скамарохаў расказаў усё парабкам, і яны папрасілі яшчэ некалькі сонных парашкоў для суседніх паноў і ксяндзоў.
Па дарозе да падзямелля, дзе спаў аптэкар Савіцкі, скамарохі пачаставалі сонным парашком з бяроставых табакерак немала благіх людзей.
Дзед закашляўся так моцна, што мусіў спыніць апавяданне. Яго напаілі ліпавым цветам і палажылі спаць, а ўнукі ўзяліся за ўрокі.
Аж да самай вясны хварэў дзед. Унукі прынеслі яму некалькі свежых пралескаў.
— Гэтыя пралескі,— сказаў дзед,— першы парашок супроць сну, які цар скамарохаў даў панюхаць зямлі, каб разбудзіць яе ад зімовага сну. Хутка сонца знішчыць апошні снег па лясах. Смерць зямлі схавана ў табакерцы-сонцы. Спявае жаўранак. Прылятаюць буслы, шпакі ды іншыя крылатыя скамарохі.
Дзед быў яшчэ вельмі слабы і спыніў гутарку. Праз пару хвілін ён сказаў:
— Як толькі ачуняю, скончу апавядаць гісторыю Дзіда-дзеда. Мы нашага Іванца давядзем на канца. А пакуль што вы, унукі, будзеце мне апавядаць гісторыю жытняга поля.