Гэта я памятаю таксама жыва, як той Аксенін выезд, стоячы, з бацькоўскай брамы. На дзікі крык з суседняга прыгумення пачалі збягацца людзі, пабег і я, тады ўжо дзяцюк. Малатарня спынілася. І раней, праз гул яе, і цяпер крычаў не Тодар, крычалі іншыя. Галасіла, прыбегшы, двароў цераз дзесяць, Аксеня. А ён стаяў, як прывязаны сваёй раструшчана падаўжэлай, крывавай рукой да аціхлых цапоў, збялелы, але ж і сам яшчэ камандаваў, як раскручваць, развінчваць барабан, і толькі потым ужо, як садзіўся на воз — у мястэчка, да доктара — самлеў.
Нехта — не памятаю, хто — першы падгледзеў, як ён пасля бальніцы, ужо толькі з адной правай, пакутліва прымяркоўваўся, намагаўся засупоніць хамут. Сусед хацеў дапамагчы, але Тодар ажно ўзлаваўся. Крычаў, што сам павінен, сам навучыцца — і запрагаць, і ўсё!..
У самога была ж і сама. І не для бабскай каманды ці звягі,— сяброўка, памочніца.
Так яны ўжо і векавалі ўдваіх, доўга жылі — доўга пры мне, яшчэ даўжэй без мяне ў нашай вёсцы,— спачатку бедна, а потым і ў новай хаце, на нейкай пенсіі, з чатырма вуллямі ў садочку.
Ды вось яго ўжо няма, а яна ўсё жыве, як быццам непрыкметны, ціхі і нязбыўны подзвіг яе жыцця яшчэ ўсё чамусьці трэба працягваць.
Сумна?
А можа, якраз і лягчэй ад такога вось клопату — пра магілу?..
Зноў жа па сцежцы ў жыце я выйшаў з даліны на самы верх нашай «гары» — узвышша з сонечна-ясным, раскошна летнім аглядам на ўсе бакі свайго свету. Спыніўся на абочыне нядаўна заасфальтаванага гасцінца, пастаяў.
Хораша. І далёка відно.
А якая ж тут, можна сказаць, адбылася вялікая змена дэкарацый. Не адна.
Што тут «ігралася» ў папярэдніх дзеях даваеннай, ваеннай і пасляваеннай гісторыі — відно ўжо нямногім. У тым ліку і мне. І я магу нямала расказаць, якімі былі навакольныя вёскі раней, дзе тут навокал віднеліся, куды і як падзеліся тыя маёнткі ды маёнтачкі, замест якіх распасцерлася хлебная чыстаполіца, хто тут, па нашым гасцінцы, па нашых дарогах ды сцежках ездзіў, хадзіў, якія значыў, пакідаў сляды. І я ўжо магу... ох, як нямала палічыць тых, каго ў розны час рад быў вітаць, па кім сумую, то свяжэйшым, то адбалелым сумам, каго часамі згадваю, пазнаўшы яго рысы ў сыне ці ў дачцэ...
Маруся?
Не, па бацьках яе, шчыра кажучы, я не сумую, бо з імі, значна старэйшымі, не дружыў. Яна для мяне — сама па сабе. Вось прыгадалася і тут, зноў, як на могілках, у падвойным успаміне — свежым, сённяшнім і ўжо таксама даўнім, нават і ў дачыненні да яе, яшчэ так нядаўна дзяўчынкі, пасляваеннай сіраты, бацька якое загінуў на фронце, а маці адна паднімала трое малых.
А ўжо тым часам і дваццаць гадоў з той раніцы, калі я, трохі пабыўшы ў сваёй вёсцы, вяртаўся аўтобусам у горад, які ўжо таксама стаў мне сваім.
Маруся сядзела побач са мной, ад акна. Дзве яе сяброўкі, не з нашай вёскі, але таксама выпускніцы местачковай дзесяцігодкі, сядзелі, далей, за намі. Тыя і на прыпынку, да аўтобуса, больш за яе маўчалі, а цяпер мы з ёю і зусім былі як адны. Спачатку яна шчабятала пра свае няхітрыя ранне-дзявочыя навіны, час ад часу вярталася да трывогі — ці ўдасца ж паступіць у тое медвучылішча, а потым пачала драмаць. Летняя ночка — на песні — і так маленькая, а паненка ж і з вечарынкі вярнулася, бадай, на світанку. На сваім пажылым і ўжо тым часам натруджаным плячы я неўзабаве адчуў яе галаву. Румянашчокую ды сінявокую, з просценькай русай прычоскай.
І ў гэтым столькі было ўжо хвалюючага цяпла і яшчэ ўсё дзяцінага даверу, што я і тады быў шчаслівы, і цяпер яно ўспамінаецца — з удзячнасцю і нібы са сваяцтвам.
Потым прыемна было пачуць, што Маруся і паступіла, куды ёй хацелася, а закончыўшы медвучылішча, была размеркавана ў свой раён, дзе неўзабаве ды вельмі ўдала — па школьнай дружбе, якая стала каханнем,— выйшла за аднакласніка, дужага і маўкліва-талковага Віктара. Ён пасля школы застаўся ў вёсцы, пры сваіх «старых», тым больш што бацька вярнуўся з вайны інвалідам, закончыў хлопец курсы ў райцэнтры, — механізатар шырокага профілю. А яна працавала ў бальніцы, куды, за шэсць кіламетраў, то ездзіла ўлетку на веласіпедзе, то пад'язджала ў непагадзь і зімой на рэйсавым аўтобусе, а то дык і Віктар часамі на матацыкле падвозіў, асабліва на першым годзе,— хоць і рахманы, а з горда стрыманай усмешкай.
Многія хаты ў сённяшняй вёсцы больш адпаведна называць дамамі. Нямала, праўда, і такіх, дзе або ўжо няма каму жыць, або заўтра-пазаўтра не будзе каму. Сумна, трывожна... Калі ж хата яшчэ жывая, а да таго і спраўная,— міма такое добра і прайсці, і, чаго добрага, спыніцца.