Дзяўчо-дырэктарка неяк прызналася мне:
— Калі ўжо што зусім-зусім не так, не вытрываць, дык я найду сабе ў лес, там паплачу-паплачу, а потым зноў...
Я расказаў пра гэта старшыні, і ён сабраў адпачываючых на «невялічкі агульны сход». Спакойна, тактоўна, з гаспадарскай годнасцю ён папрасіў нас захоўваць парадак, наважаць персанал і дырэктара дома або, калі каму не даспадобы тут, «дык мы не будзем настойваць на тым, каб нам рабілі вялікую ласку...».
Пасля сходу,— а было гэта на першым годзе майго там з сям'ёй адпачынку,— Ірынка, здаецца, больш не хадзіла ў лес супакойвацца.
Пасмялела яна спакваля, пасталела.
Тады ж, на першым годзе, адзін з інтэлігентаў, з выгляду чалавек прыстойны, як аказалася, патаемна ўсё думаў пра хуткую пенсію. Не так сабе, а ў сувязі са «Шчарынкай». «От дзе каб стаць дырэктарам! Паветра, рыбка, грыбы, малачко... Перавесці б толькі дом па прафсаюзны, зняць гэтае дзяўчо!» Ажыццяўленне задумы пачаў ён з таго, што кожны дзень запісваў пра ўсе непаладкі ды непападанні, а потым, на развітанне, сшытак свой даў старшыні.
— Паглядзіце, падумайце, ці такі вам патрэбен дырэктар.
Старшыня пагартаў той сшытак, прачытаў два-тры запісы і, як заўсёды стрымана, сказаў:
— Дзякую вам за пільнасць. У нас праўленне ёсць. Мы абмяркуем.
А сшытак потым паказаў Ірынцы.
Паколькі першы спосаб «не спрацаваў», на другое лета пільны таварыш, яшчэ на год паразумнеўшы, пачаў капацца пад самога старшыню.
— Ты камсамолка? — сам-насам спытаўся ён у Ірынкі.
— Ну, камсамолка.
— Дык давай пагаворым пра недахопы вашага старшыні.
— А вы што, ужо і на яго сшытачак завялі?
Бачу яе маладзенькі, усмешлівы твар. Бачу
разгублена-злосную губу таго барацьбіта... Ірынка расказала мне пра тую іх размову.
Даўно гэта было, пятнаццаць год таму назад. Шаноўны Павел Фёдаравіч, старшыня, памёр. Пасля яго там ужо другі ці, можа, і трэці прыйшоў. Калі ў мяне летась узнікла пільная патрэба зноў звярнуцца ў «Шчарынку», я не падумаў, што дырэктарка там тая самая. Пазваніў як незнаёмы, пачаў прадстаўляцца, тлумачыцца, пакуль у міжгароднім хрыпе ды трэску не распазнаў па-даўняму вясёлы голас. Яна адразу пазнала мяне, адразу назвалася тым даўнім, звычным імем, потым зрабіла ўсё, пра што я папрасіў, аднак, здаецца, найбольш прыемна было проста пачуць яе, нібы ўбачыць — праз столькі гадоў тую самую.
Днямі, яшчэ праз год, перабіраючы старыя запісы, я, ледзь не як штосьці чужое, перачытаў чарнавыя накіды да напісанага ў «Шчарынцы» апавядання-эсэ «Дажджлівы, сонечны жнівень». Я гавару там пра старшыню безымянна, а гэта быў ён, Павел Фёдаравіч. Ён прыехаў па мяне пахмурным ранкам і, моўчкі павітаўшыся, рука ў руку, ціха, з усмешкай захаплення расказаў ажно пра трох ласёў, што запынілі яго па лясной дарозе.
— Яны стаяць, і я стаю. Проста цуд!..
А для мяне гэта, у тую раніцу, цуд быў не першы, а другі. Так і запісана было, што першы цуд — Ірынка.
Устаў я вельмі рана, выйшаў на двор, у хмарную, ледзь-ледзь не зноў шапатліва мокрую ціхасць асцярожна, бо вокны на першым і другім паверхах былі яшчэ зусім сонна прыадчынены. Нідзе нікога, ні каля дома, ні трохі далей. І раптам з-за шаляванага вугла выйшла яна, гаспадыня. Павіталася, як заўсёды, з непрытворна прыязнай усмешкай.
— Толю да рэчкі правяла,— сказала прыцішана.— Moжa, што-небудзь і возьме. Гароху паварыла вечарам. Такі ўжо рыбак,— усміхнулася, як пра малога, роднага.— Сёння ж во свята ў яго з учарашняга вечара: дождж.
У самое таксама ж свята. Толя прыехаў увечары на матацыкле і заначаваў. Яны пажаніліся гэтай вясной, да іхняй вёскі дзевяць кіламетраў, а ён жа механізатар — часамі па тыдню і болей не бачацца.
— А вам пісьмо,— успомніла яна.— Прабачце ўжо, што вечарам не аддала. Забылася. Я вынесу.
Я пайшоў следам за ёю, у пакойчык на другім паверсе, і спыніўся там па парозе.
Нa стале ў дырэктаркі — кветкі ў збанку, а на чысценькім, ужо засланым ложку стаіць вялікая лялька. Не вясельны галыш з аўтамабільнага капота, а светлая беларусачка ў народным, што і летась яшчэ стаяла каля падбітай, пухкай падушкі. Тады, калі ў гаспадыні пакоя была, відаць, толькі мара, надзея, загадка: хто ж сюды прыйдзе гаспадаром?..
Чарнявая, блакітнавокая, з вяснушкамі па загары, ад чаго яе... ну, зусім маладая, шчасцем адораная краса — цяпер, здалёк — бачыцца яшчэ больш сумнавата-соладка прывабнай. У светла-стракатай сукенцы, з фігуркай яшчэ ўсё дзявочай.