Выбрать главу

Мы маўчым і глядзім.

І я чакаю — даўнім, юнацкім чаканнем,— што за ракою, на стозе і на пакошы, за нас і нашай радасцю вось-вось запляскаюць-заклякочуць у яснае неба буслы.

1982

Пад зямлёй

Гэта адно — упершыню захапляцца ці зноў і зноў, праз гады, тыдні, дні любавацца зялёнымі, шэрымі, белавяршыннымі горамі, бачачы іх толькі звонку, здалёк ці зблізку, а то і глыбока ўнізе, з сонечнага самалёта.

І гэта другое — бачыць іх, горы, пасля таго, як ты пабываў у іх... так, у іх усярэдзіне.

Такое было ў мяне ў Новаафонскай пячоры.

Як я слухаў раней пра гэта, не раз і не два, як мог звязваць такое з манастыром, з пячорамі пустэльнікаў, а не з падзямеллем, скажам, старой Вялічкі? Тое, польскае, з дзівоснай саляной капліцай, зробленай двума братамі-шахцёрамі, дзе і скульптуры, і люстры, і саляныя азёры, дзе дыхаецца так прасторна, на ўсе грудзі,— тое ўспаміналася мне пад зямлёй, аднак жа грузінскае, новаафонскае не параўнаць па размаху, па нерукатворнасці ўсёй падземнай красы. З яе высознымі, да ста метраў, скляпеннямі, таямнічым бяздоннем возера, далёка ўнізе пад масткамі, казачнай застыласцю кальцыевага вадаспаду, сталактытавых і сталагмітавых векавых утварэнняў, фантастычнага прыроднага майстэрства — незнарокавага, геніяльнага між іншым...

Ну, і лёгка ўзмоцнены мікрафонам голас экскурсаводкі з грузінскім акцэнтам, і грузінская музыка, песня, сваячка горнага рэха, песня і музыка, што так прыемна гаворыць пра веліч малога (колькасна) народа...

Зрэшты, і немец Бах таксама добра гучыць пад зямлёй, у гарах, у іх глыбіні, яшчэ раз гаворачы пра несмяротнасць сапраўднага.

1978

Шклянка малінавага соку

Магіла пераначавала пустой, а назаўтра, калі прыйшлі туды з труною, на дне магілы ўбачылі жывога вожыка. Хоць і зіма яшчэ была, толькі пачатак сакавіка.

Яго дасталі, бо «шкада, жывое».

Я сам не бачыў гэтага, толькі пачуў пасля, калі ўсе дарослыя вярнуліся з могілак на памінкі. У нашу хату, бо гэта хавалі нашага бацьку.

Не бачыў — бачу...

*

Падарожжа вакол Еўропы — гэта ж так многа! Бачу з адлегласці, чытаючы ўспаміны пра Паўстоўскага. А ў мяне ж у тым самым пяцьдзесят шостым годзе была яшчэ і Югаславія, і Польшча, на той раз Беласточчына і Варшава.

А ўчора, калі глядзелі па тэлевізары «У свеце жывёлаў», дзе былі жабы і апалонікі, успамінаў, як мы ў маленстве заўважалі вялікае ў малым, як многа бачылі нават у такіх балотцах, як наша Ракоўшчына, якое цяпер, пасля меліярацыі, даўно ўжо няма.

*

Было нам па дзесяць гадоў, калі Абрам, мой школьны сябрук, на перамене зірнуўшы ў акно, першы ўбачыў, што па золкай асенняй вуліцы мястэчка ціха ехала нейкае сумнае, мокрае вяселле. І ён, яўрэйскі хлапчук, раптам весела, смачна, так нечакана ледзь не закрычаў: «Без стуку, без груку, памчалі, як суку!» І вось як доўга гэта помніцца — з-за тое нечаканасці і ад самой пагаворкі, якую я тады пачуў упершыню.

*

Выпадковае, самавуцкае збіранне ведаў. Не толькі з кніг, якія б яны ні трапляліся, а нават з адрыўнога календара.

З яго мне помняцца словы Дастаеўскага пра тое, як пазнаваць чалавека па смеху: «Добра смяецца — добры чалавек». Праз мноства гадоў я іх з прыемнасцю сустрэў у «Падлетку».

Помню і словы Салтыкова-Шчадрына пра дружбу, з ёмкай, учэпістай фразай на старадаўні лад: «Нашед друга, держись его». Гэта яшчэ не сустрэлася мне ў яго кнігах.

Нават з «фанцікаў» у з'едзеных некім шакаладках «Atlas» была, так сказаць, духоўная ежа. На адной з такіх пругкіх, глянцавых укладачак я ўпершыню ў жыцці прачытаў пра значэнне Льва Талстога, па-польску, на адвароце яго маленькага барадатага партрэта.

«Вялікі рускі пісьменнік і рэлігійны філосаф. У творах сваіх выявіў разуменне чалавечай душы і цудоўны паказ прыроды».

*

Старая, затрапаная гадавая падшыўка дзіцячага часопіса «Маяк». Там — успаміны былога вучня Талстога, Dасі Марозава, пра паездку са Львом Мікалаевічам у Башкірыю, на кумыс. Там — раздзелы друкаванай з працягам вясёлай французскай аповесці пра дзівацтвы добрага «дядюшки Гурдебека». Адтуль, з нейкага верша, запомніў я толькі словы «перекати-поле», што ўразілі сваёй паэтычнай незвычайнасцю.

Як прыемна цяпер — свядома, узброенаму пэўным вопытам — дакранацца памяццю да тых выпадковасцей, знаходзіць сувязь з вялікім!..

Так мне прыемна было значна пазней даведацца, што «Іграка» Дастаеўскага, якога я ўпершыню і, відаць, ранавата чытаў на польскай мове, пераклаў не хто-небудзь іншы, а Ўладзіслаў Бранеўскі, адну з любімых кніжак школьнага маленства — «Сэрца» Амічыса — на польскую мову з італьянскай пераклала Марыя Канапніцкая, а на рускую сястра Леніна Ганна Ільінічна.