Выбрать главу

Так мне сёння было прыемна прачытаць добрыя словы пра той часопіс «Маяк», які рэдагаваў пісьменнік Гарбуноў-Пасадаў, даўно вядомы мне па перапісцы з Талстым і Чэхавым, чалавек ім блізкі, асабліва Льву Мікалаевічу.

*

У беднай хаце, на святочна засланым стале — гліняная міска малака з тварагом. Для госця. Ён пакуль што сядзіць у хаце адзін, бо гаспадар выйшаў на двор, а гаспадыня вось-вось увойдзе з кухні.

Раней за бацькоў у хату з двара ўвайшла дзяўчынка. З мноства, як госцю нядаўна здалося, іхніх дзяцей — адна дзяўчынка, трохі старэйшая, гадоў дзесяць-адзінаццаць. Прыгожанькая, апранутая неяк па-даросламу хораша: спаднічка, кофтачка, хусцінка «пад бараду». І разумная, як бываюць разумнымі дзеці, што гадуюцца пры разумных бацьках ці дзядах. Увайшоўшы, яна ўбачыла тую міску і не толькі, не проста здзівілася, падышоўшы, а ўзяла лыжку, сербанула з місы і, не сказаўшы, падумаўшы толькі з усмешкай: «Смачна!» — палажыла лыжку на стол.

Тут і беднасць, якая балюча расчульвае, і нявіннасць прыгожая, і, як нехта сказаў бы, проста «нявыхаванасць». І ўсё гэта са значэннем, і прыемна помніцца мне, госцю, вось ужо без года пяцьдзесят гадоў, з маіх, часамі няблізкіх паходаў — да яшчэ аднаго кнігалюба.

*

1920-1939 гады — які гастарычна кароткі перыяд! Так думаецца цяпер, так думалі ў свой час дарослыя. І толькі тыя, што тады пачыналі жыццё, што назіралі, вывучалі, любілі яго ў дробязях, маглі лічыць, што ў 1922-1927 гадах, калі мне было пяць — дзесяць гадоў, першая сусветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна былі не «зусім нядаўна», як лічылі дарослыя, а вельмі, вельмі даўно.

Гісторыкі здзіўляюцца, як дынамічна развіваліся палітычныя падзеі паміж першай і другой сусветнымі войнамі. А мы — спачатку ў шчасці маленства, а потым першай, дапрызыўнай маладосці — часцей за ўсё і не думалі пра тое, нават не падазравалі, што і захоплена гуляючы ў «чыжыка», і пазней, на дальніх подступах да таямніцаў кахання, сарамліва перабіраючы пальчыкі першай любімай,— што мы знаходзімся на планетна-вялізнай пукатасці парахавой бочкі...

*

Зноў вось, ужо не ўпершыню ўспомніў маму,— як яна цяжка, упарта ішла за санямі, усё далей і далей ззаду, калі мяне везлі на станцыю, у войска... Падлік свой успомніў,— што мне ўжо столькі цяпер, колькі ёй было ў тое халоднае, панурае прадвесне. Хоць я ўсё яшчэ як быццам і не лічу сябе старым.

*

Глінішчы.

У першых маіх, у загорскіх, што зараслі травой, мірна, казачна пагрызвалі траўку свінні ды падсвінакі, якіх мы пасвілі. А ў навейшых, не зялёных, з якіх бралі гліну, адна цётка зламала нагу. Капала, падкопвалася, пакуль на ногі ёй не абрынулася зверху многа гліны. Гэта страшна было і само па сабе, і таму яшчэ, што мужык гэтай бабы, дастаючы яе з-пад гліны, яшчэ і патузваў тую нагу, каб цётцы больш балела. Бо ён, казалі, хацеў пакінуць яе, пайсці да другое, у іншую вёску, што пасля і зрабіў, што было тады незвычайнай рэдкасцю.

А глінішчы, мірныя глінішчы ў бліжэйшым мястэчку, а тады і ў далейшым, большым, а пасля і ў далёкіх мястэчках ды гарадках розных куткоў Беларусі, дзе ў вайну стаялі фашысцкія гарнізоны ды гарнізончыкі, глінішчы тыя сталі... нават не скажаш «брацкімі магіламі». Бо там былі звалены ў страшэнным зганьбаванні голыя, акрываўленыя, адразу дабітыя, а то і не зусім дабітыя людзі. Трупы не толькі братоў, як прынята спрадвеку называць пакладзеных у адну магілу пабітых, парваных на часткі салдат, але ж і астанкі сясцёр, бабуляў, матак, дзяцей...

«На сметнік гісторыі»,— як гаварылі гітлераўцы, за што іх, далёка не ўсіх, потым паклікалі да адказнасці.

А ў ззелянелых, шчодра ззелянелых пад крывёю глінішчах павырасталі помнікі.

*

«Што ваш таварыш разбалбатаўся? Ешце вось ды ідзіце хутчэй, пакуль хто чужы не нагадзіўся!..»

Так гаварыла цётка ў першай для нас, уцекачоў-палонных, беларускай хаце. Гаварыла Патапу, адклікаўшы яго, пакуль я радасна, як сваім, расказваў мужчынам пра нашы ўцёкі. Хата была над возерам, навокал лес. Мужчыны штосьці сталярылі, удвух ці ўтрох, не памятаю. Патап падышоў да мяне, сказаў па-свойму пануравата: «Пайшлі», мы завіхнуліся з хлебам ды малаком, падзякавалі і пайшлі.

Успомніўшы гэта зноў, я даўгавата глядзеў карту Польшчы, шукаў тое, апошняе для нас, чыгуначнай станцыі ці паўстанка Шчэпкі, адкуль мы рушылі пехатой, і не знайшоў яе. Недзе паміж Сувалкамі і Аўгустовам ішлі мы, кіраваліся на Гродна...