Неяк уранні, калі я, як звычайна, пастукаўся да яго, з палаты пачулася жаночае: «Няможна. Трохі пачакайце». Чакаць прыйшлося даўгавата. Пасля адтуль выйшлі дзве ў белым. Адна, з пасудзінай і ахапкам бялізны, шмыганула па калідоры, другая спынілася перада мною. Павіталася з цёплым святлом спакою на прыемным абліччы, усёй паставай здалася мне чысценька белай.
— Вы з трыццаць пятай? Друг ваш цяжкі, але памаленьку ўсё будзе добра.
Пасля гэтых чыстых слоў пайшлі «нячыстыя», што зусім не здаліся такімі:
— Страўнік трэба было ачысціць. Столькі дзён...— Яна з дакорам пакруціла галавой.— Памыць яго трэба было, пасцель змяніць. Заходзьце.
З сябрам цуду, вядома, адразу не адбылося. Перада мною ён звычайна не лічыў патрэбным усміхацца, калі горка. А тут усміхнуўся сяк-так — чысты, у чыстай пасцелі — і скупа, але без натугі сказаў:
— Во чалавек... Прысядзь.
Можа, так яно і не вельмі тактоўна было, але праз тыдзень, калі мы ўжо збіраліся ад'язджаць, сябар, яшчэ ўсё лежачы, намогся, а я не змог не паслухаць, і — ад яго — прапанаваў ён грошай... У вестыбюлі, сам-насам. Сказаць, што жанчына надта здзівілася, не скажу: відаць, такое бывала ўжо неаднойчы. Сказала, праўда, «навошта гэта?», а я сказаў, што ён вельмі прасіў не пакрыўдзіць яго, прыняць. «Што ж...» Яна ўзяла тыя ружовыя купюрынкі, палажыла ў кішэню халата, і мы пастаялі, пагаварылі.
Я не памыліўся — яна тут новая, не толькі ў гэтым корпусе, а наогул у санаторыі. Дагэтуль працавала ў анкалагічнай бальніцы, за дваццаць год наглядзелася ўсяго. Муж на адказнай рабоце, сын ужо кандыдат. А пра сябе: «Ну, як сказаць? Проста сваю работу я люблю»..
На развітанне я працягнуў руку. Яна падала сваю — малую, цёплую і чыстую пасля ўсяго «нячыстага» і цяжкага, што ёй так часта, многа даводзілася і яшчэ давядзецца рабіць. Пацалаваўшы гэтую руку, я, каб схаваць шчаслівую збянтэжанасць, зманіў:
— І гэта па ягонай просьбе.
...Штосьці падобнае, трошкі падобнае я адчуваў і цяпер, седзячы перад «дзіва-жанчынай».
Калі яна пераставала таптаць ды чараваць рукамі і пыталася: «Што, адчуваеце палёгку?» — я, затаіўшы ўсмешку як найглыбей, гаварыў: «Ага, адчуваю». Так паўтаралася разоў са тры. А потым мы з гэтай светлай дзівачкай ціха, прыязна рассталіся. Я і падзякаваў, сказаўшы, што гэта — за дабрату.
Нешта такое ж сказалася пасля і добраму хлопцу, гаспадару.
Я выйшаў у прыхожую, а з другога пакоя ў той, дзе засталася жанчына, быў запрошаны наступны. Яшчэ адзін паважны таварыш, якога, дарэчы, раней не было. Наш агульны з гаспадаром знаёмы, ужо не толькі літаратар, але і вучоны, доктар ажно філасофскіх навук. З выгляду — дай бог кожнаму, але ж таксама з нейкай бядой ды з усмешкай, заўсёды ў яго поўнай веры ў бясхмарную бясконцасць, а цяпер — нібы крыху вінаватай, ці што, а больш дык такой, што і ён, разумеецца, трапіў сюды толькі з чыста прафесійнай цікаўнасці...
Успамінаю ўсё гэта, а маналог на лаўцы каля зялёнага плоціка яшчэ ўсё ідзе. І тэма тая самая — пра Чмута.
— ...Сустрэў я раз яго,— расказвае таварыш весела,— гадоў са тры таму назад, дык ён гэта, браце, ледзьве ўжо хвост валачэ. «А дзе ж гіпноз? — пытаюся.— Што ж ты сам сябе не палечыш?..» Толькі рукою махнуў. Толькі пратэсу, ліха яму, бяры ды ідзі... Стой, браце, гэта ўжо мой аўтобус!
Маналог абарваўся. Расказчык амаль усхапіўся, узяў вядро, яшчэ ўсё моцна паціснуў маю руку, спешна падаўся да аўтобуса. Хоць ён толькі што спыніўся і як быццам адразу дваімі дзвярмі ўздыхнуў, адчыніўся з духаты ўсярэдзіне — на свежасць на дварэ. Пасажыры выходзяць, хто назусім, а хто праветрыцца ды размяцца. Новых сабралася няшмат. Нам яшчэ можна было б і пастаяць, бо і аўтобус жа пастаіць. Аднак таварыш ведае, што і пра месца трэба загадзя... Сеў ды махае мне рукой. І на развітанне, і каб я ўжо ішоў сабе, на лавачку, чакаць свайго.
Ну што ж, бывай! Мо і сустрэнемся яшчэ. Без пратэсаў, на самагіпнозе, не стогнучы.
1983
Званок
На сустрэчы з выдатным артыстам яму задалі і такое пытанне:
«Ці адчуваеце вы цяжар сваёй вядомасці?»