Ці гэта праспект быў залішне шырокі, ці людзей прыйшло малавата, але — помніцца — аблямоўка асфальту выглядала з абодвух бакоў даволі вузкай, нават вузенькай.
Тым не менш, яго вялікасць, нярослы, чорненькі барадачок, стаяў у чорнай адкрытай машыне з усёй адпаведнай важнасцю, руку трымаючы пад казырок вайсковай шапкі з чырвоным аколышам.
Пакуль я бачыў яго анфас, пасля, адпаведна руху машыны, у профіль, паспела згадацца даўняе, з трыцаць пятага года. Як гэтае слова, "негус", упершыню тады пачутае, спалучалася з іншымі, таксама экзатычнымі: Эрытрэя, Адыграт, Адыс-Абеба і, як вянец усяму, Абісінія. Бедная Абісінія, першая ахвяра фашызму, першы намёк пра набліжэнне сусветнай бяды. Аднак i гэтая краіна, i сама вайна, як вайна для ўсіх, здаваліся тады вельмі i вельмі далёкімі ад нас...
Калі машына з негусам мінула нас, яго нярослая вялікасць ззаду ўбачылася мне... толькі шапкай. Вялікай шапкай з нейчай галавы, як у меншага брата, якому яе прыйшлося даношваць. Яна трымалася на вушах. Так i змалеў ён, імператар, на вачах, зацёрся ў перспективе — толькі вушы i завялікая шапка...
Іранскага шаха бачыў я дома, у Мінску. І, як ні дзіўна, аніяк не магу прыгадаць ні праезду гэтай вялікасці, ні выгляду яго, хоць i стаяў я вельмі зручна, на самым краёчку панелі. Усё для мяне абарвалася ў памяці на адным непрадбачаным, незвычайным здарэнні.
Праспект наш, відаць, не вузейшы за той, ленінградскі. Шырокай паласой ён віднеўся далёка ў абодва канцы,— туды, адкуль мы чакалі высокага госця, i туды, дзе ён знікне, куды яго гасцінна павязуць. Мусіць, таму, што мы ўсё-такі правінцыя i манархі з іншых краін нас абмінаюць, на тую сустрэчу народу сабралася процьма. Панелі былі забіты людзьмі, балконы, вокны, нават дахі — у людзях, усюды яны, як быццам ix i сапраўды чакае нейкая радасць.
Яна прыйшла. Раней за высокага госця.
Яшчэ брынела нячутна, у многіх сотнях душ, струной нацягнутая напружанасць чакання. Шырокі i даўжэзны, чысценькі ў летнім сонцы асфальт гатовы быў вось-вось прыняць i гладзенька панесці многія колы ўрачыстага картэжа... Але адтуль, адкуль чакаўся госць, паказаўся i стаў набліжацца да месца, дзе я стаяў, здаравенны рыжы кудлач, аблавухі, крывавата разлапісты, наланцужны гаўкала, прасцецкі рабачай. Адкуль узяўся? Дзе, з чаго сарваўся?.. З бакоў i зверху, ззаду i спераду яго падганяў тысячагалосы крык, смех i свіст,— уся напружанасць чакання вылілася на яго. I не было куды падзецца. Бедны дварняга лупіў наперад, як сіла мага, a натоўп, умомант стаўшы адным, агромністым, бяздумным блазнам, галёкаў i рагатаў!..
Ды тут якраз недзе далека там, адкуль Кудлач той вырваўся, паказаўся пачатак урачыстага картэжа. А перад Кудлачом, адрэзаўшы громам бліскучай медзі дарогу далей, грымнуў маршам ваенны аркестр... Сабака рэзка тармазнуў, як перад прорвай, ушчэнт спалохана-разгубленанявінна сеў i моўчкі, мудра апрастаўся. На самым чыстым урачыстым месцы.
І толькі гэта мне апалітычна помніцца праз гром i рогат.
1984
Абы на здароўе
Былы партыйны работнік, таварыш салідны і прыемны, інвалід вайны. Разумна, весела расказваў у вагоне, як ён калісьці прысутнічаў на адным пасяджэнні прэзідыума Акадэміі навук. Слухалася сельскагаспадарчае пытанне. Таму, што самога прэзідэнта не было, пасяджэнне вёў віцэ-прэзідэнт, Якуб Колас. Свінагадоўля разглядалася і здалёк і зблізку, і вырашана было, нарэшце, што каб падняць яе, неабходна мець больш заатэхнікаў.
Тады слова ўзяў віцэ-прэзідэнт.
— Калі я быў, таварышы, малы,— сказаў ён,— дык бацька часам браў мяне на кірмаш, у Стоўбцы або ў Нясвіж. Купляў ён там парася,
а мама выкормлівала з яго вепрука - пудоў на дзесяць — пятнаццаць. Спачатку на зеллі, потым на вобмешцы. Умела яна іх карміць. Свінням, таварышы, трэба не многа заатэхнікаў, а добры харч.
*
Стары ўдавец ажаніўся, а малога суседняга хлопчыка мужчыны паслалі спытацца: «Дзеду, няўжо вы яшчэ можаце?» Завучыў тыя словы, патэпаў. Дзед не прагнаў малога, не паўшчуваў. «Пайдзі ты, хлопчык,— сказаў ён,— ды перадай тым дзядзькам, якія цябе паслалі, што справа не толькі ў гэтым. Так і скажы: справа не толькі ў гэтым.»
Таму малому цяпер семдзесят сёмы. Настаўнік на пенсіі. Успамінае і добра, разумна смяецца.
*
Цяпер кажуць арганіка, але старэйшыя людзі называюць яе, тую арганіку, проста, як і зямлю, адным спрадвечным ды прывычным словам.