Выбрать главу

...Камбат забіты, а вышыня не ўзята. Пасланы быў капітан Міско, тады ўжо штабны афіцэр. За тую вышыню, узятую, у яго Чырвоны Сцяг, першы сярод пяці баявых ордэнаў. Ён не насіў іх, падмацаваўшы мноствам франтавых і працоўных медалёў, і не расказваў лішне, так сабе аднойчы адказаў на маё пытанне.

Стрыманага, карэктнага, я двойчы не бачыў яго, на жаль, у выбуху справядлівага абурэння. Аня расказвала, як яны ехалі загарадным аўтобусам і нейкі малады хамула, нічога не баючыся, нікога не паважаючы, брыдка лаяўся пры дзецях, пры жанчынах, і ніхто яму нічога не асмельваўся сказаць. Якуб падышоў да яго, папрасіў быць культурным, а той тады — на яго. Падумаеш, «ачкарык», ін-ці-лі-генцыя!.. Якуб надышоў да шафёра, папрасіў яго спыніцца і адчыніць дзверы. Ашаламіў таго здаравілу, схапіўшы за каршэнь і, крутануўшы, за порткі ззаду, датарабаніў да дзвярэй і шугануў на асфальт... Другі выпадак, пра які ўжо ён расказваў мне сам, адбыўся на працы. Адзін падкапай з даваенным стажам сказаў на спакойнага, паважанага ў калектыве таварыша: «Падумаеш, ты ваяваў! Мы яшчэ паглядзім, дзе ты гэтыя свае ордэны ды медалькі браў!..» Тут у работу пайшло першае, што трапіла пад руку — рэдакцыйнае крэсла, якое франтавік схапіў і ўскінуў, каб апусціць. «Таварышы, дзякуй ім, не далі...» Капцюх той, вядома, напісаў у славутае «куды трэба». Якуб пайшоў на выклік з поўнай гатоўнасцю панесці пакаранне, але той, ад каго яно залежала, выслухаўшы яго, з усмешкай разумення, што асабліва дарэчы бывае на вуснах высокаадказнага чалавека, сказаў толькі: «А нервавацца ўсё-такі лішне не трэба...»

Былі таксама два зрывы ў глыбокі смутак адчаю, адзін з якіх я бачыў, калі памерла Анечка і ён, здавалася б, ужо так прызвычаены да гэтай немінучасці за тры гады невылечнай хваробы, сеў, дзе стаяў, у куток, і затузаўся ў глухіх мужчынскіх рыданнях. Пра іншы зрыў расказвала мне Аня, з просьбай не выдаць яе. Гэта калі ён атрымаў пасмяротную рэабілітацыю на бацьку і брата і таксама, упаўшы ніцма на падлогу, доўга плакаў...

3

Тое, з чаго пачалося маё слова пра сябра, першы раздзел, напісана было роўна праз месяц пасля Якубавай смерці; тым раздзелам, у першым яго варыянце, я адкрыў кнігу «Маё маўклівае сэрца». І раней, у розныя гады, я сёе-тое пісаў пра Якуба, скажам, у нарысах пра Адамовіча, Шырму, у некаторых артыкулах і лірычных нататках. Т ўсё, што было сказана, здавалася і дагэтуль здаецца яшчэ і яшчэ не ўсім, што можна і трэба сказаць пра гэтага, няхай нягучнага, але ж сапраўднага чалавека. Аднаго з тых, хто і сам зрабіў нямала, а яшчэ больш — дапамагаючы іншым, дабратворна і безымянна растварыўшыся ў справах і меншых, і большых, і самых вялікіх, агульнанародных.

Блізу праз год пасля яго адыходу, адзін над Нёманам, заглядзеўшыся на барвовы, магутны, цудоўны і сумнаваты захад жнівеньскага сонца, я прыгадаў Якуба,— адчуў адзіноту і ўдзячнасць яшчэ раз...

Летась у маі, ідучы зялёна, весела амаладзелым, зноў жа наднёманскім лугам утрох з мясцовым сябрам з партызанскіх дзён і з яго знаёмым, на шмат маладзейшым за нас, мы пабрылі на лугавую азярыначку. Падоўжную і поўную, як вока, з вейкамі аеру. Яна была ўжо даволі густа расквечана жоўтымі гарлачыкамі і раскошна белымі «гускамі», як называюць у нас гарлачыкі белыя. Загаварылі пра тое, што «гускі» нанач стульваюцца пялёсткамі, каб уранні зноў распусціцца, а жоўтыя гарлачыкі так і жывуць адкрыта днём і ноччу. «Гэтым няма чаго асабліва хаваць»,— сказаў наш маладзейшы. Мы са старэйшым сябрам усміхнуліся. Аднак гэта было ў мяне не ўсё у параўнанні красы сціплейшай і больш раскошнай...

Мне прыгадалася, як два гады раней, каля гэтай жа азярыначкі, нібы затоенай на зялёнай прасторы, ішлі мы таксама ўтрох, але ў іншым складзе,— з Якубам і нашым агульным другам. Таксама пастаялі, палюбаваліся — і белымі, і жоўтымі. А потым найстарэйшы з нас, ужо сямідзесяцігадовы Якуб, нечакана, нага аб нагу, скінуў выступкі, вылузаўся са спартыўных портак і палез у ваду. Пачаў лавіць і зрываць тыя раскошна белыя, якім так дарэчы было б заставацца ў іхнім зацішным «дома».