І гарадская ўжо, і яшчэ вясковая,— толькі як госця, на грунтоўным бацькоўскім падмацунку.
*
«Што гэтая ваша паэзія — адна пустата. Вось матэматыка — гэта навука, гэта апора, гэта жыццё!»
Прыблізна так, часта і аднастайна марочыў мне галаву зямляк, малодшы брат майго друга, пасляваенны студэнт матфака.
Неяк ён плаваў з двума сябрамі і дзяўчынай, якая яму «падабалася», па возеры, у адной лодцы, і дзяўчына ўтапілася. Развесяліліся надта, перавярнуліся і трэба ж — адна яна не даплыла да берага.
Калі яе неслі хаваць, ён не пасмеў быць там, дзе ўсе. Пачуўшы з акна інтэрната апошнюю музыку, ён кінуўся з чацвёртага паверха ўніз галавой.
Ох, матэматыка...
*
Руплівы сын руплівага бацькі. І жоначка руплівая. Паставілі добрую хату, што і знадворку, і ў сярэдзіне «як гарадская». А жыць у гэтай выгодзе няма каму. Сын штосьці сярэдняе закончыў, кудысьці паехаў, яшчэ халасты. Дачка таксама штосьці не большае закончыла, паехала, там выйшла замуж, нарадзіць збіраецца. Жывуць на прыватнай кватэры, стоячы ў доўгай чарзе «на кааператыў». А ў бацькоў — за вялікімі, светлымі вокнамі — такое добрае жыта, такі раскошны сад!..
— Што ж гэта будзе далей з нашым сельскім хадзяйствам? — уздыхае чалавек.— Да чаго гэта дойдзе, да якога развалу? Усю маладзёж павывучвалі, каб хваліцца, відаць, што ў нас усе вучоныя, а хлеб рабіць адвучылі...
*
У мясцовым аўтобусе поўна і. перапоўнена. Лета, жніво, а людзі валочацца. Гэта — сказаўшы па-сялянску, па-даўнейшаму, бо сёння пішуць і кажуць інакш: міграцыя, урбанізацыя, энтээр... Моладзь, сталыя людзі, дзеці, старыя, зусім старэнькія. Хто бяззубы, хто з устаўнымі. Дзед, якому аж страшна зазірнуць у твар пад старою кепкай, і бабуля, як смерць, з высокай, крываватай кульбай.
Другі дзед, у кампаніі з маладым мужчынам, ці не падвыпіўшы трохі, павярнуўся з пярэдняга сядзення, пагаварыў з дзяўчынкай, што сядзела на каленях у чужой бабулі, бо маці малое стаяла на цесным праходзе, а тады даў ёй карамельку ў стракатай паперцы. І дзяўчынка, нібы на радасць усім нам, хто быў бліжэй да яе, засмяялася, вылузала цукерку і пачала яе весела адкусваць і жаваць. Другую дзяўчынку, трохі большую і з авоськай купленага ў райцэнтры, запрасіла прысесці трэцяй на двухмесным сядзенні інтэлігентнага выгляду маладзіца. Малая хутка заснула, прытуліўшыся да чужое цёці.
А над імі, узяўшыся за папярэчыну сядзення, стаяў бацька дзяўчынкі, чыста апрануты, але з плюгавым выглядам, з нейкімі рэшткамі закусі на падбародку. Трохі кашляў, больш лаяўся, як быццам ціха. Потым, калі на чарговым прыпынку з канца аўтобуса сюды наблізілася маці малое, яго жонка, ён пачаў яе лаяць ледзь не зусім уголас.
П'яны — пасярод яснага дня. Якой «вучонасцю» апраўдаеш такую, трэба сказаць, вельмі нярэдкую з'яву?
І трэба жыць з такім, у такой — таксама вучонасць — эмансіпацыі, пры бацьку такім гадавацца!
*
Спёка. А большасць былых партызан — на мітынгу каля помніка ў пасялковым скверы — стаіць не ў цяньку. Усе, вядома, без шапак.
У аднаго з іх, незнаёмага мне, з суседняй брыгады, на вялікай бліскучай лысіне, як нейкі несамавіты ордэн, знак вайны — сцішнаватая ямка ў чэрапе.
Успомнілася з юнацтва:
Таксама незнаёмы чалавек, дзядзька з далейшай вёскі, з якім я ехаў з лесу, расказваў пра вайну японскую. Ён сядзеў на дровах, я ішоў побач з яго саньмі. А потым ён, зняўшы зімовую шапку, прыгнуўшыся, паказаў мне над лобам ямку — ад штыха, зацягнутую скуркай, падобную на конскую над вокам.
Тая ямка была пад шапкай, у валасах — яна не крычала, як гэтая.
*
Спяваць яшчэ можна было пад ракітаю зялёнай, а пад ракетаю не заспяваеш...
*
Сціплы насценны гадзіннік у маім рабочым пакоі.
Маладзейшы сябар, крыху залішне экзальтаваны мастак, аднойчы не вытрываў:
— Здымі ты гэтую дрэнь! Дырэктар арцелі, а не пісьменнік!..
Два іншыя сябры, старэйшыя за мяне, былы франтавік і былы партызан, якія падарылі мне гэты гадзіннік да круглага дня нараджэння, зноў вось зайшлі. Рэдкія госці, жаданыя. Сядзім, гаворым, а ён над намі, нібы нечакана, азваўся, забомкаў.