Коней у сялян куплялі не толькі іншыя сяляне, не толькі гандляры далейшыя, гуртаўшчыкі,— таксама і купцы вайсковыя, раманцёры. Цэны ў гэтых былі шалёныя: здатныя ў кавалерыю кабыліца ці конь каштавалі ў тры разы даражэй за гаспадарскіх, артылерыйскія — у два разы, нават абозныя і то разоў у паўтара. Адбор быў вельмі строгі, аднак рызыкавалі многія і некаторым шанцавала. А князь, у якога быў не толькі гістарычны замак, але і некалькі буйных маёнткаў, бліжэй і далей навокал Міра, у цэнтральным маёнтку, побач з замкам, трымаў конны завод. Жарабцы былі розных народ, ад арабскага ці англійскага «панічоў» да дзябёлых ардэнаў, «шведаў» і краёвых цягачоў, якіх найбольш паважалі сталыя, нялёгкія на рызыку гаспадары. Калі ўжо той прыплод і не пройдзе ў высокія цэны, для войска, дык ці сабе, ці на продаж выгадуецца нешта надзейнае ў плузе ды ў возе. Князь князем, а яшчэ ж трымалі жарабцоў і багацейшыя сяляне, і слава пра таго ці іншага стаенніка ішла далёка;, руплівыя дзядзькі не ленаваліся весці кабылу кіламетраў за дзесяць, пятнаццаць, а то і больш, з начлегам у той вёсцы.
Я гатоў папрасіць прабачэння ў журботнай памяці мноства бядняцкіх або нядбальскіх коней ды каняжын — заезджаных, недакормленых, абхвастаных вузлаватымі пугамі, абабітых па сухарэбрыцы, па кантовым крыжы кіямі, клышаногіх ад заўчаснай працы, з дыхавіцай, з макрацом, напаўсляпых і сляпых пакутніц ды пакутнікаў, але... Але і спраўных, дагледжаных коней было тады шмат. І не толькі ў маёнтках, маёнтачках і ў багацейшых сялян. Каторы і небагаты гаспадар, а кабылу сваю так «пяленгуе», што аж равок у яе на спіне, і пугай над ёю ні разу не лясне, а толькі ўсё ласкай ды памаленьку.
Я быў падлеткам, а наш Васіль добра ўжо браўся на гаспадара. Маці яшчэ толькі сеяць яму не давала, святую гэтую работу з урачыстай важнасцю робячы сама. Я ж быў у гаспадарцы яшчэ ўсё «на падхопе», больш каля дому, маме памагаў, і толькі як вазілі гной, у касавіцу, на жніве, на бульбе і мяне выводзілі ў поле. Тады ўжо і я авалодваў канём па-сталаму, амаль як паўнапраўны гаспадар,— ва ўсякім выпадку, так мне, падлетку, здавалася.
У нас тады быў не які-небудзь конь, а гладкая, быстрая кабыліца.
І ў сувязі з ёю помняцца два выпадкі.
Завёз я ў поле воз гною і вяртаўся праз суседаў двор, насупраць нашага. І не сядзеў, як трэба, на возе, адклаўшы адну, збітую з дошак, восланку сухім, знешнім бокам наверх, спусціўшы босыя ногі паміж пярэднім і заднім левымі коламі. Я фанабэрыста кленчыў ззаду, нават пасвістваў весела і не заўважыў, што ніжняя восланка пад маімі каленьмі на ямках пасоўваецца наперад і вось-вось дастане кабыле па задніх нагах. Так і сталася, калі я з нашага поля, праз лагчыну-выбоіну загуменнай дарогі сігануў возам на суседава прыгуменне. Кабыла ўпудзілася. Такое тады здаралася часта — коні пудзіліся найбольш ад вельмі рэдкіх аўтамашын па гасцінцы, дый так сабе ад якога страху, і гэта было так цікава, так страшна для нас, вясковых дзяцей. Я быў ужо не дзіця, я намагаўся стрымаць яе лейцамі, упяўшыся назад, ад чаго тая ніжняя восланка яшчэ больш даставала кабыле да ног. Мы ляцелі па прыгуменні, па агародняй дарозе і па дварэ так шалена, што я не паспеў і спалохацца. Убачыў толькі, як сусед, бравы дзядзька Раман, то махаў перад сабою нейкай ламачынай, то кінуўся да варот, паспеў зачыніць адну палавіну, а сам махнуўся ўбок, да сцяны. Кабыла шухнула ў вузкую, палавінную пройму варот, прарвалася з перадком, зад воза зачапіўся правым колам за шула, адарваўся і паляцеў налева, а я — направа. Потырч упаў на цвёрды дол ужо не гразкай вуліцы і — першы раз у жыцці — як быццам самлеў.
«Як быццам» — таму, што я памятаў і яшчэ памятаю — тады непасрэдна, а сёння з даўно па-бацькоўску сталай адлегласці,— як я ляжаў на зямлі, як мяне прытомніла наша суровая, сухаватая маці. Яна кленчыла побач, паднімала мяне аберуч пад галаву і плечы, цалавала і плакала:
— Міша, сыночак, не трэба! Не трэ-ба!
А я, здаецца, усміхаўся, пачынаў усё разумець, мне было добра, я быў шчаслівы ад такой, яшчэ дзіцячай, радасці. Тады было так, а сёння гэта бачыцца мне не проста расчулена па-старэчы — я цяпер тое «не трэба» чую і разумею інакш...
Такім было развітанне з маленствам.
Другі выпадак.
Васіль наш захварэў, не ўставаў ужо чацвёрты дзень. І вось я сам ужо, як гаспадар, вадзіў кабылу да жарабца. У князёў двор.
Мы ўжо адтуль вяртаемся. Я сяджу на возе, перада мною, збоку, ляжыць непатрэбная пуга. А кабыліца, прыкметна паспакайнелая, то тупае спраўнай, спорнай ступою, то лёгка, імкліва рысіць, толькі крані ляйчынай ці цмокні, а то і самахоць, асабліва як з горачкі. Яшчэ і папырхвае весела.