1983
Рэчкі
У любым месцы на Зямлі і на карце яе можа спыніцца пані Гісторыя, любую рэчку зробіць надоўга ці на нейкі час гістарычнай.
У адной з іх быў ахрышчаны Ісус, Ешуа бен Марыям, для адных сын божы і сам бог, для другіх — легенда. А ўсё ж імя гэтае, то верай, то мастацтвам звязана з невялікай палесцінскай рэчкай вось ужо хутка два тысячагоддзі.
На берагах другой, яшчэ меншай, дзевяць стагоддзяў таму назад, як сведчыць магутны ўсходнеславянскі эпас, адшумела адна з крывавай безлічы чалавечых бітваў, дзе галовы, як снапы па таку, малаціліся сталёвымі цапамі, а душу ад цела адвейвалі, як мякіну.
Першая рэчка жыве і цяпер. Іардан. Над ёю цяпер неспакойна...
Другая, Няміга, пайшла пад зямлю, жыць засталася толькі ў слове ды ў назве адной з мінскіх вуліц.
Рэчка, якую я ў маленстве пазнаваў ад саменькага нізу, ад самай яе сутнасці, ад той красы, якую можа, здольная бачыць толькі дзіцячая душа, рэчка гэтая — Буша — тады здавалася ракой, шырокай ды глыбокай. Недзе далей быў, тады яшчэ не вядомы мне, Нёман, у які наша мілая Вуша ўпадала. А ў Вушу ўпадала зусім ужо маленькая, звілістая і аброслая кустамі Міранка, да якое я, уброд цераз Вушу, зрабіў калісьці вялікае, незабыўнае падарожжа. З братам, ужо дзецюком, старэйшым за мяне на цэлых сем гадоў. Ён там, пад берагамі, у падрэзах ды ў норах, лавіў рукамі плотак і нават ментузоў, выкідаў мне на бераг, у высокую траву, а я захоплена падбіраў іх у торбу.
Трэцяй рэчкай майго маленства была Сервач, якую я бачыў некалькі разоў толькі зверху, з воза, калі мы ехалі ў госці да маёй сястры, амаль неверагоднай, бо старэйшай ажно на дваццаць тры гады.
На гэтай рэчцы, таксама прытоку Нёмана, у першую сусветную вайну пані Гісторыя спынілася была больш як на два гады. Быстрая, звілістая Сервач цякла тады — у зеляніне заліўных лугоў або пад лёдам — паміж двух магутных франтоў, нямецкім і рускім, з іх артылерыяй, кулямётамі і штыхамі, з іх акопамі, бліндажамі, калючым дротам...
Сервач не стала для ўсяго свету Іарданам. Нават Нямігай не стала ў літаратуры. Вядомасць яе была часовай і засталася мясцовай. Але ж «у кроплі расы»... Многа можна і пра яе расказаць. Нават не быўшы там тады, у яе гістарычны час, з таго ці з іншага берага дурной чалавечай нянавісці. А колькі ж пайшло ў нябыт!.. Як і з-над іншых рэчак.
Вось я якраз прачытаў у газеце пра аднаго з герояў Вялікай Айчыннай вайны — генерала Яна Фогеля, латыша з чырвоных стралкоў, які ў незабыўным, і для мяне незабыўным ліпені сорак чацвёртага года кіраваў «над Серваччу ў Карэліцкім раёне» боем, выйграў яго, але сам быў смяротна паранены і пахаваны яшчэ далей на захад, у раённым Дзятлаве, дзе ўжо ягонай памяццю заняўся дырэктар добрага краязнаўчага музея, мой друг, заслужаны настаўнік Міхась Петрыкевіч.
Па-за тэмаю гэтага роздуму над газетнай старонкай хочацца яшчэ сказаць, што проста ў маім жыцці, у маёй працы пісьменніка Сервач была яшчэ і «Быстранкай» — паміж крынскім старым млыном і калядзінскім сонечным Нёманам...
1978
Конь
Пажылая санаторная медсястра, што молада, дабрадушна смяецца, расказвала ўчора, як яна ў вайну, дзяўчом, крала ад іхняй каровы траву і карміла салдацкага каня, што паваліўся, зняможаны, за апошнім домікам іх ускраіннай вуліцы, калі нашы адступалі ў горы.
Спачатку конь еў лежачы, а потым дзяўчынка прыйшла і радасна здзівілася, што ён устаў і жуе ўжо стоячы. А на наступны дзень ён пайшоў следам за ёю, хоць і не клікала, да іх дахаты. І маці тады, нарэшце, даведалася, куды яе малая ўсё бегала і не прызнавалася, колькі ў яе ні пытайся.
— А немцаў тут, у Сочы, не было. Толькі бой быў у гарах і потым па рацэ плылі трупы. Нашы і іхнія...
Пазней таго каня забралі чырвонаармейцы, ужо наступаючы. І яна, малая, так плакала, што камандзір сказаў: «Не рад, што і бяру яго!..»
Ужо тым часам цешча і бабуля, а кажа, што каня яе, відаць, забілі, бо каб жывы застаўся, дык прыбег бы да яе.
І гэтая яе «дзіцячасць» добра спалучаецца з вясёлым, чыстым смехам.
А жылося нялёгка, пакінутай мужам з двойкай малых дзяцей.
1978
Пераправа
Цяпер тут проста брод. Каровы на той бок перапраўляюцца то брыдучы, то крыху плывучы, калі вада пабольшае. A дзеці з пасёлка, калі ідуць ix сустракаць апоўдні i ўвечары, спрытна i весела карыстаюцца "чайкай".
— Дзед, баба сказала, каб ты сісазаў, ці можна мне з Інкай паехаць у лодцы па іхнюю Кветку„ Дзед, мы з Інкай будзем у лодцы плысці, а кароўка сама. Гэтак во носік наставіць. Я бачыла!..